Вы тут

Перамога прыходзіць не толькі да першых


Х Міжнародная сустрэча маладых пчаляроў (IMYB) прайшла з 3 па 7 ліпеня ў славацкім горадзе Банска-Быстрыца. У ёй прынялі ўдзел каманды з 29 краін Еўропы, Блізкага Усходу, Афрыкі, Паўночнай Амерыкі і Аўстраліі.

Конкурс для маладых пчаляроў

Як і папярэднія сустрэчы, гэта мерапрыемства было для дзяцей спаборніцтвам. Іх размеркавалі ў інтэрнацыянальныя каманды. Заданнямі сталі: маркіроўка трутняў, сартаванне інвентара па прызначэнні (для працы з мёдам, пчоламі, для маткаводства), зборка шматкарпусовага вулля, збіванне рамак, вызначэнне расплоду па ўзросту і прыналежнасцi, перакладанне лічынак, распазнаванне раслін і мёду, тэсты па пчалярстве, распазнаванне і апісанне частак цела пчалы і іх складнікаў па выявах з мікраскопа, фарміраванне адкладаў, распячатка рамак з наступным віраваннем мёду з іх, а таксама вызначэнне стану пчалінай сям'і па аўдыё- і відэазапісу.

Ацэньвалася выкананне заданняў кожным удзельнікам, а таксама ўсім складам міжнароднай і нацыянальнай каманды. У выніку беларуская каманда – а ў ёй былі 13-гадовая Даша Канановіч з в. Здзітава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, 15-гадовы Ваня Лоўкін і 13-гадовы Міша Скараходаў з Полацка – заняла шостае месца. Беларусы саступілі толькі камандам Чэхіі, Славакіі, Германіі, Аўстрыі і Украіны, але пакінулі за сабой 23 каманды з краін з развітым пчалярствам: Англію, Ізраіль, Літву, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Славенію, Францыю, Шатландыю і інш. Даша Канановіч паказала таксама ў камандзе лепшы асабісты вынік. Яна стала сёмай сярод усіх 79 удзельнікаў спаборніцтва. Не маючы ў сваёй краіне той базы і прызнання пчалярства як жыццёва важнай галіны, беларускія дзеці паказалі, што могуць выглядаць годна, змагаючыся з аднагодкамі з іншых дзяржаў.

Славакія ўжо другі раз прымае гасцей у сярэдняй прафесійнай школе на вуліцы "пад Банашам". У ёй рыхтуюць спецыялістаў сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці, агратурызму і ўжо дзясяты год – пчаляроў. З улікам ранейшага вопыту арганізатарам удалося яшчэ лепш – зладжана і ярка правесці юбілейнае мерапрыемства.

Цікавы вопыт

Дарослых удзельнікаў міжнароднай сустрэчы зацікавілі лекцыі на прафесійныя тэмы. Пчаляр з Чэхіі Міхал Почух грунтоўна распавёў аб вытворцах падзі і апісаў працэс атрымання падзевага мёду. Ён адзначыў, што па біялагічнай актыўнасці такі мёд пераўзыходзіць мёд манукі. Не выпадкова рознічная цана яго складае каля 20 еўра за кілаграм. Пчаляр лічыць, што вытворцамі падзі з’яўляюцца пераважна тля, чарвяцы і іншыя насякомыя. Паводле інфармацыі Міхала Почуха, масівы са змяшаным лесам могуць даваць пры спрыяльных умовах да 200 кг, з хвояй – да 500 кг, елкай – аж да 700 кг салодкай вадкасці з аднаго гектара. Але такія ўмовы бываюць нячаста. Чэшскія пчаляры ўжо сёмы год чакаюць багатай падзі.

Вопыт атрымання падзевага мёду ў Беларусі не дазволіў пагадзіцца з усімі сцвярджэннямі Міхала Почуха. Салодкія выдзяленні насякомых не з’яўляюцца ў нас галоўнай крыніцай гэтага мёду. Магчыма, нават няма пакуль у нашай краіне такой колькасці тлі, чарвяцоў, мошак. Са змяненнем клімату перыяд цвіцення мясцовых раслін-меданосаў заканчваецца раней, чым сыходзяць цёплыя дні. Калі нектара мала – звычайна гэта бывае познім летам і ранняй восенню – пчолы самі, без пасярэднікаў, перапрацоўваюць саладкаватую вадкасць на маладым лісці ды ігліцы. Яна з'яўляецца з расколінак з-за перападаў тэмпературы. Таму беларускі падзевы мёд мае пакуль усё ж пераважна расліннае паходжанне.

***

Выступленне прафесара Венскага тэхналагічнага ўніверсітэта доктара Вольфганга Вімера прыцягнула важнасцю і актуальнасцю тэмы. Доктар Вімер расказаў пра магчымасць змяншэння папуляцыі кляшча ў пчаліных сем’ях з дапамогай вынайдзенага ім варроа-кантролера. Улічваючы, што клешч канцэнтруецца, перш за ўсё, у расплодзе, пчаліную матку змяшчаюць у ізалятар, дзе яна засявае поўныя дзве рамкі. Іх апрацоўваюць у варроа-кантролерах умяшчальнасцю да сарака рамак пры пэўнай тэмпературы і вільготнасці. Клешч гіне, жывы расплод вяртаецца ў пчаліныя сем’і. Такі метад уяўляецца альтэрнатывай і "цяжкай" хіміі, шкоднай для чалавека, і "мяккай" хіміі ў выглядзе кіслот, шкоднай для пчол.

***

Арганізатары таксама далі магчымасць дарослым наведваць тры пчальнікі. Пчальнік «Майка» Марціна Піваварчы (каля вёсак Хібы-Чырвены Кут, на вышыні 658 м над узроўнем мора) мае, акрамя стацыянара, прычэпы і павільёны для вандроўкі. З 2005 года ўладальнік зарэгістраваны як спецыяліст па вывядзенні матак. Акрамя мёду на пчальніку атрымліваюць пылок, праполіс, матачнае малачко, воск. З 2013 года ён мае статус узорнага.

Дырэктар навучальнай установы Павел Філа правёў экскурсію па ўласным пчальніку, які кампактна і зручна размешчаны ў павільёне. Таксама ён паказаў гасцям другі школьны пчальнік у ваколіцах Шайбы (першы знаходзіцца на тэрыторыі школы). Добры экалагічны стан і аддаленасць усяго на 25 кіламетраў ад школы з'явіліся перавагай пры выбары пляцоўкі. Для абароны ад мядзведзяў выкарыстоўваецца электраагароджа. Шматкарпусовыя вуллі дапамагаюць вучням школы хутчэй асвоіць тэхналогіі пчалярства, апрабаваць бяспечныя спосабы барацьбы з кляшчом і пераканацца ў дзейснасці прапанаваных прыёмаў.

***

Падчас знаходжання ў школе не раз прыйшлося адзначыць, што выпадковыя людзі тут не працуюць. “Дзецям вельмі патрэбныя неардынарныя, таленавітыя выкладчыкі” – лічыць дырэктар навучальнай установы Павел Філа. Адзін з іх – Яраслаў Паслер. У памяшканнях школы можна сустрэць яго працы з розных матэрыялаў у манеры сюррэалізму. Таксама выкарыстоўваецца мэбля, наглядныя дапаможнікі, пчалярскі інвентар. Вырабленыя ім прыстасаванні арыгінальныя і простыя. Напрыклад, раскладная рамка маткавода, якую перад змяшчэнням у нуклеус пчолы могуць адбудаваць у звычайнай сям'і. "Многія прадметы разглядаю з пункту гледжання як зрабіць іх больш зручнымі і практычнымі. Калі прыходзіць у галаву незвычайнае рашэнне, лічу, што яно павінна стаць даступным усім людзям, і я не буду патэнтаваць яго, каб разбагацець. Маё багацце – гэта тое, што ў мяне ў галаве, у маіх руках. І яно са мною заўсёды".

Беларусь – за супрацоўніцтва

На невялікай канферэнцыі дарослыя падзяліліся вопытам працы з дзецьмі. На жаль, гаварылі больш па-англійску, без перакладу. Каардынатары міжнародных сустрэч лічаць, што англійская павінна стаць галоўнай мовай мерапрыемства. Тады перакладчыкі будуць непатрэбныя, і зэканоміцца шмат часу, а таксама грашовыя сродкі. Цяжка не пагадзіцца, але і адмаўляцца ад рускай мовы, якую разумеюць да 30% удзельнікаў, не варта.

На працягу шасці гадоў часопіс “Беларускі пчаляр” і сайт medosbor.by публікуюць матэрыялы аб моладзевым пчалярстве ў рэспубліцы і ў свеце, а таксама інфармацыю IMYB. Падчас сустрэчы ішла размова аб удзеле часопіса "Беларускі пчаляр" у якасці афіцыйнага медыяпартнёра IMYB. Абмяркоўвалася і пытанне правядзення Міжнароднай сустрэчы маладых пчаляроў у Беларусі. У 2020 годзе гэта мерапрыемства будзе праходзіць у Славеніі, у 2021 годзе – у Расіі. У канцы гэтага года нашу заяўку разгледзяць разам з іншымі. Спадзяёмся, што рашэнне аб правядзенні IMYB-2022 будзе аддадзена на карысць Беларусі.

Каштоўнасць ідэі моладзевага пчалярства ў Беларусі ўсведамляецца многімі. Дзякуем усім, хто сёння ўзяў на сябе пэўную нагрузку. Разлічваем, што такіх людзей і арганізацый стане больш.

Сяргей МЫЦЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».