Вы тут

Стала вядома праграма Венецыянскага кінафестывалю


Адзін з найважнейшых кінафорумаў свету — Венецыянскі — на гэтым тыдні абвясціў праграму. Адкрыецца падзея фільмам вядомага японца Хіракадзу Карээды, у асноўным конкурсе ўладальнікі галоўных кінаўзнагарод будуць суседнічаць з аўтарам галівудскіх камедый, а сын Андрэя Таркоўскага пакажа карціну пра свайго бацьку.


Апроч асноўнага конкурсу, фестываль мае некалькі, не менш важных, секцый. Асобная пазаконкурсная праграма ўключае ў сябе найбольш знакавыя ігравыя і дакументальныя фільмы года, створаныя ўжо прызнанымі аўтарамі. «Гарызонты» факусуюцца на дэбютантах і маладых рэжысёрах і праз поўнаметражныя і кароткаметражныя работы паказваюць «найноўшыя эстэтычныя і экспрэсіўныя тэндэнцыі». Асаблівай увагі вартая секцыя «Венецыянская класіка», дзе паказваюцца найлепшыя рэстаўрацыі класічных карцін і падкрэсліваецца цэннасць аднаўлення шэдэўраў і вяртання з мінулага недаацэненых стужак.

Яшчэ раней стала вядома, што фільмам адкрыцця Венецыянскага кінафестывалю стане карціна «Праўда» Хіракадзу Карээады, які летась атрымаў Залатую пальмавую галіну за фільм «Магазінныя зладзюжкі». У новай рабоце, упершыню для аўтара знятай за межамі яго краіны, рэжысёр задзейнічае знакамітых акцёраў Катрын Дэнёў, Жульет Бінош, Ітана Хоўка і стварае сямейную драму зоркі французскага кіно.

У Асноўным конкурсе будуць паказаны новыя фільмы Роя Андэрсана (яго карціна «Голуб сядзеў на галінцы, разважаючы пра быццё» ў 2014 годзе атрымала галоўную ўзнагароду Венецыянскага кінафестывалю), Аліўе Асаяса (у «Асінай сетцы» задзейнічаны Пенелопа Крус, вядомая па «Бягучым па лязе 2049» Ана дэ Армас, Гаэль Гарсія Берналь ды іншыя), Рамана Паланскі (гэтым разам апальны рэжысёр, якому закрыты ўезд у ЗША, прадстаўляе фільм «Справа Дрэйфуса» пра вядомы працэс над яўрэем Альфрэдам Дрэйфусам), Стывена Содэрберга (з Мэрыл Стрып і Гары Олдманам у галоўных ролях), Атома Эгаяна, Джэймса Грэя, П'етра Марчэла ды іншых — усяго дваццаць адна карціна.

Прыкметны ўдзел у конкурсе галівудскага рэжысёра без аніякіх фестывальных рэгалій Тода Філіпса, аўтара «Хлапечнікаў у Вегасе». У цэнтры яго фільма «Джокер» — знакаміты персанаж коміксаў пра Бэтмена, але не ў якасці антыгероя, а як галоўны герой са сваімі траўмамі, драмамі і жаданнямі. Лёс прыводзіць Джокера, ролю якога выканаў адзін з найлепшых сучасных акцёраў Хаакін Фенікс, да таго, каб стаць камедыянтам. Да ўсмешкі героя карціна дадае адсылкі да Чарльза Чапліна і песню Нэта Кінга Коўла «Smіle», пакладзеную на мелодыю самога Чапліна (комік пісаў музыку да сваіх фільмаў), прытым што Коўл з'яўляецца першым чарнаскурым эстрадным выканаўцам, якому давялося прадзірацца праз сацыяльныя бар'еры (удалая паралель з галоўным героем-ізгоем).

Тым, хто мае стэрэатыпы пра нудныя фестывальныя фільмы, праграма нагадвае, што кінафорумы чыста аўтарскія работы спалучаюць з індустрыяй папулярнага кіно (гасцямі Венецыі стануць задзейнічаныя ў фільмах Асноўнага конкурсу акцёры «першай велічыні» Джоні Дэп, Брэд Піт, Скарлет Ёхансан, Антоніа Бандэрас, Мэрыл Стрып ды іншыя).

У пазаконкурснай праграме адбудзецца прэм'ера новага мантажнага фільма ўкраінскага рэжысёра Сяргея Лазніцы «Урачыстасць пахавання», што ўтрымлівае ўнікальны архіўны матэрыял пра пахаванне Сталіна. У якасці спецыяльных паказаў будуць прадэманстраваны карціны Гаспара Наэ, Стэнлі Кубрыка, Паола Сарэнціна ды іншых.

«Венецыянская класіка» пакажа адрэстаўраваныя фільмы Бернарда Берталучы, Луіса Бунюэля, Федэрыка Феліні, Марціна Скарсэзэ, Дэніса Хопера, а таксама стужку Васіля Шукшына «Каліна чырвоная». У гэтай жа секцыі будзе прадстаўлена работа Андрэя Таркоўскага-малодшага пра свайго бацьку. З найбольш блізкага да нас — у секцыі «Гарызонты» абвешчаны ўдзел фільма грузінска-расійскага рэжысёра Дзмітрыя Мамуліі «Злачынны чалавек».

Венецыянскі кінафестываль пройдзе з 28 жніўня да 7 верасня, і гэта будзе яго семдзесят шосты год.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Справа Дрэйфуса і пахаванне Сталіна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».