Вы тут

Як камунальнікі Міншчыны ўдасканальваюць свае паслугі


Як працуе жыллёва-камунальная гаспадарка цэнтральнага рэгіёна, што выконваецца, а што не, і што робіцца, каб палепшыць становішча — гэтыя і іншыя пытанні прааналізавалі падчас пасяджэння Мінаблвыканкама.


У межах Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады Мінскі абласны Савет дэпутатаў зацвердзіў рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў.

— Фінансаванне іх ажыццяўляецца рытмічна: за першае паўгоддзе 2019 года накіравана 130,5 мільёна рублёў з бюджэту. Разам з тым з дванаццаці паказчыкаў выкананы сем. У Дзяржынскім, Салігорскім, Чэрвеньскім раёнах не рэалізавана па шэсць запланаваных пунктаў, у астатніх раёнах — па два-тры. Чаму? Справа ў абыякавасці ці ў нечым іншым? — звярнуўся да прысутных старшыня Мінаблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА.

— Вельмі актуальнае пытанне — забеспячэнне жыхароў Міншчыны якаснай пітной вадой. За першы квартал 2019-га пры заданні 91,3 % фактычны паказчык склаў 90,8 %. Але да канца года плануем пабудаваць 40 станцый абезжалезвання ў пятнаццаці раёнах вобласці, што дазволіць палепшыць сітуацыю. Для гэтага прымаюцца неабходныя захады: распрацаваны мерапрыемствы, графікі ўводу ў дзеянне аб'ектаў, — запэўніў начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама Аляксандр ЯХНАВЕЦ. — Што датычыцца замены водаправодных і каналізацыйных сетак, то ў першым паўгоддзі ў некаторых раёнах работы вяліся нізкімі тэмпамі, а ў асобных да іх наогул не прыступалі. Прычына — у зрыве тэрмінаў распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі.

Вядома, любы спажывец хоча атрымліваць якасныя паслугі ЖКГ па прымальных цэнах. Мінскай вобласці даведзена заданне па зніжэнні затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг у 2019 годзе ў памеры 12,02 мільёна рублёў, у тым ліку ў першым паўгоддзі — 6,11 мільёна. За студзень—ліпень эканомія склала 6,5 мільёна рублёў, або 105,9 % ад паўгадавога задання. У далейшым плануецца штогод зніжаць гэты паказчык за кошт устанаўлення планава-разліковых цэн, змяншэння неабгрунтаваных расходаў, вытворчых затрат, аптымізацыі штатаў супрацоўнікаў, патанення электраэнергіі.

Яшчэ адно актуальнае пытанне для Міншчыны — ачышчальныя збудаванні. Іх узвядзенне плануецца ў Заслаўі, Смалявічах, Салігорску ў межах праекта «Павышэнне эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг». Фінансаванне будзе ажыццяўляцца за кошт пазыковых сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Ачышчальныя каналізацыйныя камунікацыі ў Фаніпалі, Клецку і Любані мяркуецца ўладкаваць у 2020—2025 гадах за кошт крэдытных рэсурсаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Акрамя таго, у цэнтральным рэгіёне запланаваны пуск шасці энергакрыніц на мясцовых відах паліва. Два аб'екты ўжо ўведзены ў дзеянне — у пасёлку Зялёны Бор Смалявіцкага раёна і ў вёсцы Лугавая Слабада Мінскага.

У вобласці пераймаюць усё найлепшае, новае ў сваіх калег. Напрыклад, цяпер на Міншчыне выбіраюць выканаўцаў работ і паслуг на канкурэнтнай аснове, як у сталіцы, з улікам рэгіянальных асаблівасцяў і эканамічнай мэтазгоднасці. Тут стварылі службы заказчыкаў паслуг ЖКГ. На першапачатковым этапе такія структуры з'явіліся ў гарадах, дзе пражывае 100 тысяч і больш чалавек. Напрыклад, у Салігорску. Затым — у Жодзіне, Барысаўскім, Маладзечанскім і Слуцкім раёнах. Яны кантралююць якасць і працэс аказання асноўных і дадатковых паслуг жыллёвымі і эксплуатуючымі арганізацыямі, цякучы і капітальны рамонт жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне тэрыторый. У далейшым на базе існуючых структур плануецца стварыць міжрэгіянальныя дзяржаўныя службы заказчыкаў.

Станоўча паўплывала на сітуацыю ў сферы ЖКГ увядзенне адзінай дыспетчарскай службы.

— Грамадзяне могуць патэлефанаваць на кароткі нумар 115 са сваёй праблемай, заяўку зарэгіструюць дыспетчары, унясуць даныя ў праграмную базу. І чалавека абавязкова праінфармуюць аб выніках, — адзначыў Аляксандр Яхнавец. — Раней здаралася, што звароты маглі не зафіксаваць, забыць пра іх. Цяпер наладжана дакладная сістэма, пры якой такое выключана.

— У вобласці таксама працягваецца планамерная работа па замене ліфтавага абсталявання паводле ўказа кіраўніка дзяржавы, — канстатаваў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «ЖКГ Мінскай вобласці» Васіль ШАШОК. — У канцы 2018-га назіралася пэўнае адставанне. За першае паўгоддзе планавалася ўстанавіць 141 адзінку новага абсталявання, але заменена толькі 126 зношаных пад'ёмнікаў. Цяпер усё ідзе ў штатным рэжыме. Праўда, у розных раёнах праблему вырашаюць па-рознаму. У Маладзечанскім і Слуцкім заданні перавыкананы. Салігорскі, Вілейскі і Пухавіцкі адстаюць.

Разам з тым Васіль Шашок запэўніў, што ў трэцім квартале камунальнікі выйдуць на прагнозныя паказчыкі і да канца года заменяць 230 ліфтаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Адзіны нумар 115 і службы заказчыкаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».