Вы тут

«Малітва» Молчана–Купалы. Песня № 1


Чвэрць стагоддзя таму адбылася прэм'ера песні, якая стала духоўным гімнам Беларусі

У 1994 годзе вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры» адзначаў сваё 25-годдзе. Праграма для юбілейных канцэртаў – гэта заўсёды творчая справаздача перад публікай, любімыя хіты і новыя песні. Мастацкі кіраўнік «Песняроў» Уладзімір Мулявін галоўную песню канцэрта хацеў выканаць сам, абраў для яе вершы Янкі Купалы, а музыку даручыў напісаць Алегу Молчану. Як стваралася песня, і што яна значыць для нас сёння — пра гэта распавялі сам кампазітар і яго былыя калегі па ансамблю «Песняры».


У «Песняры» Алега Молчана запрасіў сам Мулявін. У той час Алегу было ўсяго 24 гады і рэпутацыя дасведчанага музыканта, які ўжо кіраваў адным з ансамбляў Белдзяржфілармоніі. Прыйшоў Молчан у знакаміты калектыў не з пустымі рукамі, а з уласнай праграмай «Ave sole, альбо Слова Скарыны», якую «Песняры» выканалі ў канцэртах, прымеркаваных да свайго 20-годдзя. Трэба адзначыць, што звычайна аснову праграмы складалі кампазіцыі Мулявіна. Фактычна Алег Молчан пачаў працаваць музычным кіраўніком «Песняроў», хоць афіцыйна гэтая пасада ў штаце ансамбля з'явілася толькі ў 1997 годзе. Аранжыроўкі амаль усіх песень, якія выконвалі «Песняры» ў 90-я гады, належаць Алегу Молчану. Ён жа давёў да музычнай дасканаласці праграму «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча. Так што даручэнне Мулявіна напісаць песню да юбілею зусім не выпадкова.

Як успамінае сам кампазітар, праца над «Малітвай» заняла больш за месяц – ён спрабаваў самыя розныя варыянты.

«Не ўзгадаю ніякіх праблем з тэхнічнага пункту гледжання. Алег Молчан напісаў мелодыю, зрабіў аранжыроўку, усё гэта мы запісалі ў студыі і ўжо ў такім гатовым выглядзе паказалі работу Уладзіміру Георгіевічу, успамінае гукарэжысёр ансамбля «Беларускія песняры» Аляксандр Папроцкі. Вельмі не просты твор па музычнай форме. Там жа не толькі ў тэксце нарастае трывога, усё гэта адлюстравана і ў музыцы, у фінале гучаць відавочна гімнавыя ноты».

Алег Молчан распавёў, што ён сапраўды хацеў, каб твор быў падобны на гімн, але ў той жа час з мелодыяй, лёгкай для разумення публікі.

«Вельмі ёмісты, няпросты твор, напісаны з любоўю, а дзякуючы бездакорнай аранжыроўцы Алега Молчана, лёгка запамінальны. Ёсць песні, у якіх людзі памятаюць запеў, прыпеў, часам толькі ўступ, а «Малітву» ведаюць ад пачатку да канца, кажа Уладзімір Марусіч, які працаваў у «Песнярах» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. Упершыню пачуўшы «Малітву», зразумеў, што гэта нешта асаблівае. Колькі разоў сам быў на сцэне, калі яна гучала заўсёды мурашкі па скуры. Не ўяўляю сабе іншага выканаўцы, акрамя Уладзіміра Мулявіна. І гэта сведчанне вялікага таленту Алега Молчана: напісаць песню, якая падыходзіць выканаўцу як родная».

Публіка прыняла песню адразу: на прэм'еры, якая адбылася 24 ліпеня 1994 года на «Славянскім базары», затым у верасні ў Мінску на юбілейным канцэрце «Песняроў».

«Малітва» з'явілася ў спрыяльны час, калі грамадства было гатова да такой песні, кажа заслужаны артыст Беларусі, экс-саліст вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» Леанід Барткевіч. Песня атрымалася ў выніку творчай садружнасці трох геніяў: Янкі Купалы, Алега Моўчана і Уладзіміра Мулявіна. У Алега шмат добрых песень, а «Малітва» геніяльная рэч, пераацаніць яе немагчыма. Яна ўжо ўвайшла ў гісторыю, а разам з ёй і імя Алега Молчана.

Так склалася, што Мулявін, сам таго не ведаючы, завяршаў кар'еру, выконваючы песні Алега Молчана: гэта і «Кума», і «Обманите меня», «Милая женщина», «Христос воскрес». А «Малітва» – гэта тая песня, з якой ён з намі развітаўся, пакінуўшы запавет: маліцца за родны народ Беларусі.

Многія артысты бяруць у свой рэпертуар песні, якія выконвалі «Песняры», мяркуючы, што гэта гарантыя поспеху. Некалькі гадоў таму Алег Молчан быў вымушаны афіцыйна забараніць выкананне «Малітвы» без яго персанальнага дазволу.

«Цалкам салідарны з Алегам, калі ён не дазваляе спяваць яе ўсім жадаючым, кажа Аляксандр Папроцкі. Ёсць песні, якія не трэба чапаць, проста пакінуць іх у спакоі, таму што да той планкі, якую задаў Мулявін, дацягнуцца пакуль яшчэ нікому не ўдавалася. Ды і сам Уладзімір Георгіевіч ставіўся да яе вельмі беражліва, не ў кожнае сваё выступленне ўключаў, а толькі ў значныя канцэрты, таму што разумеў, якое месца «Малітва» займае ў рэпертуары «Песняроў». А праз дваццаць пяць гадоў можна з упэўненасцю сказаць, што ў сучасным беларускім песенным мастацтве роўнай ёй няма. «Малітва» стала культавым творам у Беларусі, лічу яе нумарам адзін за апошняю чвэрць стагоддзя. Упэўнены, што абсалютна заслужана называюць «Малітву» духоўным гімнам, таму што яна дакладна характарызуе нашу краіну, наш народ».

А вось ці думаў Алег Молчан, што стварае культавы твор? «Кожны аўтар марыць аб шчаслівым лёсе для свайго твора, кажа кампазітар. Аднак нічога немагчыма прадбачыць. «Малітва» не зусім звычайная песня. Тут не проста вершы класіка, гэта сапраўды духоўны твор, і каб напісаць музыку, трэба было, як кажуць, шмат што мець за душой. А я сапраўды тады не думаў, што «Малітву» праз некалькі гадоў будуць называць вяршыняй маёй творчасці. Якая вяршыня, калі мне было 29 гадоў! Усё, што ўкладзена мной у «Малітву» гэта шчыра, ад душы. Вось пра гэта я думаў, каб атрымалася ўсё сумленна».

А па-іншаму ён і не ўмее працаваць. Таму што ўсе песні Молчана, перш за ўсё, пакараюць сваёй шчырасцю, меладызмам. Ён шмат увагі надае падбору вершаў і выканаўцаў. Да таго ж Алег Молчан валодае і талентам арганізатара, бо мала стварыць песню, трэба, каб яна дайшла да публікі. Да 50-годдзя «Песняроў» на фірме «Мелодыя» рыхтуецца калекцыйны вініл і двайны CD, куды ўвойдзе больш за 30 хітоў Алега Молчана ў выкананні «Песняроў» у розны час.

«Для мяне асабіста «Малітва» вяршыня творчасці Алега Молчана. На мой погляд, гэтым творам ён  апярэдзіў і сябе, і час, гаворыць Уладзімір Марусіч. Песня і сёння сучасна гучыць, хоць Алег рабіў новыя аранжыроўкі для мітрапалічага хору або для аўтарскага канцэрта, калі ў фінале яе выконвалі ўсе артысты. Гэта яго права як аўтара, даваць развіццё свайму твору. І перад, і пасля «Малітвы» ён напісаў шмат выдатных песень. Праз год у Алега юбілей, і хачу пажадаць яму адзначыць гэтую дату новым і такім жа магутным творам».

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Юрыя Іванова, Міхаіла Маругі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.