Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Кожнаму сваё

«Звязда» не так даўно пісала, што ў нас пачалося жніво, і гэтай навіной нагадала...

Фота osh.by

Зрэшты, па парадку.

Чыстую праўду скажу: мара ўсіх бацькоў — каб дзецям жылося лепш, каб яны (тут варыянтаў шмат) не зведалі нястачы, выбіліся ў людзі, парабілі кар'еры, вырваліся з вёскі, не жылі ў інтэрнатах і на здымных кватэрах, само сабой — удала ажаніліся-выйшлі замуж, сталі багатыя, пабачылі свет і «тэдэ», як той казаў, і «тэпэ».

Для гэтага яшчэ малых сынкоў і дачушак запісваюць у розныя секцыі-гурткі, у профільныя класы і школы, паступова, але досыць настойліва падштурхоўваюць да выбару пэўных жыццёвых сцежак, якія проста павінны пачынацца з вучобы ў ВНУ...

Праўда, апошнім часам акцэнты трохі змяніліся: хто-ніхто цяпер кажа, што можна і без гэтага, што не варта гадамі «сушыць мазгі».

Але ж калі я быў малады, лічылася, што варта, што «без паперкі (чытай без дыплома) ты кузурка, а з паперкай — чалавек!» Не так важна, дзе навучаўся і чаму канкрэтна, — галоўнае, каб дыплом атрымаў.

Дык вось. Быў у нашай групе адзін студэнт — Міколам звалі. Недурны вясковы хлапец, неблагі, а ўжо ж знаходлівы... Чаго ён толькі не выдумляў, каб на заняткі не хадзіць! «Перажаніў» усіх братоў ды сясцёр — родных, стрыечных (асобных, як здавалася, нават двойчы ці тройчы), пралячыў-пахаваў сваіх бабуль і дзядуль, многіх цётак і дзядзькаў, на вакзале ў Мінску сустрэў проста безліч гасцей-інвалідаў, якіх трэба было суправаджаць у вёску...

Адпаведна, з першай спробы ён не здаваў экзамены ніколі, нават на пачатку вучобы, што ўжо казаць пра сярэдзіну, калі з трэцяга курса пачаліся вывучэнне новых спецыяльных дысцыплін, падрыхтоўка мноства курсавых. Круціўся наш Мікола, як той заяц з-пад купіны: не зрабіў нешта адно — не дапускалі да другога, потым да трэцяга... Студэнт «абрастаў» такімі «хвастамі», што дапамагчы яму не маглі нават мы — усе разам.

Карацей, загрымеў наш Калян пад фанфары — адлічылі яго. Маці яшчэ, помню, прыязджала, хадзіла ў дэканат, з горкім плачам даводзіла там, які ж яе Колька працаўнік, які харошы хлопец і як бы ёй хацелася, каб сынок давучыўся...

Чаго хацеў сам Мікола, мы даведаліся таксама, але праз некалькі месяцаў і... з газеты. Прычым не з нейкай там невялічкай, раённай, а з рэспубліканскай!

Значыць, аднойчы бяру яе ў рукі і вачам не веру: на першай старонцы — вялізны здымак, і на ім... На заднім плане — камбайн, на пярэднім — Мікола. А ўжо ж загарэлы, вясёлы, шчаслівы! Ад чаго? З загалоўка вынікала: «Чалавек на сваім месцы»! З подпісу — што жніво гэта для маладога камбайнера самае першае, што збожжа ён намалаціў больш за ўсіх, што ў гаспадарцы (і нават раёне!) на яго раўняюцца іншыя, што Міколам ганарыцца сям'я і ўвогуле, калі б такіх работнікаў было больш...

Ну вось, думаю, а мы тут з сябрамі прымушалі яго «вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца», за вушы цягнулі з курса на курс, на камсамольскіх сходах разбіралі. Не трэба было, бо кожнаму і сапраўды сваё!..

Вось толькі адшукаць яго шчасціць не кожнаму.

Іван Гаральчук, г. Мінск


Жыві ды радуйся!

Фота mirtayn.ru

...На вуліцу, да гандлёвых радоў, гэта варона прылятала кожную раніцу, і таму жанчыны, што прадавалі гародніну, пазнавалі яе здалёк: не толькі па сівавата-попельнай афарбоўцы — па незвычайных, досыць шляхетных паводзінах. Ну, у прыватнасці, птушка, падабраўшы кавалачкі хлеба, ніколі адразу ж не адлятала. Яна, ветліва павярнуўшыся ў бок гандлярак ды смешна расставіўшы крылы, выдавала дзіўныя гарлавыя гукі, вельмі падобныя на... слова: «Р-рада!»

— Ну трэба ж! — у чарговы раз, пачуўшы яго, дзівілася самая гаваркая прадавачка. — Варона і тая радуецца жыццю, а мы, людзі, усё гаруем. Усё нам дрэнна ды сумна жыць.

— Што праўда, тое праўда, — цяжка ўздыхнуўшы, пагадзіўся з ёй мужчына-пакупнік.

— ...А ўсё чаму? — працягвала гандлярка. — Таму, што перасталі бачыць самыя, здавалася б, простыя, добрыя рэчы — сонца, кветкі, траву... У госці амаль не ходзім. Раней — ну было ж, успомніце! — гарыць на падваконні свечачка, значыць, заходзь, добры чалавек, — будзем табе рады... А цяпер што — паўтыкаліся ўсе ў свае камп'ютары і ніякіх зносін-размоў. Нават закаханыя часам сустрэнуцца і, можна сказаць, не ўбачацца — праз сеціва «размовы» вядуць, быццам не людзі, а нейкія робаты... І галоўнае — што з гэтым амаль ніхто не змагаецца. Хіба... Я ў часопісе неяк чытала: гаспадар адной кавярні надпіс на дзвярах павесіў: маўляў, Wі-Fі ў іх няма. І не таму, што яны скупыя ці такія ўжо беражлівыя, — проста хочуць, каб наведнікі паглядзелі на іншых людзей ды пагаварылі з тымі, з кім прыйшлі... Добра ж прыдумаў, праўда? Можа, хоць на пару гадзін і хоць некага ачалавечыць — прымусіць нейкую птушку ўбачыць... Ну гляньце: звычайная ж, як быццам, варона, а нам з вамі прыклад падае. Крошкі з зямлі сабрала і радуецца. Разумніца! На́ вось табе яшчэ — еш...

Расчуленая прадавачка, пакрышыўшы ў руках, кінула вароне лустачку хлеба, а потым і... ладны абаранак.

Варона паволі, з пачуццём уласнай годнасці, акуратна падабрала частунак — спачатку драбнейшы, а потым, уважліва паглядзеўшы па баках, дзюбай падчапіла і большы...

— Мусіць, з сабой хоча ўзяць, але ж як?! — засмяяўся нехта з гандлярак і тут жа ўбачыў-даведаўся, бо птушка спрытна падкінула здабычу ўверх, потым — як сапраўдны жанглёр — падставіла галаву. Абаранак — што б вы думалі?! — акуратна павіс на шыі, і зараз заставалася хіба адно: галантна адставіўшы крылы, пракартавіць любімае: «Р-рада!».

— Во дае! — ні вачам, ні вушам не верыў мужчына-пакупнік. — Варона... А, бач, здагадалася, як абаранак панесці!

— Ды што там, — засмяяліся прадавачкі, гледзячы ўслед адлятаючай птушцы, — яна здагадалася, як настрой нам падняць! Ну вы ж праўда, — казалі яны мужчыну, — да нас як тая хмара прыйшлі. А цяпер? Іншы твар у чалавека! Прычым з усмешкай — нашмат маладзейшы і прыгажэйшы! Значыць, недарма варона старалася! Часцей усміхайцеся! Рукі-ногі цэлыя, галава на плячах, у кашальку сёе-тое водзіцца — дык чаго сумаваць?.. Вось вам вашы агуркі з памідорамі. Ешце на здароўе і радуйцеся! З вас — рубель і яшчэ дзевяноста капеек.

Валянціна Паліканіна, г. Мінск


Хто каго правучыў?

Фота polymia.by

Тыя невыносна цяжкія пасляваенныя гады забыць немагчыма. Голад даймаў усіх, але дзяцей, здаецца, найболей, бо ім жа расці і расці, а ў вёсцы ні табе кароў, ні свіней, ні курэй... Ды што там пра мяса-малако... Бульбы і той не хапала ўдосталь. Буракі, праўда, былі, параная бручка (гарбузы — гэта ўжо ласунак).

Каб выжыць, асобныя з нашых вяскоўцаў ехалі ў Заходнюю Беларусь, працавалі на хутарах, зараблялі сабе збажыны. А калі ўжо вельмі пашанцуе, дык прывозілі па некалькі курэй — на развод — ці нават парасят. Гадавалі іх тады да Каляд, а на свята...

У той год — дзеці ведалі — аж у трох гаспадароў было свежае мяса. Значыць, можна пайсці калядаваць...

Гэта, вядома ж, строга забаранялася, аднак жаданне з'есці дадатковы кавалачак хлеба ці праснака (ды яшчэ каб з салам!) перамагала страх. А далей збіралася група з падлеткаў і малых. Першыя служылі аховай — сачылі, каб «атрад» не трапіў на вочы настаўнікаў, другія ішлі пад вокны — стукалі ў шыбы, клікалі ці будзілі гаспадароў і спявалі, што ўмелі:

Калядзін, калядзін —

Я ў мамкі не адзін,

Маю драны кажушок,

Дай, бабуля, піражок.

Піражка замала,

Дай дзіцяці сала

Ці найлепей — каўбасу,

А то хату разнясу!

Гэткія спевы, ды і самі «калядоўшчыкі», вядома ж, раздражнялі багацейшых гаспадароў, у якіх была свежаніна, бо дзяцей тады было шмат — прыйдзе адзін гурт, праз паўгадзіны другі... А дзе ты ўсім набярэшся, калі корміш тое свінчо то зеллем, то жалудамі? Ад іх жа сала з мясам не дужа нарасце. Сабе б якую страву закрасіць...

Прыкладна так разважалі ў хаце каваля Сцяпана. І таму, пачуўшы чарговы стук у шыбу ды спевы, гаспадар сам выйшаў на ганак, сказаў малым, што не па правілах яны віншуюць людзей. З тым жа поспехам маглі б, маўляў, і гімн Савецкага Саюза спяваць.

— Словы яго хоць помніце? — спытаў у малых.

— Не...

— А каўбасы хочаце?

— Яшчэ і як... Толькі дай! Ага! — наперабой адазваліся дзеці.

— ...Дык спачатку гімн развучыце, тады і атрымаеце. А пакуль — хопіць з вас семак.

На гэтым слове ў торбу для прысмакаў каваль насыпаў гарбузікаў, а потым — дзеці як не памлелі — паклаў туды... каўбасу?! Можна сказаць, цэлы верч, а ўжо ж пахкі!..

Сенька ледзь утрымаў тую торбу і «здаўся» адразу: вырашыў хоць трошкі крадком адламаць і з'есці! Ён нават паспрабаваў быў, схаваўшы колцы за пазуху, але каўбаса чамусьці не ламалася...

І вось, нарэшце, канец калядаванню. Дзеці сышліся ў хаце, каб па-брацку падзяліць прысмакі ды разам з'есці. У Сені з-пад адзежак дасталі каўбасу. Перш чым падзяліць, злічылі колькасць «ратоў» і прыкінулі даўжыню кавалачкаў, потым узялі найвастрэйшы нож, каб парэзаць. Але з гэтага... нічога не атрымалася — каўбаса была цвёрдай, што тое дрэва. Чаму? Таму што замест фаршу (старэйшыя хлопцы тут жа згледзелі) у свіную кішку быў запхнуты канец таўставатай канаплянай вяроўкі...

Пасмяяўся каваль з калядоўшчыкаў!

А потым яны, раззлаваныя, як змаглі пасмяяліся з каваля: знялі яго дыхтоўныя вароты, на санях зацягнулі на другі канец вёскі да плота ўдавы Захарыхі.

Назаўтра ў вяскоўцаў толькі і гутаркі было, што пра гэтыя «жарты»! А таму не дзіва, што галоўнага «жартаўніка» (і за вочы, вядома ж) людзі сталі зваць хто Каўбасой, хто Вяроўкай.

...Даўно гэта было, але ж многія з калядоўшчыкаў яшчэ жывыя. А вось каваля — няма, і яго мянушкі цяпер носяць дзеці.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».