Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў на VІ Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з кіраўнікамі мясцовых органаў улады Карэліі і Пскоўшчыны.
У прыватнасці, пагадненне разам з кіраўніком «парламента» Віцебшчыны падпісаў старшыня Заканадаўчага сходу Рэспублікі Карэлія Элісан Шандаловіч.
На погляд эканамістаў, супрацоўніцтва асабліва цесна можа быць наладжана і развівацца ў сельскагаспадарчай галіне, машынабудаванні, лесаперапрацоўцы і не толькі.
Народныя выбраннікі таксама будуць абменьвацца вопытам у сферы мясцовага самакіравання, спрыяць узаемадзеянню ў розных кірунках дзейнасці: ад умацавання правапарадку да аховы прыроды.
Кіраўнікі органаў улады згодныя ў тым, што паглыбленне сувязяў на дэпутацкім узроўні спрыяе ўзмацненню інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Міжнароднае дэпутацкае супрацоўніцтва афіцыйна замацавана і з Пскоўскім абласным сходам дэпутатаў. Кіраўнік гэтага прадстаўнічага органа ўлады Аляксандр Котаў паставіў свой подпіс пад пагадненнем разам з Уладзімірам Цярэнцьевым.
Паводле слоў Уладзіміра Цярэнцьева, што датычыцца сувязяў прыгранічных органаў прадстаўнічай улады з гэтым суб'ектам Расіі, прыкладна трэць з 45 пагадненняў, якія падпісалі за апошнія пару гадоў, — з уладай Пскоўшчыны.
І вельмі плённа вядзецца супрацоўніцтва паміж установамі культуры і адукацыі, СМІ — на абласным і рэгіянальных узроўнях. Не першы год запар ажыццяўляюцца і агульныя праекты.
Што датычыцца эканамічных сувязяў, тут ёсць нагода для гонару: калі ў першым паўгоддзі ў Віцебшчыны невялікае зніжэнне гандлёвага абароту з расійскімі рэгіёнамі, з Пскоўскай вобласцю наадварот — павялічыўся да 111 %.
У выніку падпісаных пагадненняў адкрываюцца новыя магчымасці для паскарэння развіцця партнёрства. Галоўнае, як падкрэсліў старшыня Віцебскага аблсавета, каб людзі адчулі перамены ў лепшы бок. Тыя, каму выбаршчыкі даверылі дэпутацкія мандаты, у розных кірунках спрыяюць пашырэнню міждзяржаўных сувязяў дзеля ўнёску ў эканоміку і стабільнасці стасункаў з суседзямі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.