Вы тут

Шляхамі Шастаковіча


Свята класічнай музыкі ў Мядзельскім раёне наведаў саліст Парыжскага сімфанічнага аркестра Філіп Беро


Філіп Беро Фота: Лідскага музычнага каледжа.  Выступленне саліста Парыжскага сімфанічнага аркестра Філіпа Беро (у цэнтры).

Дзмітрый Шастаковіч — адзін з найбуйнейшых кампазітараў савецкага перыяду. Яго музыка адрозніваецца глыбінёй, багаццем вобразнага зместу. Вялікі ўнутраны свет чалавека з яго думкамі і імкненнямі, сумненнямі — асноўная тэма творчасці кампазітара, якая разнастайна ўвасабляецца як у абагульненых лірыка-філасофскіх творах, так і ў работах канкрэтна-гістарычнага зместу. Творчасць Дзмітрыя Шастаковіча шануюць у самых розных краінах свету. Беларусь не выключэнне. Чатыры гады запар у Мядзельскім раёне ладзіцца міжнародны фестываль «У Шэметаве ў Шастаковічаў», які сёлета праходзіў з 20 па 21 ліпеня.

Месца правядзення музычнага форуму выбрана невыпадкова. Прадзед кампазітара якраз з вёскі Шэметава Мядзельскага раёна. У 2016 годзе тут па ініцыятыве беларускай дыяспары ў Францыі адбыўся першы канцэрт, які з часам перарос у штогадовы музычны фэст.

— Я некалькі гадоў выношваў ідэю прысвяціць фестываль Шастаковічу. Праўда, не разумеў, як яго зрабіць канцэптуальным. А тут даведаўся пра яго карані на Беларусі, і пазл склаўся, — успамінае арганізатар музычнага форуму Аркадзь Валадось. — Калі напачатку гэта было невялікае мерапрыемства, то зараз — сапраўдны фестываль з вялікім спісам запрошанных зорак.

Фестываль накіраваны на прыцягненне цікавасці самай шырокай аўдыторыі, у тым ліку і маладзёжнай, да музычнага мастацтва. Ён дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Дзмітрыя Шастаковіча і з шэдэўрамі сусветнай класічнай музыкі ў выкананні вядомых музыкантаў. Так, сёлета два канцэрты класічнай музыкі адбыліся ў касцёле Святога Андрэя ў вёсцы Нарач і ў касцёле Панны Марыі Нястомнай Дапамогі ў Шэметаве. На іх можна было пачуць творы Шастаковіча, Моцарта, Брамса, Глазунова ў выкананні беларускіх музыкантаў. На канцэрце ў Нарачы апладысменты гучалі ў адрас Таццяны Лявіцкай, Дзмітрыя Юхневіча, Алены Сердзюковай, Аляксандра Елісеева і Аляксандра Сердзюкова.

Галоўным госцем фестывалю стаў сусветнавядомы музыкант з Францыі, саліст Парыжскага сімфанічнага аркестра, прафесар Парыжскай Вышэйшай кансерваторыі — кларнетыст Філіп Беро, які ў выніку затрымкі самалёта прыбыў на Мядзельшчыну за некалькі гадзін да выступлення. І не меў дастаткова часу для рэпетыцыі з беларускімі скрыпачамі і віяланчэлістамі.

— Я шчаслівы выступаць тут, — падкрэсліў Філіп Беро. — Здавалася б, маленькая вёска, але якая тут цёплая атмасфера і добрая акустыка! Яна ідэальна падыходзіць для класічнай музыкі. І яшчэ я лішні раз пераканаўся, наколькі высокі прафесіяналізм у беларускай музычнай школы. З мясцовымі музыкантамі ў нас атрымалася вельмі хутка адрэпеціраваць праграму.

Асаблівасць фестывалю «У Шэметаве ў Шастаковічаў» у тым, што ён праходзіць у правінцыі, даючы магчымасць жыхарам і гасцям нарачанскага краю далучыцца да скарбніцы музычнага мастацтва: пазнаёміцца не толькі з творчасцю Дзмітрыя Шастаковіча, але і з рэпертуарам сусветнай класічнай музыкі іншых выдатных кампазітараў. Шэдэўры класікі ў віртуозным выкананні — сапраўдны падарунак для прыхаджан касцёла і жыхароў з усёй акругі. Ужо даўно ў Беларусі абмяркоўваецца пытанне наконт таго, што фестывалі розных кірункаў павінны быць не толькі ў Мінску і абласных гарадах, а таксама і ў раёнах. Якраз фестываль «У Шэметаве ў Шастаковічаў» — добры прыклад таго, як трэба падыходзіць да арганізацыі падобных мерапрыемстваў у маленькіх гарадах. Паколькі праект не камерцыйны, а культурны, уваход на ўсе канцэрты форуму бясплатны.

Дарэчы, праз тры гады існавання фестываль займеў спонсараў. Арганізатары спадзяюцца, што гэта толькі пачатак вялікай гісторыі форуму.

— Я перакананы, што пры пэўнай дзяржаўнай падтрымцы разам з дапамогай спонсараў у Шэметава можна прывезці самых знакамітых музыкантаў, і не толькі сюды, — упэўнены Анатоль Валадось. — Імя Дзмітрыя Шастаковіча можа адкрыць дзверы любой музычнай велічыні. Яго музыка няпростая і геніяльная, ад гэтага і цікавая шырокаму колу слухачоў.

Наступны фестываль у Шэметаве будзе юбілейны, таму падрыхтоўка да яго пачнецца ў хуткім часе. Арганізатары анансуюць шмат музычных сюрпрызаў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.