Вы тут

Беларусь і Узбекістан імкнуцца да тавараабароту ў мільярд долараў


Беларуска-ўзбекскі гандаль мае велізарны патэнцыял. Такую ўпэўненасць выказаў учора Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў. Як вядома, кіраўнікі абедзвюх дзяржаў паставілі задачу на бліжэйшыя гады па дасягненні тавараабароту ў 1 мільярд долараў.


Па словах пасла, летась тавараабарот паміж нашымі краінамі склаў 420 мільёнаў долараў, павялічыўшыся ў 2,3 раза ў параўнанні з папярэднім годам.

«Галоўнае, мы павінны забяспечыць развіццё рэгіянальных сувязяў. Калі рэгіёны пачнуць працаваць, нашы патэнцыйныя магчымасці будуць рэалізаваныя. Не сумняваюся, што ў бліжэйшы час гэтая лічба будзе дасягнутая», — адзначыў кіраўнік дыпмісіі.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Узбекістан — не канкурэнты, наадварот, эканомікі бакоў дапаўняюць адна адну. Таму, на думку Насірджана Юсупава, трэба аб'яднаць магчымасці і вырашаць свае праблемы.

Такой мэце паслужыць і першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, які мае адбыцца 29—30 ліпеня ў Мінску. У дэлегацыі сярэднеазіяцкай краіны будзе каля 120 прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, мясцовай улады, бізнес-супольнасці, патэнцыйных інвестараў. Як паведаміў пасол, падчас Форуму плануецца падпісанне пагадненняў аб рэгіянальным супрацоўніцтве, а таксама камерцыйных дагавораў.

Пазнаёміцца з магчымасцямі гандлю і вытворчасці запрашаюць на выстаўку «Зроблена ва Узбекістане», што пройдзе з панядзелка да пятніцы на «БелЭкспа». На выстаўцы будзе прадстаўлена каля тысячы найменняў прадукцыі ад 80 прадпрыемстваў, у тым ліку арыентаванай на экспарт.

Намеснік міністра эканомікі і прамысловасці Узбекістана Сахіб Саіфназараў удакладніў, што экспанавацца будуць тэкстыльныя і скураныя вырабы, бытавая тэхніка, будаўнічыя матэрыялы, лакафарбавая і хімічная прадукцыя, а таксама прадукты харчавання. Сваё майстэрства прадэманструюць народныя ўмельцы, а дзесяць рэгіёнаў краіны прадставяць свой патэнцыял у розных галінах.

«Галоўнае, чаго мы здолелі дасягнуць, — узаемадзеянне і сумесная работа нашых рэгіёнаў. Думаю, гэта дасць штуршок для далейшага развіцця нашых адносін», — падкрэсліў Сахіб Саіфназараў.

Да таго ж І Форум рэгіёнаў стане для беларусаў магчымасцю згадаць ці даведацца больш пра ўзбекскае мастацтва: 30 ліпеня пачынаюцца Дні культуры краіны, на працягу якіх свае таленты падораць беларускай сталіцы вядомыя калектывы, мастакі, умельцы. А напярэдадні запланавана адкрыццё бюста паэта і асветніка Алішэра Наваі.

«Гэта — першы помнік дзяржаўнаму дзеячу Усходу, Узбекістана тут, у Беларусі. Мы ганарымся, што беларускі бок ініцыяваў стварэнне гэтага помніка, скульптарам таксама выбраны беларус», — падзяліўся Насірджан Юсупаў.

Беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка наведваў сярэднеазіяцкую краіну леташнім вераснем: тады былі распрацаваныя канкрэтныя планы двухбаковага супрацоўніцтва.

«Падчас сустрэчы ў Мінску будуць падведзеныя некаторыя вынікі рэалізацыі дарожнай карты і вызначаныя перспектыўныя кірункі выканання мерапрыемстваў», — паведаміў Насірджан Юсупаў.

Варвара Марозава

Загаловак у газеце: Першы ў многіх сэнсах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.