Вы тут

Што паглядзець у былым яўрэйскім квартале Міра


Аб чым расказаў дэпутат райсавета ў падарожжы па былым яўрэйскім квартале

Гэта цэнтр гарадскога пасёлка Мір. Вядома, ён тоіць нямала цікавых гістарычных фактаў. Руслан Абрамчык знаёміць з некаторымі з іх. Але як дэпутат раённага Савета дэпутатаў і намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама ён звяртае ўвагу на сенняшні воблік гарадскога пасёлка. І здаецца, што мінулае і сучаснасць цесна пераплецены паміж сабой. Так на самай справе яно і ёсць.


Захаваць старажытныя аб'екты без гаспадарскай рукі немагчыма. Таму многія пабудовы былога яўрэйскага квартала атрымалі другое жыццё.

Падчас падарожжа Руслан Абрамчык звяртае ўвагу на будынак сучаснай аптэкі. А калісьці тут месцілася ешыва — вышэйшая іўдзейская навучальная ўстанова па падрыхтоўцы рабінаў. І вучыцца сюды ехалі маладыя яўрэі з усёй Еўропы.

Літаральна нядаўна на аптэцы з'явілася мемарыяльная дошка, прысвечаная японскаму консулу ў Літве Ціўнэ Сугіхара. Чаму менавіта яму? Як расказаў суразмоўца, напачатку Другой сусветнай вайны дыпламат дапамог пераехаць вучням ешывы спачатку ў Вільню, а затым у Японію і Кітай. Такім чынам ён выратаваў каля шасці тысяч яўрэяў. Дарэчы, былыя навучэнцы не забылі сваю альма-матар. Яны адрадзілі яе пад назвай «Мір» з аддзяленнямі ў Нью-Ёрку і Ерусаліме.

Далей наш шлях ляжыць да былых сінагог. Тут захаваўся цэлы комплекс будынкаў, у тым ліку Галоўная сінагога, купецкая, дом рабіна і іншыя. Некаторы час яны пуставалі, і вось нарэшце знайшліся гаспадары.

— Гістарычны комплекс знаходзіўся ў камунальнай уласнасці. Не так даўно яго выкупіла сталічная фірма і адкрыла тут гасцінічна-рэстаранны бізнес, — паведаміў дэпутат райсавета. — Для пасёлка гэта вельмі ўдалы кірунак, бо тут знаходзіцца знакаміты Мірскі замак і прыязджае нямала турыстаў. Да таго ж праведзена рэканструкцыя старых будынкаў, цяпер яны яшчэ доўга прастаяць.

Каб затрымаць у пасёлку турыстаў, улады ідуць насустрач прадпрымальніцкім ініцыятывам. Напрыклад, уладальнікам гасцінічнага бізнесу яны гатовы даць зямельны ўчастак для будаўніцтва спа-комплексу з басейнам, саўнай, касметалагічнымі працэдурамі. Дарэчы, хутка пачнецца рэканструкцыя так званай купецкай сінагогі пад гасцініцу.

Цяпер у гасцінічным фондзе прадпрымальнікаў каля 40 нумароў, у тым ліку і люкс, кошт якога дасягае 200 рублёў за суткі. Але гэта, вядома, не адзіны гатэль у пасёлку. Ёсць тут гасцініца камунальнай уласнасці, а таксама ў Мірскім замку.

Трэба сказаць, што замак захапляе сваім велічным выглядам. Але мала хто ведае, што ў 1942 годзе тут некалькі месяцаў было размешчана яўрэйскае гета.

Мы працягваем наша падарожжа па былым яўрэйскім квартале. І тут таксама ёсць чым уразіцца. Насупраць былых сінагог месціцца былая карчма. Праўда, яе функцыя даўно страчана, а гадоў пятнаццаць таму будынак купіў аматар старажытнасці Віктар Сакель і стварыў прыватны музей яўрэйскай культуры.

Як расказаў сам гаспадар, усе экспанаты мясцовыя, многія знойдзены пры раскопках у замку яшчэ да яго рэстаўрацыі, многія трапілі на вочы пры пракладцы інжынерных сетак. Тут знаходзіцца вялікі клад старажытных манет. Іх Віктар знайшоў, калі заліваў фундамент.

Уражваюць арыгіналы дакументаў канца ХІХ стагоддзя. Напрыклад, царскі ўказ 1892 года аб дапамозе пагарэльцам Міра. Як вядома, пасёлак некалькі разоў моцна выгараў, і захаваліся нават спісы жыхароў, каму і колькі было ахвяравана пасля пажару.

Смутак выклікаюць рэчы, якія засталіся пасля арыштаў яўрэяў. Прадметы побыту, посуд, кнігі, адзенне — многае захавалася толькі таму, што было закапана альбо схавана. Напрыклад, скрутак палатна праляжаў у зямлі паўстагоддзя, і, што цікава, цяпер у добрым стане. Гадзіннік ідзе больш за сто гадоў, ды яшчэ з боем. А патэфонаў тут некалькі. І некаторыя працуюць, пласцінкі 30-х гадоў гучаць незабыўна. Дарэчы, у музей трапілі і некаторыя рэлігійныя прадметы з куфра рабіна, які знайшлі падчас рэканструкцыі рэстарана яго ўласнікі.

Музей — не адзіны аб'ект Віктара Сакеля. Ён купіў яшчэ адзін дом побач і стварыў аграсядзібу. Цяпер у яго таксама свой невялікі, але цікавы комплекс.

Нядаўна мясцовыя ўлады распачалі супрацоўніцтва з грамадскімі яўрэйскімі абшчынамі. Так, міжнародны студэнцкі цэнтр зацікавіўся тутэйшымі старажытнымі могілкамі. У Мір з'ехаліся студэнты-валанцёры з многіх краін, каб правесці дакладную інвентарызацыю. Цяпер гэта тэрыторыя на балансе сельскага Савета, але тут можна стварыць сапраўдны турыстычны аб'ект.

— Яўрэйскія могілкі даволі вялікія, але мы нічога пра іх не ведаем, бо не можам прачытаць надпісы, і нам дапамогуць валанцёры. Пасля таго як будзе ўсё задакументавана, можна падаць заяўку на ўключэнне могілак у спісы помнікаў гісторыка-мемарыяльнай каштоўнасці. І гэта апраўдана, бо могілкі старажытныя, заснаваны можа дзесьці ў XVІІ стагоддзі, а апошнія пахаванні тут адбываліся ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, — расказаў Руслан Абрамчык.

Ёсць планы і на наступны год. Саюз яўрэйскіх абшчын мае намер прафінансаваць рэканструкцыю і замену мемарыяльных знакаў на месцах масавых расстрэлаў. І хоць сельскія Саветы Карэліцкага раёна даглядаюць тэрыторыю, многія знакі патрабуюць аднаўлення, бо былі ўстаноўлены яшчэ ў 60-я.

Цяпер былы яўрэйскі квартал мае іншы воблік, сучасны і турыстычны. Па гэтым шляху гарадскі пасёлак будзе ісці і далей. Мір —  адзін з 16 пасёлкаў, якія вылучаны ў пілотны праект дзяржаўнай праграмы па добраўпарадкаванні. І многае ўжо зроблена, адзначыў Руслан Абрамчык. Прыведзены ў належны стан дарогі, сістэма водазабеспячэння, сацыяльныя аб'екты. Мірскі замак — адзін з чатырох аб'ектаў Беларусі, якія ўключаны ў спіс ЮНЭСКА, і вельмі папулярны сярод турыстаў. Многія з іх любяць спыняцца ў гасцініцах, якія абсталяваны ў гістарычных будынках.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Былая сінагога прымае турыстаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.