Вы тут

Як ідуць справы ў геолагаразведцы


Як ідуць справы ў геолагаразведцы і чаму першы конкурс з удзелам канцэсіянераў завяршыўся няўдала, расказалі прадстаўнікі Мінпрыроды ў грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы.


Фота БелТА.

Запасы мінеральна-сыравінных рэсурсаў прырастаюць. У рамках падпраграмы «Вывучэнне нетраў і развіццё мінеральна-сыравіннай базы» рэалізуецца дзевяць комплексных мерапрыемстваў. Цяпер найбольш прыярытэтныя чатыры задачы.

Па-першае, павелічэнне здабычы і пошукаў вуглевадароднай сыравіны. Па словах намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя ХМЕЛЯ, да канца года будуць падлічаны запасы сыравіны на свідравіне № 1 Пералесенскай плошчы (Акцябрскі раён Гомельскай вобласці), таксама пачата бурэнне свідравіны
№ 4 Коўчыцкай плошчы (Акцябрскі раён Гомельскай вобласці). Дарэчы, прырост запасаў нафты фіксуецца на пастаяннай аснове.

Па-другое, працягваюцца работы па папярэдняй разведцы радовішчаў базальту і туфаў. Нагадаем, што першае радовішча гэтай сыравіны ў Беларусі было адкрыта ўсяго два гады таму ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Вынікам гэтых работ у 2020 годзе стане прырост запасаў названых карысных выкапняў.

Па-трэцяе, актыўна давывучаюцца радовішчы кварцавага пяску.

Па-чацвёртае, вядзецца паглыблены аналіз паступлення імпартнай сыравіны ў нашу краіну. Але замяшчэнне апраўдана толькі тады, калі яно эканамічна выгадна. На прэс-канферэнцыі Андрэй Хмель надоўга закрыў «залатую тэму», паведаміўшы журналістам, што пошукі золата, медзі і ўрану ў нашай краіне неактуальныя.

Адзін з найважнейшых этапаў у пошуку мінеральна-сыравінных рэсурсаў, які дазваляе вызначыць перспектыўнасць геалагічнай разведкі, — геалагічнае картаванне. Гэтая работа ўжо вядзецца ў нашай краіне, аднак яна недастаткова фінансуецца. На падпраграму па вывучэнні нетраў выдзелена ўсяго 12,5 мільёна рублёў. Між тым бурэнне адной глыбокай свідравіны абыходзіцца ў сем мільёнаў рублёў. На картаванне ж неабходна 12 мільёнаў рублёў у год, аднак бюджэт не можа выдаткаваць такую суму. Для гэтай работы немагчыма знайсці крыніцу фінансавання збоку — ніхто не гатовы марнаваць грошы, бо няма ўпэўненасці, што вывучаная тэрыторыя акажацца «залатым дном» для інвестара.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прыродных рэсурсаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль КОЛБ нагадаў, што ў нашай краіне прапануецца 15 аб'ектаў для перадачы ў канцэсію — менавіта для прыцягнення інвестыцый у геалагічнае вывучэнне нетраў, распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў. Хоць да такой дзейнасці і была цікавасць з боку некалькіх фірмаў, аднак да ўдзелу ў конкурсе справа не дайшла. А сёлета ўпершыню з'явіўся і патэнцыйны канцэсіянер. «На жаль, з улікам таго, што быў дапушчаны шэраг недакладнасцяў пры падрыхтоўцы дакументаў з боку ўдзельніка конкурсу, ён прызнаны безвыніковым», — адзначыў Васіль Колб. Да канца года Мінпрыроды мае намер яшчэ раз абвясціць і правесці конкурсы з мэтай прыцягнення канцэсіянераў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: З-пад зямлі дастаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.