Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Чаму ў лесе воўк здох...

Калі Міколу Сяргеевічу трэба было сустрэцца са сваім сябрам Астапчуком ці нешта ўдакладніць у яго, ён абавязкова вырашаў гэтае пытанне з дапамогай тэлефона. Той жа раз заўсёды надзейная сувязь чамусь «баставала», а мабільнік цэлых паўтары гадзіны тлуміў адно і тое ж: «абанент часова недаступны». З прычыны таго, што справа ў Хутарнога была неадкладная і да таго ж яшчэ, што ён на сваёй легкавушцы якраз праязджаў міма дома, дзе жыў Алег Антонавіч, то і вырашыў заскочыць да яго на пяты паверх. Дзверы адчыніў сам гаспадар, які растлумачыў, што два дні таму змяніўся нумар гарадскога тэлефона, а мабільнік ён адключыў сам, каб управіцца з работай.

— З якой яшчэ работай? — спрабаваў высветліць у яго Мікола Сяргеевіч. — Сёння ж выхадны...

— Для цябе, можа, і выхадны, а для нас нечакана рабочы. Лепш зірні сюды...

Тое, што ўбачыў Хутарны, выклікала ў яго пытанне:

— Гэта што: у лесе воўк здох? Вы — грыбнікамі сталі? Не веру...

Здзіўляцца сапраўды было чаму. У прасторнай зале на разасланай на падлозе цэлафанавай плёнцы ўперамешку з сасновым шыгаллем і пажаўцелым лісцем бярэзніку і асінніку высілася груда маслякоў, апенек, махавікоў, а на другой — ужо ачышчаных іх. Каля тых груд са сцізорыкамі ў руках сядзелі жонка Астапчука Яўгенія Максімаўна і яе бацька Максім Яфімавіч. Побач стаяла табурэтка, вядома ж, для Алега Антонавіча.

— Задзяўблі ўжо мяне гэтыя маслякі-слізнякі, — буркатой адклікнулася на пытанне Хутарнога Яўгенія Максімаўна. — Лепш бы я тыя дваццаць еўра ўзяла і на іх вам на рынку тых грыбоў гатовенькіх накупіла, чым зараз петацца.

Апошнія яе словы выклікалі ў Міколы Сяргеевіча яшчэ большую цікавасць, і ён папрасіў свайго сябра, як гаворыцца, не цягнуць ката за хвост і расказаць, што да чаго.

Аказваецца, Астапчукі ў той выхадны дзень пасля наведвання ў Рэчыцы радні Алега Антонавіча вярталіся ў Гомель і спыніліся ў лесе для адпачынку. І сваю «таёту» паставілі на палянцы недалёка ад «мерседэса», каля якога ляжала нейкая прасціна. Самі ж накіраваліся ў малады сасняк. Там на карачках некалькі чалавек збіралі грыбы. Астапчукі не заўважылі, што і самі так нечакана захапіліся «ціхім паляваннем», што адышлі ад таго месца і натрапілі на ладную сямейку апенек. Далей — болей: напароліся на чатыры прыгажуны-баравікі. Ахвота была б пахадзіць па лесе яшчэ, ды трэба было ехаць дадому.

І вось да іхняй легкавушкі падыходзяць гадоў пад пяцьдзясят мужчына ды жанчына і пытаюць, ці не сустракаўся ім дзядок. Яму, глухаватаму, які нядаўна выпісаўся з бальніцы, было загадана не адыходзіць ад «мерседэса» і адпачываць на той прасціне, а ён некуды знік. Пэўна, заблукаў, а хутка ж вечар. Бачылі аднаго старога, быў адказ Астапчукоў. Дык Богам просім: пакажыце дзе. Ну як было адмовіць людзям у такой сітуацыі? На пошукі «вандроўніка» адправіўся разам з тым мужыком Алег Антонавіч. Калі стары знайшоўся, новая бяда ў той сямейнай пары выявілася: у мужыка ключоў ад машыны няма. Згубіліся недзе, выпалі разам з кашальком, у якім былі і ключы ад кватэры.

Во праблема, дык праблема! Што рабіць? Кашалёк, вядома, не іголка ў стозе сена. Але ж і лес — не стог сена. Паспрабуй знайсці. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б Яўгенія Максімаўна не даўмелася спытаць ва ўладальніка «мерседэса», а ці не поўзаў ён на карачках за маслякамі ў тым сасняку. Поўзаў: быў адказ. Усе чацвёра накіраваліся туды, і — во радасць! — кашалёк знайшоўся.

Удзячны мужчына спрабаваў даць Астапчукам за выручку дваццаць еўра (больш грошай на той момант у яго, казаў, не было), але тыя далікатна і катэгарычна адмовіліся. Калі ж яны на нейкі момант па пільнай патрэбе адлучыліся ад сваёй легкавушкі, то, вярнуўшыся, выявілі каля яе тую цэлафанавую плёнку з цэлай грудай грыбоў. З адпаведнай запіскай незнаёмцаў, якія ўжо ад'ехалі.

...Не буду сцвярджаць, што Астапчукі пасля такіх лясных прыгод сталі заядлымі аматарамі «ціхага палявання», але дакладна ведаю, што пэўную цікавасць да яго яны пачалі праяўляць. І што скласці ў гэтым пытанні канкурэнцыю сужэнцам Хутарным яны яшчэ наўрад ці змогуць.


Тыдзень жахаў на ўсё жыццё

Марыя Майсееўна і Віктар Іванавіч Філатавы пусцілі на свет шасцярых дзяцей, якія ўжо даўно разляцеліся хто куды (у Мінск, Рэчыцу і нават у Паўночную Амерыку) і займелі свае сем'і. І толькі адна, самая малодшая дачка Таццяна, інвалід з дзяцінства, пражывае разам з бацькамі ў вёсцы Віша Светлагорскага раёна.

Іншым разам радня збіраецца дружным гуртам, і тады хто-ніхто з дзевятнаццаці ўнукаў і праўнукаў, ведаючы ад сваіх бацькоў, што бабуля Марыя пацярпела ад фашыстаў, не-не ды і спытае, як яна выжыла тады, як вытрымала. Адказ заўсёды гучыць прыблізна так:

— Ды сама, дзеткі мае, не ведаю. То былі не людзі, а звяругі шалёныя. Яны ўсіх нас хацелі зрабіць рабамі ці пазбавіць жыцця.

У такія вось хвіліны, калі перад вачыма старой як бы праплывалі тыя страшэнныя саракавыя гады, яна змахвала з твару няпрошаную слязу і пачынала свой расказ.

— Што добра памятаю сама, што ведаю ад мамы Таццяны Мікалаеўны, але гавару чыстую праўду. Калі немцы захапілі нашу вёску, амаль усё насельніцтва яе заставалася на месцы, акрамя тых, хто пайшоў у партызаны ці яшчэ раней быў прызваны ў Чырвоную Армію. У ліку апошніх быў і мой бацька Майсей Сцяпанавіч Вішнеўскі, які з фронту так і не вярнуўся. А ў маці на руках нас засталося трое: Іван, Коля і я, пяцігадовая.

З самага пачатку акупацыі заваёўнікі засведчылі сябе сапраўднымі неўтаймаванымі і прагнымі разбойнікамі. Пад гукі губных гармонікаў яны весела прагульваліся па вёсцы, заходзілі ў хаты і на падворкі і адбіралі ў людзей усё, што ім падабалася. Многіх яны выганялі з нажытых хат у хлявы і падвалы, а самі засяляліся туды. Маці вырашыла, што сям'і спакайней будзе ў суседніх Сямёнавічах, дзе жылі яе бацькі. Але яна памылілася.

У Сямёнавічах у адну з хат немцы загналі многа старых, жанчын і дзяцей і падпалілі яе. Шанцаў выжыць у агні не было. Там загінулі свёкар, свякруха Марыі цёткі і двое яе дзяцей. А сям'я Вішнеўскіх разам з такімі ж няшчаснымі людзьмі апынулася ў Азарыцкім канцлагеры смерці. Марыя Майсееўна, раз-пораз прыкладваючы хусцінку да вачэй, успамінае, якія жахі там тварыліся.

— Мне было тады сем, Колю — восем, а Ваню — крыху больш дванаццаці гадоў. Па дарозе туды, памятаю, немцы раз-пораз стралялі па тых, хто адставаў. Я ад страху ўплялася ў руку мамы, а Коля — у руку Вані. Глядзім, на вялікай плошчы дробналесся высокая, калючая, з дроту, агароджа, а на вуглах нейкія вышкі. Як выявілася пасля, яны былі вартавыя і абсталяваныя кулямётамі. Неаднаразова бачыла і чула, як з іх абрушваўся агонь, калі хто з няшчасных набліжаўся да той агароджы.

Мясцовасць была цалкам адкрытай, і на ёй — ніводнага збудавання, дзе б можна было прытуліцца. Калі хто спрабаваў раскласці вогнішча, яго расстрэльвалі. Нідзе не было прыбіральняў. Сотні, а можа і тысячы змарнаваных голадам і холадам старых, жанчын і дзяцей ледзь цягалі ногі. Спалі проста на зямлі, і пасля кожнай ночы на ёй заставалася шмат трупаў, якія ніхто не прыбіраў. Вады не давалі, і людзі здабывалі яе з балацянак, якія былі тут жа на тэрыторыі лагера. Ці трэба здзіўляцца, што ў такой абстаноўцы ўсе павальна хварэлі, што тут панаваў сыпны тыф. Марыя тады моцна прастудзілася, але дзякуючы маці паправілася. Калі немцы кідалі цераз агароджу хлеб, людзі падхоплівалі яго, учыняючы бойкі. І тады па іх стралялі.

— Нам пашанцавала застацца ў жывых толькі таму, што ў канцлагеры сям'я прабыла параўнальна нядоўга, — працягвала свой расказ Марыя Майсееўна. — Мы плакалі ад радасці, калі (а было гэта, здаецца, у сакавіку 1944 года) чырвонаармейцы разам з партызанамі вызвалілі нас. Яны размініравалі дарогу, па якой выводзілі вязняў з няволі і папярэджвалі, каб яны не збочвалі з яе ні на крок. На нашых вачах некалькі чалавек, у тым ліку і цяжарная жанчына, якая ішла побач з маёй цёткай Пашай, падарваліся на мінах.

Вяртанне дадому было радасным і абнадзейваючым, тым больш што хата Вішнеўскіх уцалела. Маці Таццяна Мікалаеўна пайшла працаваць у калгас даяркай, брат Іван уладкаваўся трактарыстам у Разанскай вобласці, куды пасля паехала Марыя і адкуль прывезла ў Беларусь мужа Віктара Іванавіча. Калі ж маці пайшла на пенсію, замяніла яе на ферме, аддаўшы працы 30 гадоў. А Колю не пашанцавала. Калі гулялі з кампаніяй равеснікаў «у вайну», ад выбуху гранаты яму знявечыла пальцы і вельмі пашкодзіла вочы. Таму і апынуўся ў Мазыры ў таварыстве сляпых, дзе праз некалькі гадоў памёр.

Толькі пасля вайны бабуля Марыя даведалася, што вязнямі Азарыцкага канцлагера былі каля пяцідзесяці тысяч савецкіх грамадзян, і што на волю выйшла толькі 33 тысячы чалавек. Многія памерлі пасля ад ран і хвароб, многія сталі інвалідамі. Сярод іх і Марыя Майсееўна, якая перанесла тры хірургічныя аперацыі і пастаянна пралечваецца ў Гомельскім абласным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Дзеткі мае даражэнькія, — звычайна заканчвае свой расказ Марыя Майсееўна, — не дай божа, каб зноў была вайна. Жывіце ў радасці, у спакоі і беражыце мір.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».