Вы тут

Як захаваць свой зрок на максімальна доўгі тэрмін?


Прызнаемся сабе, толькі шчыра: як часта нас наведвае думка, што трэба было б схадзіць да афтальмолага, асабліва калі скаргаў на зрок няма? Ды нават калі яны і з'яўляюцца, многія цягнуць да апошняга. Між тым доктар-афтальмолаг можа выявіць не толькі праблемы з вачыма: іншым разам ён здольны першым убачыць, што ў вас павышаны ціск ці ўзровень халестэрыну, або што пара праверыць узровень цукру ў крыві... Ды і проста растлумачыць, як берагчы вочы ў розную пару года і як захаваць свой зрок на максімальна доўгі тэрмін — гэта таксама зусім не лішняя інфармацыя.

Пра тое, чаму ў сонечны летні поўдзень лепш не глядзець на ваду без сонцаахоўных акуляраў, у якіх выпадках трэба падумаць аб пакупцы ўвільгатняльных кропель для вачэй і чаму нельга ігнараваць рэкамендацыю афтальмолага наведаць тэрапеўта, мы гутарым з загадчыцай кансультацыйна-дыягнастычага афтальмалагічнага цэнтра 3-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Вольгай ТАТУР.


З сонцам — на «вы»

— Мы раім быць вельмі асцярожнымі з сонцам, асабліва летам, і гэта невыпадкова, — кажа Вольга Мікалаеўна. — Даказана, што ультрафіялетавае выпраменьванне пашкоджвае ўсе структуры вачэй: рагавіцу, сятчатку, далікатныя структуры крышталіка. З-за злоўжывання ім развіваюцца дыстрафіі сятчаткі, што прыводзіць да значнага зніжэння зроку, іншым разам аж да слепаты, могуць пачацца памутненні крышталіка (катаракта). Можа нават узнікнуць злаякасная пігментная пухліна — меланома, і тады гаворка ўжо ідзе не пра захаванне зроку, а пра захаванне жыцця.

Калі глядзець проста на сонца, можна атрымаць лакальны апёк сятчаткі. Раней яго лічылі тэрмічным, аднак цяпер прызнаюць яго фотахімічную прыроду. У далейшым гэта пагражае зніжэннем зроку, якое можа стаць устойлівым у залежнасці ад ступені паражэння.

У Беларусі бывалі выпадкі сонечнага зацмення. Некаторыя людзі пры гэтым глядзелі неабароненымі вачыма на сонца. І пасля гэтага ім даводзілася звяртацца да дактароў.

У нас у клініцы маецца самае сучаснае абсталяванне — аптычны кагерэнтны тамограф, напрыклад. Ён дазваляе прыжыццёва правесці сканіраванне сятчаткі. І гэты апарат зафіксаваў у такіх пацыентаў наяўнасць ачагоў у цэнтральнай зоне сятчаткі, узнікненне якіх было звязана непасрэдна з уздзеяннем сонечнага выпраменьвання. У некаторых пацыентаў устойлівыя змены ў глыбінных структурах вачэй так і засталіся. Наогул, наступстваў можа быць мноства, пачынаючы ад сіндрому сухога вока і заканчваючы катарактай.

Мы жывём ва ўмеранай паласе, тым не менш у сувязі са зменай клімату і ў нас бывае вельмі актыўнае сонца, як, напрыклад, сёлета ў чэрвені. Таму трэба прымаць меры засцярогі. Асабліва агрэсіўнае сонца ў зеніце, тады яно дае максімальнае ультрафіялетавае выпраменьванне, якое і з'яўляецца галоўнай небяспекай для нашых вачэй.

Часта незаўважныя, але з'яўляюцца вельмі небяспечнымі блікі — адлюстраваныя ультрафіялетавыя прамяні: ад вады, снегу, паліраваных паверхняў машын, люстраных фасадаў будынкаў. І гэта значыць, што не трэба глядзець на ваду ў яркі сонечны дзень і на снег зімой, які таксама блікуе. А дакладней, трэба абараняць пры гэтым вочы сонцаахоўнымі акулярамі, якія, як мы бачым, неабходныя не толькі ўлетку, але і ў сонечныя зімовыя дні.

Пры гэтым трэба звяртаць увагу не на тое, каб шкло ў акулярах было як мага цямнейшае, а глядзець, каб акуляры мелі ультрафіялетавыя фільтры. Няякасныя сонцаахоўныя акуляры вельмі небяспечныя: нашы зрэнкі расшыраюцца, калі ўлоўліваюць зніжэнне яркасці (у прыватнасці, пад цёмнымі акулярамі), і пры адсутнасці належнай абароны яны будуць атрымліваць нават больш ультрафіялету, чым без акуляраў.

Пажадана, каб сонцаахоўныя акуляры мелі шырокія дужкі, якія будуць абараняць вочы ад адлюстраваных сонечных прамянёў. Ну і, вядома, афтальмолагі вітаюць моду на вялікія сонцаахоўныя акуляры, у ідэале — на палову твару, каб яны максімальна абаранялі нас. Не будзе лішнім і капялюш з шырокімі палямі, якія «адсякуць» частку сонечных прамянёў.

Калі вы плануеце паездку ў гарачыя краіны, вазьміце з сабой увільгатняльныя кроплі для вачэй, так званую штучную слязу. Яны сфарміруюць якасную слёзную плёнку на вашых вачах і дапамогуць лепш абараніць іх. Цяпер у нашых аптэках вялікі спектр такіх вочных кропель, можна выбраць на любы густ, падабраць максімальна камфортныя для вашых вачэй. Бо слёзная плёнка — гэта наша абарона ад неспрыяльных знешніх уздзеянняў, такіх, як сонца, пыл (што таксама актуальна для лета), кандыцыянер ды іншых.

Дарэчы, хочацца звярнуць увагу на тое, што многія людзі, якія працуюць у памяшканнях з кандыцыянерам, пакутуюць ад сіндрому сухога вока, бо кандыцыянаванае паветра спрыяе высыханню слёзнай плёнкі. Таму ім таксама неабходна карыстацца ўвільгатняльнымі кроплямі для вачэй. Прычым трэба разумець, што гэта не лячэбны сродак, яны прызначаныя ў першую чаргу для абароны нашых вачэй.

Калі і як правяраць?

Калі нават у вас няма праблем са зрокам, варта наведваць афтальмолага раз у два-тры гады, сцвярджае спецыяліст. Гэта чыста прафілактычныя агляды. Калі з'яўляюцца скаргі, магчыма, вам прыйдзецца бываць у доктара часцей.

Аднак пасля 40 гадоў трэба павялічыць частату наведвання доктара-афтальмолага нават тым, у каго ніякіх праблем са зрокам няма. Адна з абавязковых працэдур у гэтым узросце — вымярэнне вочнага ціску. Пры нармальных лічбах ціску яго вымярэнне дастаткова праводзіць раз у тры гады.

Нармальныя лічбы ціску пры вымярэнні кантактным метадам — да 24—25 мм ртутнага слупа (ніжняя мяжа — 15—16 мм рт. слупа). Калі вочны ціск вымяраецца бескантактным метадам, верхняя мяжа нормы — 21—22 мм ртутнага слупа.

Стрэс для вачэй:

  • сонечнае выпраменьванне,
  • рэзкая змена асвятлення,
  • кандыцыянаванае паветра,
  • працяглая работа за камп'ютарам, іншымі гаджэтамі.

Калі ў вашых сваякоў ёсць глаўкома, то варта вымяраць вочны ціск штогод, бо глаўкома адносіцца да захворванняў са спадчыннай схільнасцю. Яна — адна з галоўных прычын страты зроку ва ўсім свеце, таму пастаўцеся да праверак здароўя сваіх вачэй з усёй сур'ёзнасцю, тым больш што гэтае грознае захворванне не мае сімптомаў на ранніх стадыях. Павышэнне вочнага ціску сапраўды на першым часе ніяк не адчуваецца! Ды і ў цэлым, шэраг сур'ёзных вочных хвароб можа сябе доўгі час ніяк не выяўляць. Сімптомы з'яўляюцца, калі захворванне ўжо даволі запушчанае і лячэнне становіцца або менш паспяховым, альбо прагноз ужо неспрыяльны.

Асабліва важна рэгулярнае назіранне ў афтальмолага, калі ў чалавека маецца цукровы дыябет. Пры гэтым у пацыента можа не быць ніякіх скаргаў на зрок, а ў гэты ж час хвароба разбурае вочы, аж да фатальных наступстваў. Таму для такіх пацыентаў абавязковы рэгулярны агляд вочнага дна. Тое ж самае адносіцца і да пацыентаў з сасудзістай паталогіяй, у прыватнасці, гіпертаніяй.

Аб чым «гавораць» вочы

Дарэчы, менавіта афтальмолаг вельмі часта першы з дактароў можа заўважыць тыя ці іншыя прыкметы захворванняў, якія яшчэ не праявілі сябе. Бо вока не з'яўляецца нейкім ізаляваным органам, яно цесна звязанае з усімі астатнімі органамі і сістэмамі. Таму на ім адбіваюцца многія сістэмныя захворванні. Гэта ўсё тыя ж цукровы дыябет, гіпертанічная хвароба, захворванні нырак, крыві, галаўнога і спіннага мозгу і некаторыя іншыя. І чым раней мы выявім гэтыя захворванні, тым лепшае і больш паспяховае будзе лячэнне.

Справа ў тым, што вочнае дно — адзінае месца ў арганізме, дзе сасуды і нервовыя валокны з'яўляюцца даступнымі для прамога назірання пры жыцці. Таму дыягностыка вочнага дна — неад'емная частка абследавання не толькі пры вочнай паталогіі.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Дайсці да афтальмолага своечасова

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.