Вы тут

Што думае рабіць дзяржава, каб колькасць беларусаў не памяншалася?


У нашай краіне пачынае зніжацца нараджальнасць, у той час як узровень смяротнасці застаецца стабільна высокі. Усё гэта — сведчанне неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыі. Што думае рабіць дзяржава, каб колькасць беларусаў не памяншалася?


Вырашэнне пытання з жыллём

Фота БЕЛТА

«Сем'і ўсё часцей адкладаюць нараджэнне дзяцей на пазнейшы тэрмін», — кажа кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана БЕЛАШ. Маладыя людзі імкнуцца спачатку зрабіць кар'еру, дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту і не спяшаюцца ствараць сям'ю. А калі і ствараюць, то часцей за ўсё не заключаюць афіцыйны шлюб, што таксама не спрыяе нараджальнасці. Але асноўная прычына, з якой сем'і адкладаюць нараджэнне дзяцей альбо прыняцце рашэння аб павелічэнні складу сям'і, паводле слоў спецыяліста, — жыллёвае пытанне.

Таму трэба вырашаць пытанне з жыллём для сем'яў, асабліва для шматдзетных, якія павінны быць забяспечаны жыллём на працягу аднаго года з моманту пастаноўкі на ўлік. Дарэчы, сёлета ў Беларусі плануецца пабудаваць жыллё для 12 тысяч шматдзетных сем'яў.

Акрамя таго, прадстаўнік Мінпрацы і сацыяльнай абароны запэўніла журналістаў, што сацыяльныя гарантыі для сем'яў будуць захаваны. Ні Мінпрацы, ні іншыя дзяржаўныя органы на дадзены момант не працуюць над пытаннем скарачэння водпуску па доглядзе дзіцяці з трох гадоў да двух.

Кансультаванне для ўсёй сям'і

Яшчэ адна з прычын цяперашніх дэмаграфічных праблем — бясплоддзе сем'яў. «Прычым апошнім часам усё часцей прычына гэтага ляжыць у здароўі мужчыны», — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Алена БОГДАН.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Таму цяпер Міністэрства аховы здароўя працуе над нарматыўна-прававым актам, паводле якога першая спроба ЭКА ў нашай краіне будзе бясплатнай. Акрамя таго, плануюцца змены ў Законе «Аб ахове здароўя», у прыватнасці прапануецца ўвядзенне перадабортнага кансультавання, і не толькі для жанчын — гэтую практыку хочуць распаўсюдзіць на ўсю сям'ю. Гэта значыць, што на падобную кансультацыю будзе запрашацца таксама муж або партнёр жанчыны.

З інсультам — у спецыялізаванае аддзяленне

Сярэдняя працягласць жыцця ў нашай краіне цяпер 74,4 года. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль ДАШКО адзначае, што па выніках мінулага года больш за 15 % жыхароў краіны былі старэйшыя за 65 гадоў. Калі тэндэнцыя захаваецца, то да 2050 года іх доля павялічыцца да 25 %. Гэтая тэндэнцыя сведчыць пра тое, што нацыя старэе.

Пры гэтым павялічваецца колькасць сем'яў, якія сутыкаюцца з такой няпростай праблемай, як узроставая дэменцыя ў старэйшых членаў сям'і. Таму Міністэрства аховы здароўя і Мінпрацы думаюць над стварэннем спецыяльных цэнтраў для пажылых людзей з дэменцыяй.

Выклікае трывогу спецыялістаў і высокі ўзровень смяротнасці мужчын працаздольнага ўзросту — ён у 4,5 разы вышэйшы, чым у працаздольных жанчын. У сувязі з тым, што на першым месцы ў нас смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, Міністэрства аховы здароўя плануе абсталяваць міжрэгіянальныя і міжраённыя цэнтры ангіёграфамі і стварыць у іх спецыялізаваныя аддзяленні па лячэнні вострага каранарнага сіндрому, вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту, цяжкіх чэрапна-мазгавых траўмаў.

Сёння такая дапамога, па словах Алены Богдан, аказваецца ў Салігорску, Баранавічах, Пінску, Оршы, Мазыры. Дзякуючы гэтаму пацыенты з вострым каранарным сіндромам, інфарктам міякарда з прылеглых тэрыторый маюць магчымасць на працягу «залатой гадзіны» паступіць у цэнтр, дзе выконваюцца сучасныя лячэбна-дыягнастычныя ўмяшанні з пастаноўкай стэнта.

Таксама для павышэння даступнасці аказання медыцынскай дапамогі тэрапеўтаў пераводзяць на работу дактарамі агульнай практыкі. У пачатку гэтага года ўжо пачаліся пастаўкі неабходнага абсталявання для аснашчэння гэтых працоўных месцаў.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Каб беларусаў не меншала...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.