Вы тут

Жыльцы дамоў у глыбінцы пераплачвалі за прыборку ў пад'ездах


Жыльцы дамоў у глыбінцы пераплачвалі за прыборку ў пад'ездах. Гэта і высветлілі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.


Як растлумачыў «Звяздзе» начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі камітэта Вадзім ВАЛОВІЧ, мінская фірма выйграла конкурс на навядзенне парадку і падтрыманне чысціні ў шматпавярховіках. Трэба было гэта рабіць прыблізна ў 145 дамах у Паставах, дзе жыве каля 10 тысяч чалавек. Між іншым, гэта прыкладна палова насельніцтва горада.

У якасці арганізатара конкурсу і потым заказчыка паслугі выступала УП ЖКГ Пастаўскага раёна. Гэтая арганізацыя з'яўляецца ўпаўнаважанай па кіраванні нерухомасцю сумесных домаўладанняў.

Па ўмовах тэндара кошт заказу на санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў плошчай 32,2 тысячы квадратных метраў склаў 58,9 тысячы рублёў. Значыць, цана прыборкі за «квадрат» павінна была складаць 0,1525 рубля ў месяц.

— Але ж па ўмовах дагавора кошт паслуг вызначаны зыходзячы з колькасці грамадзян. Для іх прыняты гранічна дапушчальны тарыф на паслугу пры адсутнасці адпаведнага эканамічнага абгрунтавання. І гэта прывяло да пераплаты ў першым квартале бягучага года ў памеры 4,2 тысячы рублёў, — працягвае суразмоўца.

Падчас ажыццяўлення кантрольных мерапрыемстваў таксама высветлілі, што дагаворам была замацавана перыядычнасць работ меншая, чым прадугледжана заканадаўствам (пастанова Мінжылкамгаса ад 03.12.2010 № 25). Сухую прыборку трэба рабіць штодня, а ў дамове было падпісана — не радзей за два разы на тыдзень; вільготная прыборка — не радзей за два разы на месяц (замест штотыднёвай).

Пры гэтым акты аказання паслуг фактычна падпісваліся ў аднаго з жыльцоў, а не прымаліся заказчыкам.

Камітэтам дзяржкантролю прапанавана УП ЖКГ Пастаўскага раёна прывесці дагавор у адпаведнасць з умовамі конкурсу па цане і парадку прыёму і кантролю выкананых работ. Таксама патрабуецца было зрабіць пераразлік аплаты.

Старшыні райвыканкама прапанавана забяспечыць прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб з ЖКГ аж да звальнення. З вінаватых — спагнаць лішак выплачаных сродкаў за фактычна не аказаныя паслугі.

Як падкрэслілі ў кантралюючым ведамстве, у мэтах папярэджання аналагічных недахопаў і парушэнняў у іншых рэгіёнах Віцебскаму аблвыканкаму прапанавана забяспечыць вывучэнне сітуацыі ў цэлым па вобласці.

Дарэчы, паводле інфармацыі аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама, на пачатак ліпеня на прамую тэлефонную лінію найбольш часта звяртаюцца па пытаннях ЖКГ, жыллёвага фонду. У першым паўгоддзі гэтага года такіх было 130, або 44 % з усіх 295 «сігналаў» ад заяўнікаў. Для параўнання, на другім месцы праблемы, звязаныя з дарогамі, — 10 % зваротаў.

Праінфарміраваў дзяржкантроль аб выніках кантрольных мерапрыемстваў Міністэрства ЖКГ. Таксама ўнесены прапановы па карэкціроўцы існуючага заканадаўства.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.