Вы тут

«Зборнік» міфаў Вілейскага краю і іх расшыфроўка


Вілейскі край размясціўся ўздоўж ракі Вілія на мяжы з Віцебскай вобласцю. У гэтым месцы шмат помнікаў геалогіі — захавальнікаў таямнічых гісторый. Некаторыя з помнікаў з'яўляюцца адзінымі «ў сваім родзе» ў нашай краіне, чым яшчэ больш надаюць адметнасці гэтай мясцовасці.


Плакучая яліна.

Куранец. Прывітанне са Скандынавіі і плакучая яліна

Побач з Вілейкай, у мястэчку Куранец, ляжыць самы вялікі камень на Вілейшчыне — яго прынёс ледавік са Скандынавіі 220—150 тысяч гадоў таму. Даўжыня каменя шэсць метраў, вышыня два метры. Раней ён быў большы, яго некалькі разоў спрабавалі падарваць — марна. Паколькі валун вялікі і стары, людзі звязваюць з ім розныя легенды. Вось адна, якая дайшла да нас яшчэ з XІX стагоддзя: «Жыў тут шавец, які не прызнаваў хрысціянскіх свят. Аднойчы на Вялікдзень ён сядзеў у сябе дома і шыў боты. Бог угневаўся на яго за гэта, маланка ўдарыла ў дом шаўца і ператварыла яго ў вялікі камень. З тых часоў камень ніхто не можа скрануць з месца».

Кажучы пра гэта досыць старое мястэчка, нельга змаўчаць пра яго галоўную славутасць — плакучую яліну. Дзіўны цуд прыроды, яна лічыцца адзінай у Беларусі. У 1930-я гады дрэва прывёз з Варшавы мясцовы памешчык. Каб знайсці яліну, трэба ад'ехаць за Куранец па галоўнай дарозе ў напрамку вёскі Даўгінава і павярнуць на першым павароце налева. Дрэва ўражвае сваім выглядам — невялікае па памеры, але яго нескладана знайсці за агароджай. Яліна не падобная на звычайную елку, яна пухнатая і па форме сваёй не трохкутная, а авальная. Дарэчы, пад ёй можна схавацца ад дажджу: дрэва мае шчыльныя, густыя галіны, а авальная форма дае магчымасць залезці ўнутр.

Камена. Варацішын камень

Гэтая вёска знакамітая сваёй назвай, дадзенай у гонар каменя. Валун уражвае сваімі памерамі і формай. На паверхні высечаны крыж з двума ашэсткамі і надпіс: «Воротишин Хрест». Вядомы філолаг Яўхім Карскі выявіў, што надпіс быў зроблены ў XІ — XІІ стагоддзях. Некаторыя даследчыкі адносяць гэты валун да Барысавых камянёў. Калі ўважліва яго агледзець, можна ўбачыць на вяршыні дзве невялікія ямкі, што з'яўляюцца характэрнай рысай паганскай святыні. Гэты помнік упершыню адкрыў Канстанцін Тышкевіч. Даследчык Еўдакім Раманаў пісаў, што ніякіх легендаў у мясцовага насельніцтва пра камень няма. Гэта дзіўна, таму што сёння мясцовыя жыхары любяць апавядаць турыстам пра скарб і залатога каня. А пра назву «Варацішын» даследчык выказвае наступнае меркаванне: верагодна, крыж быў высечаны майстрам Варацішам альбо яго выбілі падчас паходаў як зварот да Бога па дапамогу. Такой самай думкі прытрымліваўся і гісторык Мікола Ермаловіч, лічачы, што гэты крыж і малітва былі высечаныя падчас паходу полацкага князя на яцвягаў.

Над Варацішыным каменем людзі начамі бачаць залатога каня. Прынамсі, так кажуць прыезджым. Паводле легенды, расказанай К. Тышкевічам (ён пазней запісаў гэта ў сваю кнігу «Вілія і яе берагі»), у Варацішын камень заключаны чалавек, які араў зямлю на Вялікдзень і быў за гэта пакараны адпаведным чынам. Цікава, што ў гэтай легендзе мы бачым паралель з куранецкай легендай пра шаўца.

Рэчкі. Пячора на Замкавай гары

Гэта месца ў свой час досыць актыўна наведвалі археолагі, геолагі, а следам за імі і ўфолагі. Апошнія, варта адзначыць, зачасцілі сюды, а мясцовыя жыхары любяць расказваць ім гісторыі, як па палях блукаюць шаравыя маланкі. Артыкулаў пра гэтыя гісторыі ў інтэрнэце шмат, і ўсе яны заканчваюцца цьмяна, адказу на пытанне «Дык што ж гэта было?» няма — толькі здагадкі.

Месца па-сапраўднаму таямнічае — гэта адчуваецца, калі, пакінуўшы вёску, трапляеш у лес. Ён вабіць у глыб сваім маўчаннем, густым мохам, пахам смалы. Тут няма руху, старыя сосны, абы-як раскінутыя па пагорках, нібы застылі. Пагоркі гэтыя ўяўляюць вялікую цікавасць для навукоўцаў, бо ў іх знаходзіцца каштоўная інфармацыя аб працэсах, якія праходзілі падчас перадапошняга абледзянення.

Пагоркі фарміраваліся аж 220—150 тысяч гадоў таму падчас дняпроўскага абледзянення. Самы высокі — Замкавая гара, вышынёй 17 метраў. Яна мае дзіўную форму, якая нагадвае пірог у некалькі слаёў з валападобнай плоскай вяршыняй і стромкімі (да 45 градусаў) схіламі. На ёй даследчыкі знайшлі гарадзішча. Галоўнай адметнасцю гары з'яўляецца сапраўдная пячора, якая ўзнікла тут падчас паазерскага абледзянення, 20—15 тысяч гадоў таму. Сёння складана сказаць, антрапагенная яна ці ўсё ж такі прыродная. Пячору можна знайсці на паўночна-заходнім схіле гары. Зайсці ўнутр немагчыма: даўжыня пячоры складае прыблізна два метры. Аб'ект даследаваў і апісаў у XІX стагоддзі вядомы беларускі гісторык і археолаг Адам Кіркор. Каля падножжа гары можна знайсці пясчаныя кангламераты ў выглядзе слупоў, якія мясцовыя жыхары называюць проста «калонамі».

Рэчкаўскія пагоркі добра захаваліся: некранутыя дрэвы, густы пласт моху, сям-там буралом. Зразумела, з гэтым месцам людзі таксама звязвалі розныя гісторыі. Адна з легендаў кажа: «Вельмі даўно быў на месцы гары феадальны замак, у якім жыў князь. Біў сваіх слуг бязлітасна, а любіў толькі адно золата. Нейкі старац праходзіў аднойчы міма, спяваючы песню пра злачынства князя. Той разгневаўся, загадаў схапіць небараку і павесіць. Перад смерцю старац прамовіў страшэнны праклён: «Праваліся пад зямлю разам са сваім замкам навечна і золата сваё ахоўвай!» У ноч пасля павешання здарылася бура. А раніцай слугі не ўбачылі ні князя, ні замка. На яго месцы ўзвышалася гара з уваходам у пячору».

Хто бывае тут упершыню, палохаецца таямнічай атмасферы, наслухаўшыся гісторый пра тое, як знаходзяць каля пячоры мёртвых звяроў, на якіх няма прыкмет гвалтоўнай смерці. А потым, падняўшыся на гару, раптам не атрымліваецца зрабіць здымкі, мабільная сувязь знікае, навокал усё быццам мёртвае, і з тунэлю маленькай пячоры дзьме халодны вецер...

Гэта сапраўды адбываецца, аднак справа не ў адмоўнай энергетыцы і прывідах гары, да якіх аматары вандровак. Даследчыкі лічаць, што ў пячоры мала паветра, а яшчэ мяркуюць, што тут збіраецца чадны газ, ад якога, хутчэй за ўсё, і гінуць жывёлы, што выпадкова трапілі ўнутр пячоры. Усё ж месца само па сабе ўнікальнае. На сённяшні дзень у Беларусі вылучаюць дзве пячоры: адна — каля Рэчак, і яшчэ адна, азёрная, знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне.

Вядома ж, на гэтым гісторыі і паданні не заканчваюцца. Іх безліч. Кожны куток нашай краіны мае сваю гісторыю, якую захоўвае і па сённяшні дзень...

Кацярына КАСЦЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дзяржава на Вяллі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.