Вы тут

Чаму славуты савецкі разведчык Аляксей Бацян рэгулярна выклікае інтарэс СМІ?


Пра славутага савецкага разведчыка і дыверсанта часоў Вялікай Айчынай вайны Аляксея Бацяна, які стаў прататыпам спачатку кніжнага, а потым і папулярнага кінагероя — «маёра Віхра».


Цяжар славы

Складана знайсці чалавека, які пасля выхаду на пенсію не адно дзесяцігоддзе рэгулярна выклікае шчыры інтарэс у СМІ. Публікацый пра Аляксея Мікалаевіча Бацяна назбіралася ўжо даволі шмат. Вось назвы асобных газетных артыкулаў: «Палкоўнік Бацян застаецца ў страі», «Аляксей Бацян. Вяртанне героя», «Аляксей Бацян — легенда савецкай разведкі» і г. д.

Для журналістаў і літаратараў персона Аляксея Бацяна выйгрышная на ўсе 100 працэнтаў, бо настолькі багатая на прыгоды і рэзкія павароты лёсу яго біяграфія, што не трэба нічога перабольшваць, дадумваць для прыгажосці тэксту ці абвастрэння інтрыгі сюжэту.

І чым больш чытаеш гэтыя аповеды калег, тым больш здзіўляе маштаб асобы Аляксея Мікалаевіча, жыццё якога часта нагадвае вострасюжэтны прыгодніцкі раман. На жаль, так і не напісаны пакуль, калі не лічыць рамана Юліяна Сямёнава, але пра яго трохі ніжэй. Здаецца, сёння сказаць што-небудзь прынцыпова новае пра справы палкоўніка Бацяна без допуску ў архівы КДБ практычна немагчыма. Сам Аляксей Мікалаевіч звычайна расказвае тое, што можна расказаць. Хоць з таго часу, як ён «вярнуўся з холаду», мінула шмат гадоў. Але многія дакументы па-ранейшаму захоўваюцца пад грыфам «сакрэтна». Відаць, на гэта ёсць важкія прычыны. Ды і сам Аляксей Мікалаевіч не любіць высоўвацца, ці, як сёння кажуць, займацца самапіярам.

Прыкладна з сярэдзіны гарбачоўскай перабудовы ён рэгулярна робіцца жаданым героем публікацый у газетах і часопісах, тэле- і радыёсюжэтаў, пра яго пішуць кнігі і здымаюць фільмы. З нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі і юбілею Перамогі ў Маскве прайшла прэзентацыя кнігі беларускага пісьменніка і даследчыка дзейнасці савецкай ваеннай контрразведкі Аляксандра Бандарэнкі «Сапраўдная гісторыя «маёра Віхра» (Партрэт разведчыка на фоне рассакрэчаных дакументаў). А перад гэтым чарговы фільм пра Аляксея Бацяна стаў часткай дзесяцісерыйнай кінастужкі пра выбітных савецкіх разведчыкаў, якая здымалася пры садзейнічанні Службы знешняй разведкі Расіі.

Жыццё, поўнае рызыкі і неверагодных прыгод

Ці быў Аляксей гаспадаром свайго лёсу? І так, і не. Магчыма, сёння ён усё ж стаў бы школьным настаўнікам, як марыў у юнацтве. Але магутная хваля рэвалюцыйных і геапалітычных пераўтварэнняў захліснула беларускага хлопца і яго аднавяскоўцаў. Час тады быў неверагодны па сваіх радыкальных пераменах. Аляксей Бацян нарадзіўся 10 лютага 1917 года ў вёсцы Чартавічы ў некалі Віленскай губерні яшчэ царскай Расіі (цяпер гэта Валожынскі раён Мінскай вобласці). У сакавіку 1921 года Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Пачалося малапрадказальнае жыццё ў краіне, дзе да жыхароў набытай тэрыторыі новыя ўлады ставіліся, мякка кажучы, не заўсёды прыязна, лічылі іх нечым накшталт людзей другога гатунку. Але з пачаткам Другой сусветнай вайны беларускіх хлопцаў у абавязковым парадку мабілізавалі на фронт. У верасні 1939 года капрал польскай арміі Аляксей Бацян абараняў Варшаву, дзе камандаваў разлікам зеніткі.

Потым быў палон, уцёкі, вяртанне дамоў ляснымі сцежкамі ўжо ў савецкую Беларусь. Скончыў настаўніцкія курсы ў Мінску, выкладаў у вясковай пачатковай школе. Як быццам мірнае жыццё наладжвалася. Аднак зноў рэзкі паварот лёсу. У 1940 годзе маладым настаўнікам зацікавіліся органы НКУС СССР і, дзякуй богу, не як ворагам народа. Відаць, зыходзячы з інфармацыі аб яго папярэдняй армейскай службе ў палякаў, здольнасцях да вывучэння моў, прыроднай кемлівасці 23-гадовага маладога чалавека накіравалі ўжо на зусім іншыя курсы: у разведвальную школу ў Маскве, якую ён скончыў у 1941 годзе напярэдадні вайны. А з ёй пачалася поўная трывог, рызыкі і неверагодных прыгод служба разведчыка і дыверсанта найвышэйшай катэгорыі, калі можна так сказаць. І выжыў, і пераадолеў, і вынес столькі ўдараў лёсу, што на некалькі жыццяў хапіла б.

102 гады Аляксея Бацяна выклікаюць вялікую павагу і нават здзіўленне яшчэ і па той прычыне, што асноўная частка яго жыцця, так бы мовіць, у працаздольным узросце прайшла ў стане пастаяннага стрэсу і ва ўмовах, вельмі далёкіх ад спрыяльных для нармальнага існавання чалавека. Ужо ў лістападзе 1941 года ён — камандзір разведвальна-дыверсійнай групы, якая за лініяй фронту дапамагала абароне Масквы. Колькі разоў ён аказваўся на грані жыцця і смерці...

Лёс разведчыка-дыверсанта — суцэльны экстрым. Кожная баявая аперацыя магла стаць апошняй для Аляксея Бацяна. А лік іх ішоў на дзясяткі. У тылу ворага даводзілася суткамі спаць на халоднай зямлі, крочыць лесам у адлігу ці ў веснавую бездараж шмат кіламетраў па калена ў вадзе, зрэдку, калі ноччу распальваць касцёр, харчавацца па мінімуме сухім пайком. Акрамя вядзення разведкі, даводзілася займацца знішчэннем камунікацый, ліній сувязі, дапамагаць партызанам праводзіць дыверсіі на чыгунцы, узрываць штабы, склады са зброяй і амуніцыяй. Цэнтр выкарыстоўваў Аляксея Бацяна на самых гарачых і нябяспечных напрамках на тэрыторыі Украіны, Беларусі, Польшчы і Чэхаславакіі. І ўвесь час ён быў на перадавой і, заўважце, без ніводнага ранення. Як потым ён сам расказваў аднавяскоўцам, толькі аднойчы яго зачапіла варожая куля: трохі падрапала шчаку. Шчасліўчык.

Не Шцірліц, але Кракаў выратаваў

Гэтай прыгажосці магло і не быць,

Аляксея Бацяна называюць прататыпам героя вядомага рамана «Маёр Віхр» Юліяна Сямёнава. Вобраз кніжнага маёра ўвабраў у сабе асобныя рысы характару і службовай біяграфіі Бацяна. Па матывах кнігі ў 1967 годзе быў зняты аднайменны трохсерыйны мастацкі фільм «Маёр Віхр».

Удзел у аперацыі па выратаванні Кракава ад знішчэння фашыстамі стаў апагеем у баявой кар'еры Аляксея Бацяна. Савецкае камандаванне надавала вялікую ўвагу гэтай аперацыі. Каб звесці да мінімуму верагодныя няўдачы, пазбегнуць разбурэння велічнага і прыгожага горада, у канцы 1944 года ў яго ваколіцы было закінута некалькі разведвальна-дыверсійных груп. Адну з іх узначальваў беларус Бацян, які выдатна размаўляў па-польску. Яму ўдалося наладзіць сувязі з польскімі патрыётамі. Тыя праз пэўны час паведамілі вельмі каштоўную на той момант аператыўную інфармацыю: немцы ўдарнымі тэмпамі назапашваюць у старажытным Ягелонскім замку велізарную колькасць выбуховых рэчываў. Іх, як паведамлялі іншыя крыніцы, меркавалася выкарыстаць для знішчэння гістарычнага цэнтра Кракава, Ражноўскай плаціны і мастоў праз раку Дунаец. Бацян прымае тады, як аказалася потым, адзінае правільнае рашэнне: з дапамогай палякаў замініраваць замак і напярэдадні вызвалення горада раніцай 18 студзеня 1945 года падарваць. Усё прайшло па плане.

Аперацыя групы Аляксея Бацяна і цяпер лічыцца ўзорам дыверсійнай работы, подзвігам, вартым самай высокай узнагароды. Але двойчы крамлёўскае начальства адхіляла прапановы кіраўніцтва разведкі СССР прысвоіць Бацяну званне Героя Савецкага Саюза. Прычыны знаходзіліся розныя, якія сёння ўспрымаюцца як недарэчныя і нават смешныя. У віну яму, у прыватнасці, ставіліся нараджэнне і жыццё ў Заходняй Беларусі, прымусовая служба ў польскай арміі, уступленне ў шлюб без пісьмовага дазволу кіраўніцтва з іншаземкай падчас працы нелегалам у адной еўрапейскай краіне. Вядома, такое стаўленне крыўдзіла Аляксея Мікалаевіча, але ён не скардзіўся. Як аднойчы прызнаўся журналістам наш герой, самай вялікай узнагародай для яго было тое, што ён застаўся жывы на той страшнай вайне.

Чорная паласа

Пасля вайны — зноў рэзкі паварот лёсу. Аляксей трапіў пад хрушчоўскую чыстку апарата КДБ СССР. Хаця ён ніколі не «разбіраўся» з унутранымі «ворагамі народу», яго звольнілі і літаральна выкінулі на вуліцу. З дапамогай сяброў удалося ўладкавацца ў шыкоўны рэстаран у цэнтры Масквы, які часта наведвалі іншаземцы, метрдатэлем-перакладчыкам. Пры працаўладкаванні вельмі дапамагло веданне моў.

Але апала была адносна нядоўгая. Яго зноў запрасілі на сакрэтную службу. Аказалася, што без прафесіяналаў усё ж цяжка вырашаць складаныя задачы датычна нацыянальнай бяспекі. Падчас замежных камандзіровак у еўрапейскія краіны яму нярэдка зноў даводзілася быць чужынцам сярод сваіх. І тады ён уключаў дар пераўвасаблення, каб не «запаліцца», не выдаць сваё сапраўднае паходжанне. І гэта самая закрытая частка яго біяграфіі, пра якую ён вельмі скупы на словы. Нелегал надоўга, калі не назаўсёды, застаецца носьбітам важных сакрэтаў. Такі ўжо лёс разведчыка. А вось з таго, што кансультаваў байцоў групы спецыяльнага прызначэння «Вымпел», сакрэту не робіць. У 1983 годзе палкоўнік Бацян выйшаў у адстаўку па ўзросце.

І толькі ў 2000-х справядлівасць была адноўлена. Ён нарэшце атрымаў узнагароду, вартую яго подзвіга. Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 10 мая 2007 года «за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў ходзе аперацыі па вызваленні польскага горада Кракава і прадухіленні знішчэння яго нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў» палкоўніку ў адстаўцы Бацяну Аляксею Мікалаевічу прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі з уручэннем медаля «Залатая Зорка».

Лёшка Бацянаў — паважаны ў вёсцы чалавек

Асабіста я пачуў пра Аляксея Мікалаевіча яшчэ задоўга да перабудовы ад яго сваяка і аднавяскоўца журналіста Міхаіла Бацяна, майго сябра і аднакурсніка па журфаку БДУ. Відаць, невыпадкова Міхаілу беларускія кінематаграфісты прапанавалі напісаць сцэнарый дакументальнага фільма да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фільм, зразумела, цалкам быў прысвечаны Аляксею Бацяну, які з часам набыў статус легенды савецкай разведкі. У Чартавічах, дзе я бываў неаднаразова па запрашэнні Міхаіла, ён паказаў хату бацькоў Аляксея Мікалаевіча. У прыватнасці, згадаў, што той заўсёды пры магчымасці імкнуўся наведаць малую радзіму. Нават у 85-гадовым узросце сам за рулём на машыне прыязджаў з Масквы ў Чартавічы. І тыя, хто сябраваў з ім у дзяцінстве, заўважалі: Лёшка Бацянаў (так звалі яго ў вёсцы) амаль не змяніўся — размаўляе на іх мове, шмат жартуе, паважае самагонку і з апетытам закусвае салёным гурком, каўбасой пальцам пханай, кумпяком, салам. Ну як вясковы мужык. Прыкідваўся? Не думаю. Ён зноў быў сваім сярод сваіх і адпачываў душой і сэрцам у родных мясцінах.

Словы з папулярнай песні «полковнику никто не пишет» не пра палкоўніка дзяржбяспекі Аляксея Бацяна. Яму напярэдадні 100-гадовага юбілею хто толькі не даслаў віншаванні і адкуль толькі і не прыходзілі паштоўкі і лісты...

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксея Бацяна са стагадовым юбілеем. «Такія людзі, як вы, па праве з'яўляюцца гонарам Расіі, і вельмі важна, каб ваша адказная грамадзянская пазіцыя, шчырая датычнасць да лёсу Айчыны былі прыкладам для падрастаючага пакалення», — гаворыцца ў тэлеграме кіраўніка дзяржавы.

І яшчэ пра адзін знамянальны падарунак. Ёсць такая традыцыя — даваць зоркам, унікальным алмазам імёны знакамітых людзей. Дык вось у гонар 100-годдзя нашага героя рашэннем Гахрана Расіі 100-каратнаму алмазу далі імя Аляксея Бацяна.

Але весткі з малой радзімы самыя чаканыя. І калі ў Маскву да Аляксея Мікалаевіча прыязджаюць землякі з Беларусі, то няма канца размовам і ўспамінам.

Леанід ТУГАРЫН

Загаловак у газеце: Дыверсант

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.