Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў Веткаўскі раён


У рамках рабочай паездкі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці.


Кіраўнік дзяржавы наведаў вытворчы цэх Навасёлкі РДСУП «Беларуснафта-Асобіна», УСП «Радуга-Агра» і блок плавальных басейнаў у райцэнтры.

Аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна кіраўніку дзяржавы даклаў першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Паводле яго слоў, адна з галін, якая найбольш адстае на сённяшні дзень — сельская гаспадарка. Тэмпы развіцця будаўніцтва, прамысловасці неблагія, нягледзячы на страты нафтаправоду «Дружба» з-за забруджанай расійскай нафты.

«Тое пытанне, якое нас сёння найбольш хвалюе ў прамысловасці — „Гомсельмаш“, — сказаў кіраўнік вобласці. — І мы разглядаем розныя канцэпцыі: развіццё зернеўборачнай вытворчасці, кармаўборачнай вытворчасці і вытворчасць камбайнаў для ўборкі буракоў з лакалізацыяй 50 %».

У вобласці невялікія запасы гатовай прадукцыі, выконваюцца паказчыкі па экспарту, развіваецца турызм.

Найбольш развітая галіна — будаўніцтва. За паўгода Гомельшчына пабудавала больш за палову запланаванага гадавога аб’ёму жылля. Паводле слоў кіраўніка вобласці, сёлета плануецца забяспечыць жыллём 2000 шматдзетных сямей з 5800.

На гэта кіраўнік дзяржавы заўважыў: «Глядзіце, каб вы шматдзетныя сем’і, якія фактычна фінансуюцца з бюджэту, не сцягнулі ў Гомель. Ні ў якім разе! Гэта не правільна будзе. Шматдзетная сям’я павінна жыць у невялікім горадзе, а лепш за ўсё — у аграгарадку. Гэта і нам —дзяржаве — патрэбна, і дзецям выгадна».

Ён прывёў у прыклад дом, пабудаваны для 10 шматдзетных сем’яў у Мінскай вобласці. «Прыехалі з буйных гарадоў і з задавальненнем там жывуць, — расказаў Прэзідэнт. — У нас аграгарадкі ўжо ў больш-менш нармальным стане, чаму там не жыць? Гэта будзе садзейнічаць размеркаванню працоўнай сілы. Усё ж такі ў гэтых сем’ях па трое-пяцёра дзяцей».

Падарункаў «Гомсельмашу» ніхто рабіць не будзе, аднак некаторую дапамогу аказаць могуць

Другім пунктам візіту Прэзідэнта на Гомельшчыну стала поле азімага трыцікале ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Радуга — Агра». Тут кіраўнік дзяржавы пазнаёміўся з новай лінейкай зернеўборачных камбайнаў айчыннай вытворчасці. Пры гэтым зноў былі закрануты праблемы холдынгу «Гомсельмаш», у прыватнасці недапрацоўкі былога кіраўніцтва. Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зараз на заводзе няма разгубленасці. «Адзіная цяпер праблема — абаротныя сродкі», — прызнаўся генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Новікаў. На што кіраўнік дзяржавы адказаў: «Ніхто табе падарункаў рабіць не будзе. Калі трэба дапамагчы, калі ты заўтра сто камбайнаў прадаеш і штосьці вяртаеш у банк або бюджэт, канешне, табе грошы пазычым. „Гомсельмаш“ ніхто не забудзе!» 

Гэта датычыцца і іншых буйных машынабудаўнічых прадпрыемстваў краіны, незалежна ад формы ўласнасці, сказаў кіраўнік дзяржавы. «Гэта ўсё беларускае. Яны павінны даваць вынік. Заводы гэтыя будуць захаваныя, — паабяцаў Прэзідэнт. — Таму ў нечым дапаможам, але ўсё гэта павінна быць абгрунтавана і разумна. Самае галоўнае — сёння ўзяў рубель, заўтра рубель дзве капейкі вярні, многа не трэба, але падарункаў не будзе».

У гутарцы з кіраўніцтвам холдынгу зайшла размова пра плённае супрацоўніцтва з Казахстанам і зацікаўнасць да ўваходжання ў капітал беларускай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што гэта цалкам магчыма, калі ў выніку будзе выходзіць канкурэнтаздольная прадукцыя.

На полі Прэзідэнту распавялі пра мадэль газаматорнага зернеўборачнага камбайну КЗС — 4118К. Машына простая ў абслугоўванні, запэўнілі прадстаўнікі холдынгу, пры гэтым экалагічны клас яе вышэй (Stage IV, як опцыя — Stage V), што дазваляе рэалізоўваць камбайны ў Еўропу.

Аляксандр Лукашэнка ўчыніў, можна сказаць, вельмі строгі допыт: ці сапраўды нам патрэбныя такія машыны, у чым яны саступаюць, наколькі будуць даражэй, наколькі канкурэнтаздольныя? Ён пытаўся пра гэта і ў канструктараў, і ў генеральнага дырэктара холдынга, і ў кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства, і ў механізатараў. Можна сказаць, што ў адказах Прэзідэнту ўсе меркаванні супадалі: за вытворчасцю газаматорных камбайнаў будучыня. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што машына павінна быць даражэй сваіх аналагаў не больш, чым на 10 працэнтаў і акупляцца за 3,5 −4 гады, тады яе вытворчасць будзе мэтазгодная. 

Усяго кіраўніку дзяржавы былі паказаныя шэсць новых машын, і ён пагутарыў з механізатарамі кожнай з іх, пры гэтым пытаўся не толькі пра перавагі і недахопы тэхнікі, але і пра асабістае жыццё, сем’і, дзяцей.

Адзін з механізатараў — Амаяк Дземерчан — расказаў, што прыехаў у Беларусь з Абхазіі ў 1992 годзе. Ён запэўніў Прэзідэнта Беларусі, што яму тут жывецца добра.

Датычна «Гомсельмашу», Аляксандр Лукашэнка зрабіў даручэнне першаму намесніку прэм’ер-міністра Аляксандру Турчыну: «Неадкладна падключайце ўрад! „Гомсельмаш“ ёсць, быў і будзе заўсёды ў краіне! Гэта 25 гадоў таму мяне запэўнівалі: маўляў, не патрэбны камбайны і „Гомсельмаш“ трэба прадаць. Сёння мы бачым, што гэта добрая школа, добрая група вучоных, канструктараў. Ні ў якім разе нельга страціць гэтую школу! І тэхніка гэтая патрэбна. Але варушыцца трэба. Збірайцеся і думайце, але каб у наступным годзе мы перасталі казаць пра „Гомсельмаш“ у адмоўным сэнсе».

Прэзідэнту далажылі, што за апошнія паўгады сітуацыя на прадпрыемстве выправілася: павялічыўся экспарт, значна зменшыліся запасы гатовай прадукцыі, толькі за чэрвень удалося прадаць 400 камбайнаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прадпрыемства знаходзіцца пад асаблівай увагай кіраўніцтва краіны і яму будзе аказаная неабходная дапамога, пры гэтым ён заўважыў, што многія сённяшнія праблемы створаны з-за памылак у кадравай палітыцы. Галоўная думка кіраўніка дзяржавы — трэба клапаціцца пра пераемнасць пакаленняў і не баяцца давяраць адказныя рашэнні больш маладым.

Даклад старшыні Веткаўскага райвыканкама Паўла Сілівончыка Прэзідэнт перарваў словамі: «Гэта я ведаю. Скажы, што кепска». У адказ прагучала інфармацыя пра зніжэнне вытворчасці малака з-за леташняга недахопу кармоў. На канец года раён плануе выйсці па вытворчасці малака на 95 працэнтаў ад мінулага года.

Аднак Прэзідэнт адразу намацаў самую хваравітую праблему на Веткаўшчыне і ў цэлым па краіне — падзёж жывёлы. Аказваецца толькі сёлета ў раёне загінула 800 галоў. Прычыны, па меркаванню мясцовага кіраўніцтва, — кармы. Але ў кіраўніка дзяржавы іншае меркаванне: «Не можаш накарміць, не разводзь, — сказаў ён. — Аддай тым, у каго ёсць корм. Навошта нішчыш жывёл?»

Генадзь Салавей пагадзіўся, што галоўная прычына — памылкі кіраўнікоў гаспадарак і парушэнне тэхналогій у жывёлагадоўлі.

«Яшчэ раз паўтараю для ўрада: за падзёж жывёлы сядзіце ў турму! Па-мойму, 85 тысяч па леташняму году. Вы уяўляеце, колькі б гэта было мяса?» — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў генеральнаму пракурору прадаўжаць непасрэдна займацца гэтым пытаннем і даваць вынікі. «Гэта не дапушчальна! То кармы дрэнныя, то іншае. Гэта проста бесталковасць!», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Рэспубліканскае даччынае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Беларусьнафта — Асобіна» — прыклад паспяховага пераўтварэння стратнага прадпрыемства ў перспектыўнае з дапамогай буйнога дзяржаўнага канцэрна. «Беларусьнафта» мае падобныя гаспадаркі ў кожнай вобласці, і ўсе яны маюць лепшыя, чым ў сярэднім па раёну, паказчыкі. На пытанне Прэзідэнта, наколькі прыходзіцца такія гаспадаркі датаваць, генеральны дырэктар РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» Аляксандр Ляхаў адказаў: «Датацыі ёсць, але я лічу, што паляпшэнне адбываецца і асабліва відавочна гэта на дадзеным прадпрыемстве». За паўгода прырост вытворчасці тут склаў 118 працэнтаў, і амаль пяцікратны за час апекавання з боку нафтавікоў. Складскія запасы ніжэй за норму.

Канцэрн прымяніў у кіраванні сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі тыя ж прынцыпы, што і ў прамысловасці, склаў праграму росту, штогод уводзіць у эксплуатацыю новыя аб’екты і практычна абнавіў вытворчую базу. Зараз у «Асобіна» стаіць задача нарасціць вытворчасць і збалансаваць ланцужок ад сыравіннай зоны да глыбокай перапрацоўкі. Пакуль што тут не хапае мясакамбінату, дзе больш глыбока перапрацоўвалася б птушка.

Прэзідэнт уважліва выслухаў інфармацыю пра палітыку «Беларуснафты» адносна даччыных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. «Глядзі, каб гэтыя гаспадаркі не былі беднымі пасынкамі», — папярэдзіў ён Аляксандра Ляхава і параіў як мага хутчэй пабудаваць завод па больш глыбокай перапрацоўцы мяса птушкі.

* * *

РУП «Беларуснафта-Асобіна» створана ў кастрычніку 2005 года. Заснавальнікам выступае УП «Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта». З'яўляецца адным з валаўтваральных гаспадарак у вобласці па вытворчасці птушкі, а таксама займаецца вырошчваннем збожжа і рапсу. Вытворчыя аб'екты «Беларуснафта-Асобіна» размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў Гомельскай вобласці - Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага і Кармянскага.

У структуры зямель УП «Радуга-Агра» сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 3278 гектараў, з іх ворыва - 2930 гектараў. Гаспадарка займаецца вырошчваннем збожжа, рапсу, бульбы, вытворчасцю малака, буйной рагатай жывёлы і свіней. За 2018 год валавы збор збожжавых і зернебабовых структур, уключаючы кукурузу, склаў 3,3 тыс. тон. Ураджайнасць збожжавых склала 26,1 цэнтнера з гектара.


Алімпіяда ў Токіа будзе жорсткім іспытам для беларускага спорту

Комплекс плавальных басейнаў у г. Ветка быў адкрыты ў маі 2018 года. Знаходзіцца на балансе Веткаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У адным басейне чаша памерамі 8,5х25х1,5м для аздараўленчага плавання дарослых, у іншым - дзіцячая ванна памерамі 6х10х1м для навучання дзяцей плаванню. У дзіцячым басейне прадугледжваецца правядзенне папераменных заняткаў дзяцей розных узроставых груп ад 7 да 10 і ад 10 да 14 гадоў. Для бесперашкоднага карыстання паслугамі басейна людзьмі з парушэннямі апорна-рухальнага апарата створана адпаведная інфраструктура.

Пра свае планы наведаць Гомельскую вобласць кіраўнік дзяржавы згадаў на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі. «Пачынайце планаваць, што і дзе вы будзеце сеяць, - параіў Прэзідэнт. - Трэба своечасова ўсё рабіць. У бліжэйшы час буду ў вас. Рыхтуйцеся, мы абмяркуем гэтыя праблемы», - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён запатрабаваў, каб падчас паездкі яму дакладвалі не пра ход уборачнай, а пра тое, што будзе заўтра.

Веткаўскі раён — адзін з пацярпелых рэгіёнаў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, таму аздараўленню насельніцтва тут надаецца асаблівая ўвага. «Каб прыцягнуць насельніцтва да фізічнай культуры і спорту, вядома, неабходныя ўмовы. Усяго ў раёнах, пацярпелых ад аварыі, дзейнічае 574 спартыўныя аб’екты», — распавёў кіраўніку дзяржавы першы намеснік міністра спорту і турызму Вячаслаў Дурноў.

Прэзідэнт адзначыў, што спартыўныя аб’екты ў гарадах, у тым ліку і ў Ветцы, павінны выкарыстоўвацца не толькі для заняткаў фізкультурай, але і для адбору і падрыхтоўкі спартсменаў. «Мы ж ствараем, грошы трацім вялікія. Мы хоць па адным зярнятку адсюль нешта маем? — спытаў ён. — Хай вас не супакойваюць Еўрапейскія гульні. Токіа на носе. Гэта для вас усіх будзе вельмі жорсткі іспыт».

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з уладкаваннем басейнаў і дапаможных памяшканняў, наведаў трэніроўку выхаванцаў спартыўнай школы.


«Прыязджайце часцей, мы вас цэнім» — як жыхары Веткі сустракалі Прэзідэнта ў сваім горадзе

Каля гарадскога басейна Веткі, які ў ліку іншых аб’ектаў таксама наведваў кіраўнік дзяржавы, Аляксандра Лукашэнку чакалі мясцовыя жыхары. Хацелі не столькі задаць пытанні ці распавесці пра праблемы, колькі павітаць Прэзідэнта, падзякаваць яму за прыезд і ўсё тое, што робіцца ў горадзе для камфортнага жыцця людзей.

«Мы вас любім, шануем, паважаем, Аляксандр Рыгоравіч! Прыязджайце да нас часцей!» — раздаваліся галасы ў групе людзей, якія акружылі Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў прысутных і падзякаваў за падтрымку. «Я вам удзячны за тое, што вы мяне заўсёды падтрымлівалі, тут, у Гомелі мяне заўсёды падтрымлівалі нават больш, чым дзе-небудзь», — сказаў ён.

«Сёння мы бачым, што тут жыць можна і трэба, як бы ні было цяжка, цяпер усюды нялёгка. Там вам лягчэй не будзе, гэта чужое», — упэўнены Прэзідэнт.

На памяць пра прыезд кіраўніка дзяржавы ў жыхароў Веткі застануцца асабістыя фота- і відэазапісы на тэлефонах (многія здымалі на смартфоны амаль усю размову), а юныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі ў падарунак традыцыйны горкі шакалад без цукру «Прэзідэнт».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА і па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.