Вы тут

35 гадоў таму на экраны выйшаў «Жорсткі раманс»


Двухсерыйную драму Эльдара Разанава цяпер называюць найлепшай экранізацыяй п'есы Аляксандра Астроўскага. Але спачатку выбар рэжысёра, вядомага сваімі камедыйнымі работамі, многіх здзівіў, а першыя рэцэнзіі наогул былі разгромныя. Затое ў 1985-м кінастужка «Жорсткі раманс» зрабіла фурор на міжнародным кінафестывалі ў Індыі, прадстаўляла СССР на фестывалі ў Таронта, стала «Фільмам года» паводле апытання часопіса «Савецкі экран» і прынесла Мікіту Міхалкову званне найлепшага акцёра года.


...Гісторыю пра беспасажніцу Ларысу Агудалаву, якую многія кавалеры хацелі б мець у каханках, але ніхто не жадае ўзяць жонкай, і якая ад безвыходнасці прымае прапанову дробнага пыхлівага чыноўніка Карандышава, у Расіі пераносілі на экран двойчы, таксама паставілі аднайменны балет і оперу. Таму Разанаў загадзя ведаў, што ягоны — трэці па ліку — фільм будзе называцца інакш. З'яўляючыся вялікім прыхільнікам рамансаў, ён сам падбіраў іх для карціны — і знайшоў не ў старых рускіх песенніках, а ў вершах Ахмадулінай, Цвятаевай і нават у Рэдзьярда Кіплінга, чый пераклад «Цыганскай сцежкі» ператварыўся ў «Калматага чмяля». Яшчэ адзін верш — «Я, нібы матылёк, да агню...» — Эльдар Аляксандравіч напісаў сам.

Ён бачыў у галоўных мужчынскіх ролях выключна Мікіту Міхалкова і Андрэя Мягкова — і, толькі заручыўшыся іх згодай, «прабіў» дазвол у Дзяржкіно.

Здымкі ж праходзілі ў Кастраме. «Быў выбар — здымаць у Кастраме ці Суздалі, — згадваў рэжысёр у сваёй кнізе «Непадведзеныя вынікі», — але мне хацелася паказаць прыгажосць і прастору Волгі, перадаць настрой, які я помніў хлопчыкам. Я здымаў шляхецкую карціну, а ў Суздалі яна атрымалася б купецкая». Будынак мясцовага тэатра лялек ператварыўся ў чыгуначны вакзал, дзе з помпай сустракаюць Паратава, а «Ластаўку» «сыграў» стары колавы параход «Спартак», прычым здымкі праходзілі і падчас звычайнага рэйса, для чаго пасажыраў угаварылі вызваліць частку палубы. І канешне, уражвае сама Волга — яе неабсяжныя прасторы, мяккія восеньскія пейзажы і сапраўдны густы туман, у якім здымалі фінал карціны.

Мікіта Міхалкоў настолькі ўжыўся ў ролю разгульнага пана і судаўладальніка Паратава, што насамрэч ладзіў для партнёраў па фільме рэгулярныя банкеты з тымі ж артыстамі-цыганамі, якія спявалі і танцавалі ў кадры. А аднойчы, калі акцёрам затрымалі зарплату, кажуць, здабыў ліцэнзію, выправіўся на паляванне ў кастрамскія лясы і потым карміў здымачную групу медзвяжацінай.

А вось Андрэй Мягкоў на здымках ледзь не загінуў. Падчас эпізоду, дзе ягоны герой хоча вярнуць Ларысу і плыве на лодцы да «Ластаўкі», акцёр сядзеў спінай да парахода і не заўважыў, што лодка падышла надта блізка, — яна перакулілася, а ў варонку ад кола парахода зацягнула Мягкова... Здымачная група паспела толькі ахнуць. Нейкім цудам акцёр не толькі выплыў, але нават не атрымаў сур'ёзных траўмаў.

Што да Ларысы Гузеевай, то з дэбютанткай рэжысёр нямала памучыўся, каб ператварыць дзяўчыну-хіпі ў даверліва-безабаронную, рамантычную паненку. «Голасам» экраннай Ларысы — бо ў самой юнай актрысы была выразная арэнбургская гаворка — сталі Ганна Камянкова і Валянціна Панамарова, якой няпроста было перайсці ад цыганскіх песень і джазу на сур'ёзныя тэксты. Да таго ж яе імя не ўказалі ў цітрах, і артыстка на доўгі час пакрыўдзілася на рэжысёра — пры гэтым рамансы ў яе выкананні вокамгненна сталі папулярныя і выйшлі асобнай пласцінкай.

Сказана!

«Ва ўсякага свой густ: адзін любіць кавун, а другі — свіны храсток».

«Што ж вы маўчалі, што ў вас каньяк ёсць? Столькі часу змарнавана!»

«Хіба можна ў наш час камусьці давяраць? Распрануць тут жа!»

«Ёсць межы, за якія асуджэнне не пераходзіць».

«Дык не даставайся ж ты нікому!»

Загаловак у газеце: Палёт чмяля над Волгай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».