Вы тут

Куды павядзе Вялікабрытанію новы прэм'ер Борыс Джонсан?


Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі традыцыйна ў топе навінных стужак сусветных інфармагенцтваў. Перш за ўсё, дзякуючы абвешчанаму яшчэ ў 2016 годзе выхаду з Еўрасаюза — брэксіту. Днямі ў астраўной дзяржаве адбылася насамрэч гістарычная падзея — змяніўся прэм'ер-міністр. У адстаўку пайшла Тэрэза Мэй, якая займала гэтую ключавую пасаду ў каралеўстве на працягу апошніх трох гадоў. Ёй на змену прыйшоў яркі, неардынарны палітык, новы лідар брытанскай Кансерватыўнай партыі Аляксандр Борыс дэ Пфефель-Джонсан. Ад яго дзеянняў будзе залежаць не толькі ўласна становішча астраўной дзяржавы, але і шмат у чым канфігурацыя сусветнай палітыкі. Куды павядзе Вялікабрытанію новы прэм'ер?


Дрымотны асілак

«Джэрэмі Хант — 46 656 галасоў, Борыс Джонсан — 92 153. З прычыны гэтага я заяўляю, што Борыс Джонсан абраны кіраўніком Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі», — гэтымі словамі Шэрыл Гілан, выканаўца абавязкаў старшыні Камітэта па арганізацыі выбараў кіраўніцтва торы, пацвердзіла тое, у чым многія не сумняваліся, паведаміў Euronews. Дзякуючы сваім 66,4 працэнта галасоў аднапартыйцаў Джонсан у якасці лідара кансерватараў стаў 77-м прэм'ер-міністрам Злучанага Каралеўства і ў гэтай якасці ў чацвер правёў першае пасяджэнне новага ўрада.

Борысу Джонсану прадказвалі пасаду прэм'ера яшчэ падчас перадвыбарчай гонкі 2016 года. Тады ўнутры Кансерватыўнай партыі пачалася кампанія «Спыні Борыса». Майкл Гоўв быў паплечнікам і правай рукой Джонсана. У дзень, калі Гоўв абвясціў аб сваім удзеле ў барацьбе за пасаду прэм'ера, Борыс Джонсан нечакана для ўсіх зняў сваю кандыдатуру.

Сёлетнія выбары новага прэм'ера не вылучаліся асаблівай інтрыгай. Борыс Джонсан змог заручыцца важкай падтрымкай дэпутатаў-кансерватараў яшчэ ў першым туры перадвыбарнай гонкі. Тады за яго прагаласавалі 114 членаў партыі з 313 (удзельнічалі толькі дэпутаты-торы). Другое месца дасталося Джэрэмі Ханту, ён атрымаў 43 галасы. Такі вялікі адрыў Джонсан захоўваў на трох наступных этапах галасавання, а ў фінале брытанскія букмекеры ацэньвалі імавернасць перамогі Ханта толькі ў адзін працэнт.

Новы лідар торы быў абраны ў выніку галасавання, у якім прыняло ўдзел амаль 140 тысяч членаў партыі. «Ажыццявіць брэксіт, аб'яднаць краіну, перамагчы Джэрэмі Корбіна! (лідара апазіцыйнай лейбарысцкай партыі. — Рэд.) — паабяцаў Джонсан у кароткай прамове, пасля таго як былі абвешчаныя вынікі галасавання. — Мы верым у сябе і ў тое, што нам удасца ўсяго дасягнуць. Нібы дрымотны асілак, мы ўстанем і скінем з сябе кайданы сумневаў і негатыву».

Нашчадак караля

Борыс Джонсан атрымаў грунтоўную адукацыю — ён выпускнік Ітана і Оксфарда. Сваю кар'еру пачаў з журналістыкі: пасля звальнення з газеты The Tіmes за выдуманую цытату ён уладкаваўся ў The Daіly Telegraph і стаў брусельскім карэспандэнтам выдання. У сваіх рэпартажах Джонсан прадстаўляў кіраўнічы апарат ЕС як бюракратычную машыну, дзе прымаюцца непатрэбныя і дробязныя законы. Еўраскептыцызм дапамог яму заваяваць сімпатыі брытанскіх кансерватараў: у 2001 годзе журналіст стаў членам парламента ад гэтай палітсілы.

У вялікай палітыцы Джонсан тут жа прыцягнуў да сабе ўвагу жартамі і дэманстратыўнай экстравагантнасцю. Публіцы падабалася, што палітык не баіцца памыліцца і здацца смешным; многія ўбачылі ў ім «свайго хлопца», адзначаюць аглядальнікі. Брытанцы ўжо давяралі яму адказныя пасады: у 2008-м жыхары Лондана выбралі Джонсана мэрам і затым перавыбралі на другі тэрмін. Сярод яго дасягненняў на гэтай пасадзе аналітыкі называюць адчувальнае зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў горадзе (адразу на 20 працэнтаў) і стварэнне шырокай веласіпеднай інфраструктуры. Важным дасягненнем стала паспяховае правядзенне летняй Алімпіяды 2012 года ў Лондане. Зрэшты, на думку крытыкаў, мэру Джонсану бракавала практычнасці: ён не задаволіў высокі попыт на даступнае жыллё, затое паспеў запусціць канатную дарогу, пабудаваць 180-метровую горку-атракцыён ArcelorMіttal Orbіt.

Палітык не раз дазваляў сабе рэзкія выказванні расісцкага і сексісцкага характараў. Аднойчы ў сваёй калонцы для The Telegraph ён назваў афрыканцаў «негрыцятамі», а пазней параўнаў мусульманскіх жанчын у бурках з рабаўнікамі банкаў і паштовымі скрынямі. Нягледзячы на такую недыпламатычнасць, у ліпені 2016-га Джонсан атрымаў пасаду міністра замежных спраў у кабінеце Мэй і падаў у адстаўку толькі праз два гады — з-за нязгоды з мяккай стратэгіяй у перамовах з ЕС.

Бі-бі-сі высветліла, што Джонсан — нашчадак караля Вялікабрытаніі Георга ІІ, які кіраваў у XVІІІ стагоддзі і быў другім манархам у дынастыі, якая працягваецца дагэтуль. Увогуле брытанскі прэм'ер — сваяк адразу некалькіх манаршых дынастый Еўропы, у тым ліку Раманавых. Джонсан быў двойчы жанаты. З першай жонкай — прызнанай прыгажуняй Оксфарда — ён абмяняўся пярсцёнкамі ў студэнцкія гады, а ў 1992 годзе пара развялася. Праз два тыдні ён зноў быў жанаты — з сяброўкай дзяцінства Марынай Уілерам, юрысткай і праваабаронцай, якая пасля нарадзіла яму чацвярых дзяцей. Яшчэ адно дзіця з'явілася ў палітыка ў выніку пазашлюбнай сувязі. Цяперашняя спадарожніца Джонсана — Кэры Сімандс, і яна добра вядомая работнікам медыя Вялікабрытаніі з цэлага шэрагу прычын. Перш за ўсё, яна дачка сузаснавальніка газеты The Іndependent. Цяпер Кэры Сімандс лічаць адной з самых уплывовых постацяў у сферы брытанскага палітычнага піяру.

Без руля і вятрыл

Борыс Джонсан абяцае рашуча вывесці краіну з Еўрасаюза ў прызначаны тэрмін — 31 кастрычніка. Але на гэтым шляху яго чакае амаль немінучы правал, адзначае «Бі-бі-сі». Ён абяцае зрабіць гэта, нават калі не ўдасца дамовіцца з Бруселем аб новых умовах выхаду, якія задаволілі б урад і парламент. Джонсан дэманструе гатоўнасць да «жорсткага брэксіту» — выхаду з ЕС без пагаднення.

Але новага прэм'ера ў гэтым выпадку, прадказвае большасць брытанскіх палітычных каментатараў, чакаюць жорсткі і хуткі палітычны разгром і прыкладна такое ж прыніжэнне, якое перажыла Тэрэза Мэй. Само з'яўленне Борыса Джонсана на пасадзе прэм'ера і яго цвёрдая пазіцыя ў дачыненні да ЕС павялічаць і кансалідуюць нефармальную групу яго праціўнікаў у фракцыі кансерватараў у Палаце абшчын. І гэтая група, якая выступае супраць «жорсткага брэксіту», у супрацоўніцтве з апазіцыяй зможа тарпедаваць любыя пачынанні новага кіраўніка ўрада.

Падаў у адстаўку крытык новага прэм'ера, адзін з самых аўтарытэтных палітыкаў у партыі, намеснік міністра замежных спраў сэр Алан Данкан. «Мяне вельмі турбуе, што яго нясе без руля і вятрыл, усё ў яго без плана, па натхненні, на жывую нітку, — сказаў «Бі-бі-сі» Алан Данкан, які да лета мінулага года быў намеснікам Джонсана — міністра замежных спраў. — Я не маю да яго ніякай асабістай варожасці. Я проста думаю, што ён уляпаецца ва ўрадавы крызіс». У аўторак у адстаўку падала міністр адукацыі Эн Мілтан.

Паводле ацэнак аналітыкаў, да тых, хто ўжо заявіў пра сыход, амаль напэўна далучацца кіраўнік апарату Мэй у рангу міністра Дэвід Лідынгтан і іншыя члены ўрада рознага ўзроўню.

Па руках і нагах

На мінулым тыдні Палата абшчын ужо распачала адзін заканадаўчы манеўр, мэта якога — пазбавіць прэм'ер-міністра магчымасці прыпыніць работу парламента ў прамежку паміж 9 кастрычніка і 18 снежня, каб ён не перашкодзіў жорсткаму выхаду краіны з ЕС. Пры гэтым 36 торы праігнаравалі нормы партыйнай дысцыпліны: 17 з іх галасавалі за гэтую папраўку, 19 устрымаліся.

У апазіцыі, у фракцыі лейбарыстаў, ёсць прыхільнікі брэксіту любым коштам, гатовыя падтрымаць Джонсана, але іх менш за дзясятак, і гэтая «гірка» занадта малая, каб ураўнаважыць мяцежнікаў-торы. Усе астатнія лейбарысты, як і дэпутаты ад чатырох малых апазіцыйных партый, як мінімум супраць выхаду з ЕС без пагаднення, а як максімум — за яго адмену з дапамогай другога рэферэндуму.

Разам з апазіцыяй гэтыя дэпутаты-кансерватары могуць не толькі скаваць Джонсана па руках і нагах, але і — у крайнім выпадку — адправіць яго ў адстаўку. Лейбарысты не выключаюць, што ўнясуць прапанову аб вотуме недаверу прэм'еру, прычым, магчыма, у самы бліжэйшы час. «У яго, магчыма, не застанецца іншага выйсця, акрамя як аб'явіць датэрміновыя выбары, хоць ён і казаў, што не будзе звяртацца да краіны, пакуль не ажыццявіць брэксіт», — разважае рупар кансерватараў-еўраскептыкаў газета Daіly Telegraph.

Між тым перамога на пазачарговых выбарах кансерватарам ні на чале з Джонсанам, ні без яго зусім не гарантаваная. Па звестках апытанняў, якія ў ліпені праводзілі вядучыя сацыялагічныя кампаніі YouGov, Comres і Opіnіum, Кансерватыўная партыя цяпер сабрала б 23-25 працэнтаў, і па некаторых з гэтых апытанняў саступае лейбарыстам, а ў патыліцу ім дыхае новая Партыя брэксіту. Зрэшты, у брытанскай сістэме выбараў рэйтынгі не транслююцца наўпрост у долю месцаў у Палаце абшчын. Калі праціўнікі Джонсана ў парламенце не атакуюць яго неадкладна пасля прызначэння, то барацьба разгорнецца на поўную сілу ў пачатку восені. 25 ліпеня Палата абшчын сышла на вакацыі, якія працягнуцца да 3 верасня.

Як выйсці з тупіка?

Свае віншаванні Борысу Джонсану ўжо перадалі Еўракамісія, якая выказала надзею, што супрацоўніцтва з новым кіраўніком брытанскага ўрада будзе «аптымальным», прэзідэнт ЗША, які заявіў, што Джонсан стане «выдатным» прэм'ерам, і прэзідэнт Францыі, які паведаміў, што «гарыць жаданнем» працаваць з ім. «Кампанія скончана, цяпер — за справу», — заявіў новы брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан, паабяцаўшы надаць эканоміцы краіны новы імпульс. Пытанне толькі ў тым, як менавіта ён збіраецца дасягнуць такога выніку, бо пасля правядзення рэферэндуму па брэксіце Вялікабрытанія апусцілася на апошняе месца ў спісе вядучых эканомік «вялікай сямёркі».

У брытанскім упраўленні па бюджэтнай адказнасці адзначаюць, што ў выпадку выхаду з ЕС без здзелкі ўзровень беспрацоўя перавысіць пяць працэнтаў, цэны на нерухомасць зваляцца на 10, а ВУП зменшыцца на два працэнты. У Нацыянальным інстытуце эканамічных і сацыяльных даследаванняў лічаць, што ў эканоміцы ўжо пачалася рэцэсія. У дзелавых колах заклікаюць новага прэм'ер-міністра ўнесці пэўнасць, а ў ідэале — правесці спарадкаваны брэксіт.

Брытанскі журналіст Джэймс Батлер на старонках The New York Tіmes назваў абранне Джонсана пачаткам канца Вялікабрытаніі, а яго самога — прэм'ерам, які прывядзе краіну да развалу. Каб развеяць усе асцярогі і ўвайсці ў гісторыю краіны як герой, а не як няўдалы прэм'ер, у Джонсана застаецца зусім мала часу. Верасень-кастрычнік абяцаюць быць гарачымі палітычнымі месяцамі ў Вялікабрытаніі. І галоўным іх героем (або антыгероем) стане Борыс Джонсан.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Метад Джонсана

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.