Вы тут

Сяброўкі купілі ў складчыну дом, каб правесці там бясхмарную старасць


Кранальная гісторыя адбылася ў кітайскай правінцыі Гуандун, непадалёк ад горада Гуанчжоў. Зусім нядаўна на ўскраіне адной з вёсак з'явіўся цудоўны дом, які адразу ж прыцягнуў увагу мясцовых жыхароў.


Гэта быў банальны недабуд, які гаспадары кінулі на волю лёсу. З часам яны адважыліся яго прадаць, і пакупніцы знайшліся вельмі хутка. Імі аказаліся сямёра жанчын, якія сябруюць ужо больш за 10 гадоў, з тых часоў як разам працавалі ў адной з рэгіянальных газет. Калі спачатку суседзі здзіўляліся, што змогуць зрабіць маладыя далікатныя жанчыны з гэтым недабудам, то потым пачалі нават зайздросціць. І нездарма!

Сяброўкі яшчэ ў 20-гадовым узросце жартам малявалі карціны бясхмарнай старасці ў сваім уласным доме састарэлых, дзе яны будуць беражліва даглядаць адна адну да апошніх дзён. «Спачатку гэта быў проста жарт, — кажа адна з сябровак Цзінь Ду Іціаа, — мы марылі, што збяромся разам, калі нам споўніцца 60 гадоў, і будзем жыць разам на пенсіі».

Але калі адна з сябровак натрапіла на аб'яву аб продажы вялізнага асабняка ў цудоўным маляўнічым месцы, дзе чыстае паветра і крынічная вада, вакол палі і бананавы лес, то яны і хвіліны не сумняваліся. Менавіта ў гэтым ціхім аддаленым ад цывілізацыі месцы жанчыны і вырашылі ўвасобіць свае фантазіі ў жыццё. Вядома ж, будаўнічымі і мантажнымі работамі займаліся прафесіяналы, а вось уладкаваннем яны самі. Паколькі асабняк мае даволі вялікую плошчу (больш за 700 кв. м), то для кожнай з іх знайшлося месца, каб стварыць свае асабістыя апартаменты з непаўторным дызайнам.

Яшчэ ў юнацтве дзяўчаты марылі пра выдатны від за акном, таму ў сваім агульным доме паставілі не толькі велізарныя панарамныя вокны, з якіх адкрываецца цудоўны від на наваколле, але і шкляныя веранды, якія лунаюць у паветры. Там жа ўладкавалі ўтульную гасцёўню, у якой галоўным упрыгажэннем сталі вокны ад падлогі да столі, што занялі сцены цалкам, прычым столь таксама зрабілі шкляной.

З улікам таго, што прысядзібны ўчастак таксама мае немалую плошчу, бо ён практычна размешчаны сярод рысавых палёў, у сябровак паўстала жаданне пабудаваць не толькі выдатны басейн і зону адпачынку пад адкрытым небам, але і арыгінальны чайны дамок. На ўсе гэтыя пераўтварэнні яны патрацілі каля 4 мільёнаў юаняў (580 тыс. долараў), але засталіся вельмі задаволеныя вынікам сумеснай працы і тым, што іх фантастычная мара юнацтва здабыла рэальныя абрысы ўсяго толькі праз 10 гадоў.

Нягледзячы на тое што дом ужо абсалютна гатовы, у кожнай з маладых жанчын ёсць сям'я, і жывуць яны ў розных гарадах краіны, таму мараць, што жыць у гэтым цудоўным асабняку будуць гадоў праз 10—20, калі іх дзеці ўжо вырастуць. А пакуль яны збіраюцца ў доме сваёй мары, каб пагутарыць, выпіць чаю за прыемнымі размовамі або прыгатаваць што-небудзь. Таксама сяброўкі пайшлі на курсы, на якіх хтосьці з іх навучаецца кулінарыі, хтосьці тонкасцям традыцыйнай кітайскай медыцыны, хтосьці вывучае раслінаводства і ландшафтны дызайн, а хтосьці нават музыку. На такі крок дамы пайшлі дзеля таго, каб пасля выхаду на пенсію яны змаглі на практыцы прымяніць свае навыкі, бо ім так хочацца быць карыснымі адна для адной.

Загаловак у газеце: Домік на семярых

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.