Вы тут

Пра што пісалі партызанскія газеты ў ліпені 1944 года


Сумесны праект «Звязды» і Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

...Канец ліпеня 1944-га. Ужо вызваленыя Мінск і Барысаў, Полацк і Навагрудак, Пінск і Драгічын, Ліда, Баранавічы... 28 ліпеня ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі сіламі 28-й, 61-й і 70-й армій адрэзаны нямецка-фашысцкім захопнікам адыходы на захад і вызвалены Брэст. Амаль пяцьдзясят воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызначыліся ў баях за горад, атрымалі ганаровыя званні «Брэсцкіх», а Беларусь фактычна цалкам вызваленая ад акупантаў. Савецкія войскі рушылі далей, зганяючы ворага з наседжаных месцаў на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Польшчы.


Але гісторыя падпольнага і партызанскага друку Беларусі на гэтым не завяршылася. Многія выданні працягвалі выходзіць у свет, але ўжо не ў ценю, а афіцыйна, расказваючы пра вызваленне і аднаўленне родных вёсак і гарадоў, поспехі Чырвонай Арміі на фронце, працу былых партызан. Так, у Слуцку выдавалася газета «За Сацыялістычную Радзіму», у Ваўкавыску — «Заря» (выданне існуе і па сёння пад назвай «Наш час»), у Навагрудку — «Звезда», у Лідзе — «Уперад», віцебская «Калгасная трыбуна», скідзельскае «Красное знамя» і іншыя. Як змяніліся танальнасць і змест гэтых газет у час правядзення аперацыі «Баграціён» і пасля вызвалення Беларусі?

А змест перадусім патрыятычна-жыццесцвярджальны, прычым гэта ўжо не пафас гераічнай барацьбы, заклік да стваральнай самаадданай працы, эмацыянальны ўздым блізкай перамогі і спадзяванне на добрую будучыню. Напрыклад, многія выданні напісалі пра мітынг працоўных і партызан Міншчыны: ён адбыўся ў сталіцы ў сярэдзіне ліпеня і сабраў 50 тысяч гараджан і звыш 30 тысяч партызан, якія віншавалі адно аднаго.

Партызанская пераклічка

«Увосень 1943-га, калі немцы былі выгнаныя з межаў Рэчыцкага раёна, група партызан-аднасяльчан увайшла ў вёску Ямполь. Разам з імі прыйшоў і іх камандзір, старшыня калгаса «Ленінскі шлях» Васіль Васілец, — пісаў летам 1944-га лісток Снядоўскага антыфашысцкага камітэта Беластоцкай вобласці «Бі фашысцкую гадзіну!». — Там, дзе калісьці было квітнеючае сяло, дзе стаялі клуб, кінатэатр, школа, бальніца, сотні дамоў, засталося адно папялішча... Прайшло 8 месяцаў, а не пазнаць сёння вёску Ямполь. Збудавана каля 50 новых хат. Калгасы маюць ферму буйной рагатай жывёлы, авечкагадоўчую і птушкагадоўчую фермы. Завяршаецца будаўніцтва вялікай стайні. Сеў збожжавых калгас правёў за 7 дзён. Учарашнія партызаны ўзначальваюць калгасы і хутка паднімаюць грамадскую гаспадарку. Цяпер у вобласці на кіраўніцкую працу вылучана 285 партызан».

«Палеская праўда» расказала сваім чытачам пра пінскіх партызан, якія зрабілі значны ўнёсак у вызваленне беларускай зямлі, але самі не дажылі да яго. «Смерцю храбрых загінулі адважныя сыны Радзімы — Ванюша Чуклай, Аляксандр Баруцкі, Мікіта Іванавіч Бандаронец, Іван Жураўлёў і яго сын Сеня Жураўлёў, Лявон Леўчык і многія іншыя... Народ ніколі не забудзе сваіх герояў», — піша выданне, адзначаючы, што ўжо на той час каля 1400 партызан Пінскага злучэння былі ўзнагароджаны і прадстаўлены да ўзнагароды ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. Аўтар гэтага артыкула, між іншым, не хто іншы, як легендарны партызанскі камандзір, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр Васіль Корж.

Газета «За совецкую Радзіму» (Уздзенскі РК КП(б)Б і раённы савет дэпутатаў працоўных) у нумары акурат за 27 ліпеня 1944 года пералічвала страты, нанесеныя сельскай гаспадарцы раёна: 12 вёсак былі цалкам спаленыя, яшчэ 21 — часткова, 1116 двароў калгаснікаў падпалілі і разрабавалі нямецка-фашысцкія захопнікі. Але рэдакцыя падкрэслівае: час не бедаваць, а адбудоўвацца наноў і ўзнаўляць гаспадарку. «Першапачатковая задача, якая цяпер стаіць перад калгаснікамі і калгасніцамі, перад усёй совецкай грамадскасцю раёна, — у самы кароткі тэрмін аднавіць і ўсімі сродкамі ўмацаваць калгасную гаспадарку, тым самым хутчэй ліквідаваць крывавыя сляды нямецкай акупацыі, — заклікае выданне. — Ужо адноўлены 51 калгас, дзе на агульных сходах выбраны старшыні і брыгадзіры, праўленні і рэвізійныя камісіі. У Хатлянскім сельсавеце сабраны калгасны інвентар, заканчваецца сенаўборка, ідзе паспяховая падрыхтоўка да ўборкі ўраджаю».

Таксама ў нумары апублікаваны ліст з дзеючай арміі ад сяржанта Галавенчыка Сямёна Аляксандравіча (жыхара вёскі Пырашава Уздзенскага раёна), які звяртаецца да сваіх уздзенскіх землякоў: «Не сумняваюся, што самаадданай і стаханаўскай працай вы ў хуткім часе залечыце раны, нанесеныя гітлераўскімі ізвергамі нашай роднай гаспадарцы. На працягу трох год я змагаюся на франтах Айчыннай вайны супроць нямецкіх захопнікаў. Са сваімі баявымі сябрамі я біў немцаў на Каўказе, Кубані і ў Крыму. Цяпер мы знішчаем гітлераўцаў у Беларусі. Недалёка той час, калі вораг будзе канчаткова разбіты. Са свайго боку я... не пашкадую жыцця для справы канчатковага разгрому подлай немчуры». І няхай у многіх такіх допісах адчуваецца рука прафесійных публіцыстаў, майстроў прапаганды, але галоўную сваю задачу — падштурхнуць людзей узняцца грамадой, «усім светам», да стваральнай працы — яны паспяхова выконвалі.

Хлеб і парты

«Рамантуйце і падтрымлівайце ў праезджым стане дарогі, чыніце масты, дапамагайце аднаўляць сувязь... Акружайце ўвагай і клопатам воінаў Чырвонай Арміі, арганізуйце клапатлівы догляд за раненымі, — эмацыянальна піша ў ліпені «Новы шлях» Пружанскага райвыканкама. — Паклапаціцеся пра сем'і воінаў Чырвонай Арміі і партызан, а таксама інвалідаў Айчыннай вайны. Таварышы! Уключыцеся ў агульны пад'ём усяго савецкага тылу, які паказвае цуды гераізму на фронце працы. Усё для фронту! Усё для перамогі!»

...У канцы лета 44-га на першых палосах амаль усіх газет была сельская гаспадарка — рамонт машынна-трактарных станцый, будаўніцтва свірнаў, гумнаў, такоў, стайняў і г. д., паспяховае правядзенне жніва, у якім дарослым дапамагалі дзеці і падлеткі, уборка бульбы, выкананне дзяржаўнага плана хлебапаставак, харчовае забеспячэнне Чырвонай Арміі... І ўсё ж не хлебам адзіным жыла краіна — шмат увагі надавалася аднаўленню прамысловых прадпрыемстваў, школ і бальніц, устаноў культуры, бытавому абслугоўванню і іншым важным тэмам мірнага жыцця. Напрыклад, у жніўні 1944-га А. Клімчык расказвае ў лагойскай раёнцы «Новая вёска»: «У будынку, выкарыстоўваемым да новага навучальнага года для Вяпрацкай школы, не было анічога — парт, сталоў, класных дошак. Загадчыца школы т. Блешчык знайшла выхад са становішча. Яна склікала сход калгаснікаў, дзеці якіх будуць навучацца ў школе, і звярнулася да іх з просьбай дапамагчы ў рабоце, хто чым можа. За кароткі час калгаснікі адрамантавалі падлогу, зрабілі пабелку сцен, зашклілі вокны. Зроблена 25 парт, 15 сталоў, класныя дошкі, у школу дастаўлена 7 шкафоў». Дробязь? Зусім не, маленькі, аднак яскравы прыклад таго, як вяскоўцам было не ўсё роўна, каб дзеці працягвалі перарваную вайной вучобу.

У Мікашэвічах, піша ў гэтыя ж дні «Палеская праўда», больш за 70 камсамольцаў сабраліся нават не на суботнік — на нядзельнік, каб добраўпарадкаваць чыгуначную станцыю, у Жабчыцкім раёне сабралі звыш 94 тысяч рублёў на пабудову танкавай калоны «Пінскі партызан», а ў Давыд-Гарадоцкім раёне была наладжана наноў праца шавецкай, гарбарнай, швачнай і рыбнай арцеляў, адкрыліся суднаверф і бальніца на 40 ложкаў, 4 фельчарскія пункты, ветлячэбніца, пошта і цырульня, аднаўляліся 4 млыны і мост цераз Гарынь.

Пра неабходнасць найхутчэйшага вяртання да мірнага жыцця і адбудовы краіны клапаціліся па-рознаму. Цікавыя дакументы знаходзім у адным з ліпеньскіх выпускаў газеты «Па сталінскаму шляху» Лельчыцкага райкама КП(б)Б: указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб падтрымцы цяжарных жанчын, шматдзетных і адзінокіх маці, заснаванні ордэна «Мацярынская слава» і звання «Маці-гераіня», а таксама... «Аб падатку на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян СССР». Паводле апошняга ўказа падаткам абкладаліся нават тыя сем'і, якія выхоўвалі аднаго-дваіх дзяцей, — вось такая прымусова-фінансавая стымуляцыя нараджальнасці...

На Берлін!

«Яшчэ і па цяперашні час нашы войскі і партызаны вылоўліваюць галодных нямецкіх салдат і афіцэраў (і генералаў), якія ў выніку «планамернага адыходу» заблукалі ў беларускіх лясах і балотах, — з'едліва заўважаюць у ліпеньскім выпуску аўтары «Партызанскай праўды» (выданне 6-й брыгады імя Ракасоўскага). — Мы назіралі адступленне «непераможнай» нямецкай арміі... Гарыць зямля пад нагамі ў фашыстаў. Цяпер яны будуць «выроўніваць» і «скарачаць» фронт, верагодна, да Берліна. Ну а далей куды?»

Сатырычная газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая на гэты час ператварылася ўжо ў часопіс, працягвала выходзіць пад кіраўніцтвам Кандрата Крапівы па май 1945 года — усяго за час Вялікай Айчыннай выйшла 142 нумары. (Насамрэч яна мела шчаслівы лёс і далей: у жніўні 1945-га пачала выдавацца ў Мінску як добра вядомы многім часопіс сатыры і гумару «Вожык».)

«Нашы воіны далі гітлераўцам такія ўрокі геаграфіі, а разам з тым і гісторыі, што ў тупагаловых прытупіўся інтарэс да геаграфіі свету, — кпіць у верасні 1944-га М. Чаўскі. — Бліцкрыгеры паглядаюць ужо на карту Германіі і пачынаюць разумець, што яны ўляцелі ў гісторыю, як мухі ў агонь. Стрэлкі і лініі павярнуліся назад «на фатарлянд» і імкліва ўпіваюцца ў граніцы Германіі. Нямецкім салдатам і афіцэрам... няма часу нават і марыць аб перамозе. Яны заняты вялікім драпам і заклапочаны выратаваннем свайго жыцця».

Час блізак светлай

перамогі,

Усе на Захад, як адзін!

Для нас няма другой

дарогі,

Апроч тае, што на Берлін, 
падсумоўвае ў гэтым жа нумары паэт Анатоль Астрэйка. І, як пакажа зусім ужо хуткі час, «раздавілаўцы» мелі рацыю, стаўшы сведкамі, удзельнікамі і летапісцамі Перамогі...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Не бедаваць, а будаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.