Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш актуальныя падзеі беларускага і сусветнага спорту.


1. Адбыліся заключныя матчы 1/16 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Ва ўсіх пяці нядзельных сустрэчах перамог дабіліся каманды вышэйшай лігі нацыянальнага чэмпіянату. Паядынак паміж «Лідай» і «Слуцкам» не выявіў пераможцу, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку «Слуцка» — 3:2. Мінскі «Энергетык-БДУ» разграміў дзяржынскі «Арсенал» — 6:0, а сталічнае «Тарпеда» было мацнейшае за «Клецк» — 7:2. Яшчэ дзве сустрэчы завяршыліся з аднолькавым вынікам 3:1 — футбалісты «Мінска» абыгралі бабруйскую «Белшыну», а «Іслач» перамагла «Ашмяны-БДУФК».

Нагадаем, раней у 1/8 фіналу выйшлі брэсцкае «Дынама», «Гомель», магілёўскі «Дняпро», мазырская «Славія», мінскае «Дынама», барысаўскі БАТЭ, салігорскі «Шахцёр», «Віцебск», жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», а таксама два прадстаўнікі першай лігі чэмпіянату Беларусі — наваполацкі «Нафтан» і гомельскі «Лакаматыў».

2. Баскетбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-18) атрымалі другую перамогу запар на чэмпіянаце Еўропы (дывізіён В) у румынскім горадзе Орадзя. У матчы 3-га тура папярэдняй групы D беларусы сустракаліся з камандай Венгрыі і выйгралі з лікам 97:72. Раней нашы хлопцы разграмілі аднагодкаў з Аўстрыі з лікам 82:59, а ў першым туры саступілі партугальцам з вынікам 70:88. Свой наступны паядынак беларусы правядуць сёння з камандай Косава, а заўтра завершаць папярэдні этап гульнёй са шведамі.

Турнірнае становішча пасля трох гульнявых дзён: Швецыя — 6 ачкоў, Беларусь — 5, Партугалія — 5, Венгрыя — 4, Аўстрыя — 4, Косава — 3. Пасля завяршэння першага этапу барацьбу за тры пуцёўкі ў элітны дывізіён працягнуць па дзве найлепшыя каманды з чатырох груп.

3. Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў зборнай Расіі выступіць на Алімпійскіх гульнях у Токіа 2020 года пад нацыянальным сцягам. Алімпійскі камітэт Расіі атрымаў ад Міжнароднага алімпійскага камітэта афіцыйнае запрашэнне прыняць удзел у летняй Алімпіядзе-2020 у Токіа. «Такім чынам, Алімпійскі камітэт Расіі атрымаў магчымасць, у адрозненне ад папярэдніх Гульняў у Пхёнчхане, сфарміраваць паўнавартасную алімпійскую каманду, якая выступіць у сталіцы Японіі пад сваім сцягам і без якіх-небудзь абмежаванняў або дадатковых умоў», — адзначаецца ў паведамленні. У Алімпійскім камітэце Расіі падкрэслілі, што «гэта датычыцца ў тым ліку і прадстаўнікоў лёгкай атлетыкі, якія маюць афіцыйны допуск ІААФ да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах і могуць прайсці алімпійскі адбор». На сённяшні дзень колькасць расійскіх лёгкаатлетаў, якія маюць такі допуск, перавышае 120 чалавек. Нагадаем, на папярэдніх алімпіядах у Пхёнчхане і Рыа-дэ-Жанейра расійскія спартсмены праз допінгавы скандал выступалі пад нейтральным сцягам.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Пад сваім сцягам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?