Вы тут

ЦВК прапануе правесці парламенцкія выбары 7 і 17 лістапада


Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына далажыла Аляксандру Лукашэнку прапановы па даце правядзення выбараў і стратэгіі выбарчай кампаніі.


Фота БЕЛТА

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці кіраўнік краіны адзначыў, што ў грамадстве ўвесь час абмяркоўваюцца тэрміны назначэння і правядзення парламенцкіх выбараў.

«Мы ўжо дакладна вызначылі, што ў гэтым годзе мы праводзім парламенцкія выбары, а ў наступным — прэзідэнцкія. Не гледзячы на прагнозы некаторых „знаўцаў“ аб тым, што Лукашэнка, паколькі ціха, спакойна, хуценька правядзе прэзідэнцкія выбары, каб зноў схапіць крэсла і на яго надоўга прысесці. Гэта поўная памылка», — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, згодна з яго абяцаннем, усё будзе па законе, у рамках Канстытуцыі. Галоўным законам дзяржавы вызначана колькасць дэпутатаў: сто дзесяць — на думку Прэзідэнта, дастаткова для нашай краіны. Што да міжнародных назіральнікаў, «прагінацца і цягнуць кагосьці» краіна не будзе.

«Хто жадае — прыязджайце. Калі камусьці трэба афіцыйны статус — запросім. Не трэба бегчы ўперадзе калёс і прасіць: прыедзьце да нас на выбары, паглядзіце на нашы выбары. Але нікому забараняць не будзем! Нават тым, каторым забаронены ўезд, як рабілі мы ў мінулыя гады. Хочаш паглядзець на Беларусь, на выбарчы працэс—— прыязджай і глядзі», — абазначыў пазіцыю Прэзідэнт.

Галоўнае патрабаванне да выбарчага працэсу — годнасць. Аляксандр Лукашэнка разумее, што крытыканы заўсёды знойдуцца, але прафесіяналы павінны ацаніць беларускія выбары.

«Я не хачу, каб нават так званая „апазіцыя“ шукала нейкую падаплёку ў маіх словах наконт адкрытасці, шчырасці правядзення выбараў. Нам няма неабходнасці сёння ўжо занадта падскокваць і сябе паказаваць. На імідж трэба працаваць заўсёды, але, слухайце, хто нас не ведае? Таму трэба роўна, акуратна падысці да выбараў і іх правесці. Правесці годна і дэмакратычна. Парадак і стабільнасць ляжаць у аснове. Выбары — для нашага народу, а не для кагосьці там», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Лідзія Ярмошына нагадала, што тэрмін на падрыхтоўку і правядзенне выбараў — тры месяцы.

«Калі мы гаворым пра выбары ў лістападзе, то ўжо ў пачатку жніўня павінны з’явіцца два Указы Прэзідэнта аб назначэнні выбараў, бо выбіраюцца дзве палаты», — адзначыла яна.

Як паведаміла журналістам старшыня камісіі, ЦВК прапанавала правесці выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў нядзелю, 17 лістапада, а выбары членаў Савета Рэспублікі — у святочны дзень 7 лістапада.

«Лічым, што гэтыя даты ўзгадняюцца з нашымі традыцыямі — маю на ўвазе 7 лістапада. Яны зручныя для насельніцтва з улікам таго, што святочныя адпачынкі і школьныя канікулы ўжо скончацца і ўсё насельніцтва ў асноўным будзе стацыянарна знаходзіцца», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Па яе словах, кіраўнік дзяржавы даручыў дапрацаваць прапанову з улікам меркавання мясцовых улад і да наступнага панядзелка прадставіць праекты адпаведных указаў з канкрэтнымі датамі правядзення выбараў.

Лідзія Ярмошына далажыла Прэзідэнту і аб навацыях, якія будуць выкарыстоўвацца на гэтых выбарах. Так, у выбаршчыкаў з’явіцца добры доступ да карт выбарчых акруг. Ужо распрацаваныя электронныя карты, ідзе распрацоўка дадатка да мабільнага тэлефона, дзякуючы якому кожны грамадзянін зможа лёгка вызначыць месца знаходзжання свайго выбарчага ўчастка і нават маршрут да яго. У Палацы Рэспублікі ў дзень выбараў будзе працаваць інфармацыйны цэнтр — па традыцыі, якая доўжыцца з 2001 года.

Варвара МАРОЗАВА


«Конкурс на парламенцкіх выбарах складзе больш за чатыры чалавекі на месца»

Такое меркаванне старшыня беларускага Цэнтрвыбаркама выказала ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.

«Калі будуць звесткі пра колькасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп, мы зможам дакладна казаць пра конкурс. І то не ведаем, колькі нам партыі дадуць кандыдатаў. Але думаю, што выбары будуць абавязкова альтэрнатыўныя, — сказала Лідзія Ярмошына. — Калі возьмем выбары 2016 года, у нас было на дзень выбараў 484 кандыдаты. Гэта менш, чым у 2000-м, але значна больш, чым было ў 2008-м і 2012 гадах. Таму, думаю, будзе каля 500 кандыдатаў, гэта значыць, дзесьці 4,5 чалавека на месца».

Па словах старшыні ЦВК, палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб каля 30 % дэпутацкіх вакансій запаўняліся «стараслужачымі — тымі, хто пераходзіць у наступны склад парламента, што дае стабільнасць, прафесіяналізм органу з самых першых дзён працы ў новым скліканні». З такімі кандыдатамі ўжо праводзяць гутаркі і высвятляюць, ці жадаюць яны вылучацца і ці будуць іх падтрымліваць. «Таму, лічу, можна гаварыць пра 30 ці крыху больш працэнтаў тых, хто пяройдзе ў наступнае дэпутацкае скліканне», — дадала Лідзія Ярмошына.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.