Вы тут

У Гродне прайшоў VІІІ Міжнародны Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва


На пешаходнай вуліцы абласнога цэнтра гучалі паўночныя напевы, афрыканскія матывы, лацінаамерыканскія рытмы. Тут можна было пачуць аўстралійскі дыджэрыду, шаманскі бубен, бразільскі барабан. Чарговае вулічнае свята сабрала больш за паўсотні калектываў і асобных удзельнікаў.


А пачалося ўсё ў 2012-м. Напачатку гэта была ініцыятыва саміх музыкантаў, але ўжо ў наступным годзе вулічнае мастацтва падтрымалі гарадскія ўлады. Фестываль стаў новай «фішкай» турыстычнага горада. Да свята далучыўся гарадскі цэнтр культуры.

Арганізатар Анастасія Роўба ўспамінае:

— Нават не марылі, што першая спроба перарасце ў такое маштабнае мерапрыемства. Проста вырашылі выступіць са сваёй праграмай фаер-шоу і запрасілі з аналагічным праектам калег з іншых гарадоў. Праўда, надвор'е ў той вясновы дзень выдалася халоднае, але гледачы сабраліся і цёпла сустрэлі выступленне фаершчыкаў. Дарэчы, і сёлета ажно 13 аматараў вогненнага шоу выступілі з даволі працяглай праграмай, якая доўжылася паўтары гадзіны.

Тры першыя фестывалі праходзілі камерна, на адной пляцоўцы, чацвёрты ўжо выйшаў на вуліцы. І з тае пары ён прырастае ўдзельнікамі. Увогуле, фестываль стаў міжнародным, сюды прыехала нават фаершчыца з Італіі. Таксама сваё мастацтва прадставілі калектывы Польшчы, Расіі і Украіны.

Што ляжыць у аснове вулічнага мастацтва? Асабіста мне здалося, што гэта барабанны грукат, вясёлае шэсце, жывыя статуі і абавязкова музыканты...

— Безумоўна, усё так і адбываецца на фестывалі. Але не гэта галоўнае, — заўважае Анастасія. — Галоўнае — свабода выказвання сваіх эмоцый, талентаў. Тут няма вызначаных канонаў, як, напрыклад, у балеце ці цырку. На вуліцы працуюць, што называецца, «свабодныя мастакі». Гэта людзі, у якіх часцей за ўсё няма спецыяльнай адукацыі; аматарскія калектывы, у якіх аб'яднаны і праграмісты, і прадаўцы, і ўрачы. Яны даносяць традыцыі розных культур, атрымоўваецца змястоўна і весела.

Больш за ўсё падаецца музычных заявак. Так было і гэтым разам. Каб ахапіць усіх удзельнікаў, якія імкнуліся прадэманстраваць свае таленты, было створана пяць пляцовак. На адной з іх гледачы захапіліся ўсходнімі танцамі.

Было цікава ўсім — і дзецям, і дарослым. Так, юных наведвальнікаў заклікала творчая майстэрня па вырабе арыгамі, дарослыя маглі паразважаць над перфомансам «Звязкі», у якім артысты, звязаныя доўгімі вяроўкамі, паказвалі сувязь людзей паміж сабой.

Дарэчы, ніякага ганарара вулічныя артысты не атрымліваюць. Але яны не кінуты на волю лёсу. Ім аплачваюцца пражыванне, харчаванне, таксама праезд. Фестываль падтрымлівае буйны нафтавы канцэрн — ён дае сыравіну для фаер-шоу. Кампанія — аператар тэлефоннай сувязі забяспечвае прывоз артыстаў з-за мяжы. Каб было больш якасна, трэба шукаць дадатковыя сродкі.

З дывідэндаў вулічныя артысты маюць толькі тое, што заробяць на вуліцы, пусціўшы, як кажуць, шапку. Так было здаўна. Цяпер усё больш папулярныя жывыя статуі. Падчас фестывалю іх можна было сустрэць уздоўж пешай вуліцы. Былі тут і Квазімода, і персанажы з вядомага кінафільма «Жорсткі раманс». Забаўлялі гараджан Мэры Попінс, тата Карла, чарапаха Тарціла. Жывыя статуі прадстаўлялі некалькі расійскіх тэатраў, у тым ліку з Санкт-Пецярбурга і Тальяці. Многія рабілі сэлфі і здымкі з ажылымі постацямі.

У гэты дзень публіка напоўніла пешаходную вуліцу, што называецца, пад завязку. Многія гродзенцы на фестывалі не першы раз. Сярод іх Ірына, якая выйшла з сяброўкай на шпацыр. Яна ўспамінае, як скептычна раней ставіліся да вулічных артыстаў, у прыватнасці музыкантаў. Але цяпер адносіны мяняюцца.

— Радуе, што гараджане ставяцца станоўча да іх творчасці, падтрымліваюць, не лічаць іх нейкімі папрашайкамі, як раней. Такія вулічныя фестывалі якраз і дапамагаюць зрабіць нормай выступленні на вуліцах. Калі ідзеш на шпацыр, музычнае суправаджэнне не перашкаджае, а, наадварот, уздымае настрой. Дарэчы, на пешай вуліцы ў Гродне музыканты ёсць пастаянна. Асабліва прыемна пачуць гукі акардэона, лёгкі шансон надае шарму гарадскому асярод-
дзю, — лічыць Ірына.

А вось сам фестываль грукатаў бразільскімі барабанамі. Набліжэнне калоны фестывальнага шэсця было чуваць далёка па наваколлі. Калектыў з Мінска Raccoon Batucada задаваў вясёлы тон бразільскай самбай. Як расказала адна з удзельніц Таццяна Навіцкая, калектыў з'явіўся дзякуючы дапамозе пасольства Бразіліі ў Беларусі — менавіта адтуль паступіла некалькі барабанаў. Дарэчы, у жніўні ў сталіцы пройдзе традыцыйны фестываль бразільскай культуры, у якім возьмуць удзел аматары самбы з усёй краіны.

Зарабіць на вулічным мастацтве ўдаецца няшмат, таму кожны ўдзельнік калектыва мае іншую спецыяльнасць. Але ўсе яны любяць збірацца разам. Па словах Таццяны, гэта мастацтва аб'ядноўвае людзей, стварае сяброўскую атмасферу. У многіх краінах такія святы-фестывалі ўжо даўно папулярныя і збіраюць шмат прыхільнікаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і БелТА

Загаловак у газеце: Гучная творчасць вуліц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.