Вы тут

Медаль такі... У ім два бакі


Кажуць, жаночы ўзрост, як сукенка: не так важна, колькі ёй гадоў. Важна — правільна, з розумам насіць. Каб хто сказаў, як?

...У трамваі вось месца саступілі (мужчына, сімпатычны, у гадах...). Падумала (дурань думкай багацее), што гэта — як жанчыне і, шчаслівая, села. Потым падумала: «А раптам — як пажылой?» Тады лепш было б падзякаваць і адмовіцца... Ці пакрыўдзіцца...

А вось зараз што — уставаць?

...Уладзімір Даль — пісьменнік, этнограф, збіральнік фальклору — пісаў, што баба, пакуль з печы ляціць, сем дум перадумае.

Што цікава: мусіць, ніводная (з тых сямі) нават не «пастукае» ў галаву мужчыны.


Першае прызнанне

Жыццё — тэатр. На «сцэне» (на заднім сядзенні тралейбуса) — двое: маці нешта чытае ў сваім смартфоне, дачка (гадоў чатырох)... спявае «Кацюшу»: старанна выводзіць мелодыю, ведае словы і «прамаўляе» іх ціхенька, шчыра — як для сябе.

А «публіка» між іншым таксама слухае (нейкі дачнік найбольш), пераглядаецца, усміхаецца і ў канцы — не апладзіруе, але ж букет мужчына падносіць.

— Гэта мне?! — пунсавее спявачка...

Запомніць бы вочкі яе і твар... Каб некалі потым, можа, пазнаць — на вялікай сцэне.

Розум прыбудзе...

Сталіца ў «абдымках» сёл, прычым не простых, а так званых «царскіх», бо звычайных дамоў там амаль няма: спрэс — катэджы-асабнякі, на два паверхі, часам на тры...

А зрэшты, гэта «лезла» ў вочы раней. А цяпер — аб'явы: то на адным будынку, то на другім кідкае (каб здалёку відаць...) «Прадаецца...», «Прадаецца...», «Прадаецца...»

Трэба разумець, хто-ніхто ўжо нацешыўся, нажыўся на сотнях квадратаў (і найбольш удваіх), бо дзеці, як тыя птушкі, выраслі і паляцелі... Што крыўдна — не на нейкае там суседняе дрэва, — у іншы горад, а то і краіну...

Знаёмы архітэктар казаў, што «гняздо» будаваць трэба толькі для сабе.

Спроба не хвароба

Нашы жанкі — зноў жа наша найбольшае дасягненне, бо яны і прыгажуні, і разумніцы, а ўжо майстрыхі... Пальцаў не хопіць, каб таленты злічыць: тая — шые і вяжа, тая — гатуе-пячэ, тая — гадуе сямёра дзяцей, малюе, фатаграфуе, лечыць...

Ігнатаўна (апроч іншага) — стрыжэ, з маладых гадоў: пачынала з бацькі і брата, потым з'явіліся муж, сын, зяць...

— Ты б яшчэ жаночыя стрыжкі асвоіла, — раім жанчыне, — у «іпэшніцы» пайшла, болей кліентаў займела... Глядзіш, нейкая капейка была б — прыварак да пенсіі.

— Куды ўжо мне... Позна, — адмахваецца прыяцелька, — не той узрост...

— Ну што ты такое кажаш? Які ў цябе ўзрост?! — наперабой пытаюць унучкі. — Паспрабуй, у цябе атрымаецца! Будзе свая цырульня...

А ў іх — адпаведна — тая «капейка».

Хто, калі не ты?

На экранах тэлевізараў, на старонках газет гэткія геройкі не дзіва, а вось на вуліцы...

Ідзе вось — у бок прыпынку: адно, маленькае дзіцятка, нясе на левай руцэ (правай — коціць вазок), другое — гадкоў ад сілы двух — трымаецца за яе спадніцу, але тупае само, хлопчыкі-двайняты (ім, відаць, гадкі па тры ці чатыры) крочаць ззаду і пярэдні (гадоў сямі), як высвятляецца, таксама «адсюль» — з гэтай сямейкі!

Яна — вось такая — некуды едзе: заходзіць у трамвай. Найстарэйшы з сынкоў робіць гэты першым — «пракладвае» дарогу маці. Тая — за ручку — «падымае» на прыступку дзяўчынку, азіраецца, прыспешвае хлопчыкаў, пасля чаго з немаўляткам збіраецца зайсці сама...

Хацела падмагчы ёй — усцягнуць вазок і не паспела: апярэдзіў маладзенькі сяржант міліцыі. Прычым зрабіў гэта лёгенька, звычна, прыгожа...

Мо таму, што ў самога такое ж дзіця. Мо таму, што гадаваў некага з малодшых братоў ці сястрычак, а можа, бачыў калі дэвіз сваіх чэшскіх калег: «Дапамагаць і ахоўваць».

Шчасце гэта...

Мы звалі яе Наймудрэйшай, што цалкам лагічна, бо год нараджэння — 1925-ы, сірата, працаўніца, пісьменніца, кандыдат навук, двойчы ўдава (першы муж загінуў у час вайны, а другі — памёр), бо столькі чытала і бачыла...

У тыя хвіліны і разам з намі — дыхтоўны дом на высокім пагорачку ды на беразе рэчкі...

— Шчаслівыя, — пазайздросцілі мы яго жыхарам. — Такая прыгажосць пад вокнамі!

— Але шчасце ж не ў ёй, — сказала пісьменніца.

— ?

— Шчасце ў тым, здаровы ты ці хворы, малады ці стары, з кім жывеш і на якія грошы, чым займаешся...

Што, вядома ж, чыстая праўда, бо дом узвесці (пры ўсёй складанасці) куды прасцей, а вось жыццё пабудаваць...

Што крыўдна, у большасці зодчых нават праектаў няма, хіба што лёгкія накіды.

Каб помнілі...

Інфармацыі — вышэй даху: інтэрнэт, тэлебачанне, прэса і радыё, надпісы — у самых нечаканых месцах: на сценах дамоў, на адзенні і вопратцы, на сумках-пакетах, рэкламных шчытах, на целах маладых у выглядзе татуіровак, на машынах...

На адной — «Не прыціскайся, ты не ў пасцелі», на другой — «Жыву, як хачу, езджу, як умею», на трэцяй — «А каму цяпер лёгка?»

Зрэшты, надпісы як надпісы. І новага ў іх, здаецца, нічога, але помніць — трэба.

Наказ

«Ты бачыш, як ён лычык задраў?! Нават не вітаецца», — пасмейваўся Якімавіч са свайго суседа, бо той нейкі час і сапраўды зямлі пад нагамі не бачыў — патрэбы не меў: з дому на службовай машыне забяруць, вечарам назад прывязуць. І кіроўца, якіх пашукаць: наперад забяжыць, дзверцу перад шэфам адкрые — усадзіць ці высадзіць, бо важная ж персона: без фігі не да носа, хоць...

Не задзірай

высока хвост,

Калі заняў высокі пост.

А лепш віляй сваім

хвастом,

Каб не расстацца з тым

 пастом, —

казаў Якімавіч услед суседу. І шкада, што не ўголас: можа, пачуў бы?

Медаль такі...

...У краіне Гульні — Еўрапейскія, другія. «Панаехала гасцей з іншаземных абласцей...» Праўда, у вочы яны не вельмі кідаюцца, хіба недзе ў цэнтры ды ля пэўных аб'ектаў. А вось валанцёры... Іх вельмі шмат — хлопцаў і дзяўчат, маладых, прыгожых, у адмысловых касцюмчыках-красоўках, з рукзачкамі... І міліцыя пры парадзе — проста вачэй не адарваць: шэрыя адпрасаваныя нагавіцы, белыя кашулі... Гэта, што называецца, від спераду. Від ззаду — як водзіцца, зброя, дубінка...

Напэўна, так і павінна быць: да добрых людзей — добрым бокам, да дрэнных — благім.

Галоўнае, не пераблытаць адных з другімі.

Два ўзросты...

Дзіна — позняя ўнучка: дзед яе ўжо і не чакаў... Потым марыў хоць бы ў садок завесці. Але ж бог яму паспрыяў — павадзіў у школу, са школы і не раз сваё важкае слова сказаў...

Перад выпускным дзяўчо заявіла: мам-тата, маўляў, мы здаём бабуліну кватэру, каб сабраць мне грошы на вучобу. Калі я паступлю на бюджэт, можна буду жыць самастойна, адна — у той кватэры?

Бацькам тады мову адняло, бо ніякіх жа канфліктаў, у доме чысціня, парадак, у дачкі асобны пакой. Дык якога, з дазволу, ражна...

— Ты не паступіш, — першай «ачуняла» маці.

— А давай! — гэта бацька «пайшоў у заклад». — Я ключы адразу аддам.

Паабяцаў, карацей, а калі дачка паступіла, раптам спалохаўся: стаў выпытваць, што ёй не падабаецца дома, як яна будзе адна і навошта... Стаў хвалявацца, што з некім звяжацца...

Вось тады і ўмяшаўся дзед. Сказаў:

— Ціха, сын. Дамова была? Была. Ты ключы абяцаў? То давай. Дарослае дзіця. Хоча жыць самастойна, як я, то няхай паспрабуе.

Дзіна з тога часу жыве. І да дзеда зрэдчас наязджае: прыбірае ў кватэры, нешта гатуе, гутаркі вядзе.

— Ты з чаго пачынаеш свой дзень? — спытала неяк за чаем.

— Ну, памаленьку ўстаю — гадзін у 10—12, бо вельмі позна лажуся, тэлевізар гляджу, — расказваў дзядуля. — Потым паўзу ў ванну мыцца-галіцца. Пасля гэтага можна і на кухню. Вару там кашу і адно яечка ўсмятку... А ты?

— Я? Падскокваю ў сем. Хвілін дзесяць — на мыццё і зарадку... Над кашай стаяць мне часу няма. Шматкі хіба кіпнем залью. А вось яйкі люблю: дзесяць штук вару ў панядзелак. Восем кладу ў халадзільнік, два пакідаю ў каструлі.

— Гэта яшчэ навошта? — не разумее дзядуля.

— Ну, дзесяць — каб заўтра-паслязаўтра не варыць, а два — каб хутчэй пачысціць і з'есці.

...Два ўзросты — два рытмы жыцця.

А кроў — адна.

На ўспамін...

Лідка — добрая душа: падарункі — а тым больш з Парыжа — прывезла б усім! Але ж грошы... Ды і чамадан не гумовенькі — шмат не пакладзеш, а пакладзеш — ці падымеш...

Перад самым адлётам пашчасціла: пры гасцініцы, у маленькай гаспадарчай крамцы, убачыла фартушкі — яркія, недарагія, з нейкага танюткага нейлону...

Узяла спачатку пяць, потым — яшчэ пяць, скруціла ў трубачку, прывезла — шмат каго ашчаслівіла...

Адзін вось дома вісіць — гадоў з трыццаць ужо... Не запляміўся, не аблез, не парваўся — служыць, як новенькі!

І тым самым штораз нагадвае пра нябожчыцу Лідку, якая так хацела прывезці падарункі ўсім.

Хімія гэта...

Кажуць, францужанкі ходзяць у цырульню, каб адпачыць. Многія беларускі цяпер таксама, бо чэргаў ніякіх: салонаў — і дзяржаўных, і прыватных — шмат. А ўжо там знайшоў свайго майстра, у крэсла сеў і можаш расслабіцца — ні аб чым не думаць, пакуль...

Чуваць і ў люстэрка відаць, як дзверы за спінай адчыняюцца — у цырульню заходзіць жанчына (маладая, танюткая, у парычку), пытае, ці можна будзе пастрыгчыся? Адміністратарка ветліва прабачаецца, спрабуе сказаць, што лепей было запісацца — на пэўны час...

Жанчына чуе, відаць, толькі гэта, апошняе слова і ў адказ пачынае даводзіць, што якраз часу на яе і не трэба — стрыгчы няма чаго, хіба так, крыху падраўняць, бо галава была, як калена: валасы пасля хіміі вылезлі, а цяпер вось сталі адрастаць.

— Хто ж вам рабіў тую хімію? — пытае адміністратар. — Гэта ж падсудная справа...

— Вам я не пра завіўку, — усміхаецца «пацярпелая». — Анкалогія ў мяне... Хіміятэрапія...

Францужанкі ў цырульні, можа, і праўда, ходзяць, каб адпачыць: у іх слова «хімія» мо і не мае столькі значэнняў?

Чалавек — гэта гучыць...

Штодзёншчына: зайсці ў аўтобус, калі пашчасціць, — сесці, паставіць на калені сумачку, палажыць пальчаткі, разгарнуць кнігу і зачытацца, бывае, так, што потым птушкай імкнеш на выхад, вылятаеш на вуліцу і ўжо там, гледзячы ўслед трамваю, разумееш, што пальчаткі... паехалі далей.

Гэта — згуба восені, зімы ці вясны. Летам — іншая.

...У той раз знаёмец на машыне падвозіў (кніга-сумка-парасон — на каленях). За шумным скрыжаваннем спыніўся. Мы выскачылі (бо трэба ж хутчэй), нават крыху адышлі — азірнуліся ўслед машыне і на месцы, адкуль яна з'ехала, убачылі свой парасон, які толькі што зваліўся з каленяў. Што цікава — пры сведцы: побач стаяў мужчына, усё бачыў і не аклікнуў, не сказаў...

Каб потым, трохі счакаўшы, тую згубу падняць-прысабечыць?..

...Не хацелася б думаць пра чалавека дрэнна, але ж і добра часам не выпадае.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.