Вы тут

Прабежкі з гумарам


Спорт — гэта жыццё, даказвае ў сваім сатырычным зборніку «Сустрэнемся на стадыёне» Васіль Найдзін (Мінск, «Чатыры чвэрці», 2019).


Пісьменнік даўно знайшоў сябе ў гумарыстычным жанры і верна трымаецца выбранага кірунку. Маючы багаты жыццёвы досвед, ён умее прыкмячаць дробныя, але важныя рэчы ў побыце. Яго апавяданні заснаваны на сапраўдных сітуацыях. Ці, прынамсі, тых, што маглі б адбыцца ў беларускай рэчаіснасці. Творца ўмее не толькі рассмяшыць, але і высмеяць пэўныя заганы так, каб чытач убачыў сябе збоку і нават захацеў нешта змяніць. Зборнікі «Мужчынскія сакрэты» (1981 г.), «Аддаю вам…» (1984 г.), «Сустрэнемся ў Барселоне» (1991 г.), «Кветка кактуса» (1992 г.) карысталіся попытам у беларускага чытача і былі адзначаны крытыкай.

І вось — новы зборнік Васіля Найдзіна. Ён складаецца з трох частак, знешне зусім не звязаных паміж сабой. Іх тэмы не перакрыжоўваюцца, сітуацыі ў творах не паўтараюцца. Але апавяданні аб’яднаны блізкімі сацыяльнымі праблемамі. Здароўе і стасункі з дактарамі, празмернае спажыванне алкаголю і яго наступствы, дробныя хуліганствы, адсутнасць паразумення ў сям’і паміж жонкай і мужам, дзецьмі і дарослымі — гэта не поўны спіс тыповых сітуацый, з якімі сутыкаецца чытач у зборніку і ў якіх пазнае сябе.

Творы напісаны ў розных жанрах: ад анекдота і фельетона да ліста ў рэдакцыю і дзённіка. У кожным — свой апавядальнік. Але іх хочацца злучыць, нават назваць адным лірычным героем. Чаму? Па-першае, усе яны мужчыны (нават лешч, ад імя якога чытач бачыць рыбалку ў творы «Два бакі адной справы»). Па-другое, яны знаходзяцца ў адным хранатопе. Яго Васіль Найдзін стварае з дапамогай побытавых дробязей, згадак пэўных спартыўных падзей і асоб, але ніколі не называе прама ні месца (відавочна, Беларусь), ні час (прыкладна 2010-я). Па-трэцяе, героі твораў заўсёды простыя, нават наіўныя беларусы. Згадваецца радок Янкі Купалы «бо я мужык, дурны мужык».

Праўда, тут аўтарскае «я» хоць і мужык, але зусім не дурны! Мудрасць персанажаў заснавана на багатым жыццёвым досведзе, уменні разважаць і самаіроніі. З каго смяецца аўтар? Ці не з сябе самога?

Як водзіцца, галоўны прэпаравальны інструмент гумарыста — мова. І ў зборніку «Сустрэнемся на стадыёне» яна даволі цікавая. З аднаго боку, нагадвае класічныя традыцыі Пруста і яго плынь свядомасці, Гофмана і яго рамантызм. Чаго варта апавяданне «Сон у руку», дзе складана адрозніць сон ад рэчаіснасці, адасобіць розныя думкі, наблытаныя без усялякай сувязі і храналогіі! З іншага боку, мова апавядальнікаў глыбока народная. Багата тут і жарганізмаў, і выключна гутарковых фразем, і лаянкі, і нават памылак. З іх дапамогай аўтар набліжаецца да чытача, паказвае, што пісьменнік не стаіць асобна, не вылучае сябе з кагорты звычайных беларусаў. І такім чынам стварае на дзіва даверлівую і душэўную атмасферу. Такую, што не хочацца, каб кніга заканчвалася.

Зборнік «Сустрэнемся на стадыёне» — добрая магчымасць пасмяяцца ад душы і паназіраць за сабой. А майстэрства Васіля Найдзіна не дазволіць ні моцна «закапацца» ў экзістэнцыяльных пытаннях, ні ўцячы ад іх у нерэальны свет.

Паліна ЗАБЕЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?