Вы тут

Чым вабіць дзяўчат суровая міліцэйская рамантыка?


Святочныя канфеці, запушчаны ў неба пагон з паветраных шароў, падкінутыя па традыцыі ўгору манеткі ў спадзяванні на бліскучую кар'еру — для 118 выпускнікоў Магілёўскага інстытута МУС, якія развіталіся сёлета са сваёй альма-матар і папоўнілі міліцэйскія падраздзяленні краіны, выпускны дзень запомніцца назаўсёды.


Адметным стала тое, што сярод выпускнікоў было як ніколі шмат дзяўчат. Нараўне з хлопцамі лейтэнанцкія пагоны атрымалі 24 прадстаўніцы слабага полу. Як жа цудоўна яны выглядалі, калі з неверагоднай грацыёзнасцю крочылі па пляцы! Замест міліцэйскіх фуражак — стыльныя капялюшыкі, на нагах туфлі-лодачкі, элегантны кіцель па фігуры з пышным аксельбантам — што там казаць, прыгажуням вельмі пасуе парадная форма. Але ж гэта, напэўна, не самая галоўная з прычын, па якіх яны выбралі сілавое ведамства. Дарэчы, чатыры дзяўчыны — Аліна Грабко, Ангеліна Казлова, Аліна Сцяблова і Ірына Танюк — атрымалі дыпломы з адзнакай, а дзве з іх яшчэ і залатыя медалі. І гэта вельмі высокі вынік.

Магілёўская ВНУ лічыцца адной з наймацнейшых кузняў міліцэйскіх кадраў. Тут ідзе падрыхтоўка спецыялістаў юрыдычнага кірунку, прызваных абараняць інтарэсы грамадскасці. А ў гэтым не павінна быць фармалізму, таму курсанты не абмяжоўваюцца вывучэннем юрыдычных правілаў і законаў, яны ўвесь час у творчасці. З першага ж года навучання іх прыцягваюць да даследчай і навуковай дзейнасці. Як вынік — высокія адзнакі і перамогі ў розных конкурсах.

Аліна Грабко летась стала другой ў рэспубліканскім конкурсе аратарскага майстэрства «Цыцэроній-2018». Шмат у чым ёй тут дапамог начальнік кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін кандыдат філалагічных навук Сяргей Венідыктаў. На конкурсе дзяўчына закранула праблемы сляпых людзей і выступіла больш чым пераканаўча. Спадзявалася на першае месца, але і другое не так ужо кепска — перахвалявалася крышачку. Яшчэ адзін дыплом Аліна атрымала на конкурсе ў БДЭУ пад назвай «Дзяржава, права, асоба». Там яна казала пра тое, які важны і адказны ўплыў аказвае на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, прыёмная сям'я. Дарэчы, маці Аліны працуе выхавацелем дзіцячага дома сямейнага тыпу і ў дзяўчыны па гэтай тэме быў свой асабісты досвед. Суразмоўца прызнаецца, што займацца навуковай дзейнасцю ёй вельмі прыемна і яна ўдзячная за гэта сваёй выкладчыцы — загадчыцы кафедры прававых дысцыплін Ірыне Дэмідавай, якая аднойчы звярнула ўвагу на дапытлівую курсантку і запрасіла яе на міжнародны круглы стол. Дзяўчына адчула цікавасць да даследчай работы, яна падымала такія сур'ёзныя праблемы, як эмацыйнае выгаранне супрацоўнікаў міліцыі, экстрэмізм у маладзёжным асяроддзі. Яе напрацоўкі друкаваліся ў навуковых зборніках і часопісах.

Лёс яшчэ адной выпускніцы інстытута Вольгі Шумянцавай быў вызначаны яшчэ ў школе. Вучаніца лёгка трапляла з пнеўматычнага ружжа ў яблычак. У інстытуце яе навыкі ацанілі і паднялі на яшчэ больш высокі ўзровень. Падчас вучобы яна здала нарматыў майстра спорту па стральбе з табельнага пісталета і з гонарам прадстаўляла свой інстытут на прэстыжных конкурсах. Летась на чэмпіянаце МУС яна з лёгкасцю выбіла 90 ачкоў са ста. Такім вынікам могуць пазайздросціць нават хлопцы.

Для Валерыі і Івана Пражэвальскіх інстытут наогул стаў месцам стварэння сям'і. Яны пасябравалі на першым курсе, а летась сталі мужам і жонкай. Сужэнцы будуць служыць у Кастрычніцкім РАУС Віцебска — ён аперупаўнаважаным, яна — участковым інспектарам.

— Хлопцаў у нашым інстытуце шмат, але заўсёды марыш пра чалавека вернага і надзейнага, — усміхаецца дзяўчына. — Першыя паўгода ў інстытуце ты яшчэ не разумееш, дзе знаходзішся, умовы жыцця зусім не падобныя на тыя, што былі раней. Чагосьці баішся, перажываеш. І Іван мне шмат у чым дапамагаў, пастаянна былі адно ў аднаго на ўвазе, маглі нешта абмеркаваць — нам разам вельмі лёгка.

Але, як прызнаецца дзяўчына, інстытут яна выбрала зусім не таму, што тут вучыцца так шмат хлопцаў. Яна яшчэ ў старэйшых класах марыла стаць юрыстам, праўда, не звязвала гэта з нейкай асобнай ВНУ. Толькі пасля таго як у школе пра інстытут расказалі супрацоўнікі міліцыі, яна мэтанакіравана падала дакументы ў гэтую ўстанову. Дарэчы, у сям'і ніхто раней не працаваў у міліцыі. Але Леры па душы яе прафесія. Напэўна, таму, што яна па характары больш баявая. Наогул, усе дзяўчаты з яе курса паступалі асэнсавана, ехалі ў Магілёў з розных куточкаў краіны. Нехта загарэўся, наглядзеўшыся фільмаў пра прыгоды той жа Каменскай, хтосьці вырашыў працягнуць дынастыю, а некаторыя, як Лера, вызначыліся пасля прафарыентацыі. Лера прызнаецца, што канчатковыя ўяўленні пра прафесію склаліся толькі падчас вучобы і практыкі. Мары гэта адно, а служба — зусім іншае. Выпрабаванні пачаліся з першага ж года, калі вучыліся жыць па рэжыме на казарменным становішчы. Для дзяўчат тэрмін выпрабавання абмяжоўваецца годам. Лера не хавае: было цяжка, але гэта толькі загартавала яе. І яна не расчаравалася.

— Пасля вучобы мы павінны пяць гадоў адпрацаваць па прафесіі, і без любові да яе гэта вельмі цяжка было б зрабіць, — кажа Лера.

У залатой медалісткі Ангеліны Казловай свой шлях у прафесію. Пра службу ў міліцыі марыла яшчэ яе маці, але жаданне так і засталося нерэалізаваным: родныя яе ў гэтым не падтрымалі. Затое калі дачка вырашыла прысвяціць сябе міліцыі, маці з гатоўнасцю дала «дабро». Напэўна, мара перадалася дзяўчыне на генным узроўні. З другога курса Ангеліна ў навуковай дзейнасці, пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. За гэтыя дасягненні яна як адораная студэнтка была адзначана стыпендыяй спецыяльнага Прэзідэнцкага фонду. А сёлета прадстаўляла інстытут на рэспубліканскім бале выпускнікоў з удзелам кіраўніка краіны.

Разумніцы, прыгажуні, спартсменкі — і гэта зусім не кампліменты для выпускніц інстытута, а чыстая праўда.

— Баявы характар і лідарскія якасці значаць шмат, але няўжо колькасць дзяўчат пры паступленні ў міліцэйскую ВНУ не абмяжоўваецца? — пацікавілася я ў намесніка начальніка Магілёўскага інстытута МУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Дзмітрыя Пануждаева.

— Сапраўды, наш інстытут апошнім часам карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жаночага полу, але стаць курсанткай не так проста, — кажа ён. — Трэба вельмі пастарацца, каб вытрымаць конкурс, а ён у нас заўсёды вялікі. Вось і сёлета на 15 месцаў, якія прадугледжаны для дзяўчат, прэтэндавала 75 саіскальніц. Прадстаўніцам слабага полу цяпер да смаку моцныя прафесіі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіваў Магілёўскага інстытута МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.