Вы тут

Ці псуецца зрок праз гаджэты?


Праблемы са зрокам з'яўляюцца ў чалавека ўжо ў дзяцінстве. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёння ў свеце больш за 1,5 мільёна невідушчых дзяцей. Аднак амаль што ў 40 % выпадкаў страту зроку ў раннім узросце можна прадухіліць. Як гэта зрабіць?


— Асноўная прычына паніжэння зроку — гэта анамаліі рэфракцыі, — расказвае галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Вікторыя КРАСІЛЬНІКАВА. — Яны ёсць у кожнага пятага, а пазней і кожнага трэцяга дзіцяці ў школьным узросце.

Да анамалій рэфракцыі належаць міяпія (блізарукасць), гіперметрапія (дальназоркасць) і астыгматызм. Самай распаўсюджанай з іх з'яўляецца міяпія. Нягледзячы на тое што ўскладненні ў раннім узросце бываюць рэдка, пасля праблема можа пагоршыцца, і справіцца з ёй урачам будзе ўжо нашмат цяжэй. Міяпія не з'яўляецца спадчынным захворваннем, але схільнасць да яе перадаецца на генетычным узроўні. Да таго ж на яе з'яўленне ўплываюць дрэнныя ўмовы знешняга асяроддзя, праца з мелкімі дэталямі і частае выкарыстоўванне гаджэтаў.

Таксама часта сустракаецца ў дзяцей і касавокасць. Асаблівую заклапочанасць у спецыялістаў выклікае колькасць выпадкаў, калі гэтае захворванне развіваецца ў дзяцей больш старэйшага ўзросту.

— Тэрміны ўзнікнення гэтай паталогіі адсоўваюцца. Раней мы бачылі 3-5-гадовых дзяцей з ёй, і да таго часу, калі яны павінны былі ісці ў школу, гэтую паталогію трэба было нівеліраваць тэрапеўтычнымі або хірургічнымі метадамі. На сёння касавокасць пачынае развівацца ў дзяцей у 6-8 гадовым узросце. Прычына — неабмежаванае выкарыстанне гаджэтаў. Мы можам бачыць дзіця ў год, якое абедае перад планшэтам або, што яшчэ горш, перад мабільным тэлефонам, — кажа Вікторыя Красільнікава.

Такія распаўсюджаныя захворванні часцей за ўсё з'яўляюцца набытымі. Гэты факт падкрэслівае статыстыка: прыроджаная блізарукасць бывае толькі ў 5 % выпадкаў. Гэта значыць, што праблемы можна і трэба прадухіліць.

— Прафілактыка блізарукасці павінна пачынацца менавіта з дашкольнага ўзросту. Калі дзіця ідзе ў школу — ужо позна праводзіць нейкія маніпуляцыі, — упэўнена галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг міністэрства.

Правілы прафілактыкі вельмі простыя. Нельга забаўляць малое гаджэтамі ў час паездкі ці дазваляць чытаць у транспарце. Таксама трэба кантраляваць, каб тэлевізар знаходзіўся на адлегласці не менш трох метраў. Бацькі павінны назіраць і за тым, каб дзіця чаргавала паўгадзіны працы з паўгадзінай адпачынку. Напрыклад, пасля вучобы можна пашпацыраваць па вуліцы ці дапамагчы маці па гаспадарцы.

Што рабіць, калі зрок усё ж такі сапсаваўся?

Усё можна выправіць, упэўнены спецыялісты. Напрыклад, пры дапамозе акуляраў, кантактных лінзаў, хірургічна ці з дапамогай лазернай карэкцыі. Пры гэтым прафесіяналы сцвярджаюць, што спецыфічных супрацьпаказанняў у дзяцей няма:

— Яны такія ж, як і ў дарослых: запаленчыя захворванні, дэфармацыя рагавіцы і гэтак далей. Пры гэтым у кантактных лінзаў ёсць перавага: яны не змяняюць памер выявы.

Таксама вельмі карысна ўплываюць на якасць зроку некаторыя віды спорту.

— Часцей за ўсё мы сутыкаліся з такім меркаваннем, што калі ў дзіцяці блізарукасць, яно адразу ж трапляе ў абмежаваную групу па занятках фізічнай культурай. На самай справе бег, плаванне, хада на лыжах добра ўплываюць на зрок дзіцяці, — развеяла міф эксперт.

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ, студэнтка 4 курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Наступствы гаджэтаў?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.