Вы тут

Алесь Яскевіч. Навуковец, які верыць...


Знакаміты літаратуразнаўца, які праклаў новыя напрамкі ў тэорыі прозы, вершазнаўства на сумежжы з лінгвістыкай, фалькларыстыкай, этнаграфіяй, Алесь Яскевіч спалучаў навуковы падыход з яркай дзейнасцю літаратурнага крытыка, паставіўшы мэтай не абысці ўвагай ніводнага пісьменніка, асабліва з маладых. Яго ацэнкі чакалі і сталыя аўтары.


Помніцца яго абарона Уладзіміра Караткевіча, якога тады моцна крытыкавалі за тое, што ў творах шмат нацыянальнага, а таксама Пімена Панчанкі, пазней народнага дэпутата, за яго вострасацыяльны знакаміты твор «Прыстасаванцы».

 Алесь Яскевіч асмеліўся ўжо тады аб’ектыўна напісаць пра мастацкія вартасці аповесці Аляксея Кулакоўскага «Дабрасельцы», якую ў той час ганілі.

Артыкулы, нават простыя рэцэнзіі, вылучаліся навізной, цанілася тым, што ён пісаў пра твор не толькі з боку маральна-ідэйнага зместу, а звяртаў увагу на надзвычай патрэбную тады культуру творчасці. Карысталася папулярнасцю яго першая кніга «Карані маладога дрэва», якой захапіліся фалькларысты (раздзел «Ад казкі — да апавядання»), мастакі, скульптары, архітэктары (раздзел «Каненкавы, Якубонісы, Немееры... Ці будуць яны ў нас»).

Аўтар распрацоўваў напрамак у літаратуразнаўстве, які асвятляў творы з гледзішча нацыянальных традыцый, ім была канцэптуальна па-новаму пераасэнсавана ранняя беларуская літаратура: спадчына Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушевіча, Янкі Лучыны.

Наступная кніга Алеся Яскевіча — фундаментальнае даследаванне «Станаўленне беларускай мастацкай традыцыі». Пазней гэтую тэму ён абараніў у якасці доктарскай. Даследаванне па-новаму адкрывала для айчыннага чытача постаці ад Яна Баршчэўскага, Яна Чачота да Янкі Лучыны, — яны прызнаваліся «першапачынальнікамі» беларускага пісьменства, на фальклорна-мастацкіх распрацоўках якіх узрастала наша знакамітая класіка.

Кніга, заснаваная на псіхалогіі творчасці, — «У свеце мастацкага твора», асабліва спадабалася выкладчыкам, яе залічылі ў «літаратуразнаўчую класіку». Гэтая праца знакамітая тым, што знаходзіцца на сумежжы літаратуры і мовы. Поглядам літаратуразнаўцы аўтар ацэньваў асаблівую, прыкметную больш знешне эпічнасць беларускага слова, якое да той пары не было ацэнена ў сваёй вобразнай «унутранай форме».

Трэба адзначыць унёсак даследчыка ў распрацоўку функцыянальных стыляў беларускай мовы.

Помніцца яго фактычнае адзінаборства з запатрабаваннем рэфармавання беларускага правапісу па ўзоры «Граматыкі» Браніслава Тарашкевіча. Алесь Сямёнавіч, узначаліўшы моўную камісію пры Саюзе пісьменнікаў, правёў дзве праблемныя канферэнцыі з абмеркаваннем ужо на найвышэйшым узроўні ў Вярхоўным Савеце, камісію якога ачольваў Ніл Гілевіч. Запрасіў шырокае кола мовазнаўцаў і іншых спецыялістаў. У выніку чаго скараспелая тарашкевіцкая рэфармацыя была адвергнута грамадскасцю, становішча нармалізавалася.

Алесь Яскевіч праявіўся і ў галіне мастацкага перакладу. Вядомыя яго публікацыі ў часопісе «Дружба народаў». За артыкулы па перакладзе пісьменнік неаднойчы атрымліваў гадавыя прэміі часопіса.

Этапнай у навуковым станаўленні была кніга «Рытмічная арганізацыя мастацкага тэкста», якую яго старэйшыя калегі — акадэмік І.Я. Навуменка, прафесар, доктар філалагічных навук М.М. Грынчык — адносілі да найважнейшых тэарэтычных распрацовак сусветнай філалогіі.

Сам Алесь Яскевіч лічыць найбольш вартым сваё апошняе выданне «Сусветная таямніца чалавека». Яно стала настольнай кнігай для навукоўцаў і святароў — кнігай роздуму над сённяшнім і будучыняй. Натхнёныя кнігай чытачы казалі, што дзеля яе стварэння і «варта было жыць».

Сярод надрукаваных багаслоўскіх кніг і брашур варта нагадаць «Прырода ў свеце Бібліі», «Біблейскі пераклад: зберажэнне тэксту» (Даклад на XII з’ездзе славістаў), «Літаратура, мова, пераклад», «Роля Бібліі ў станаўленні нацыянальнай літаратурнай мовы» (С-Пб. Калектыўны зборнік сумесна з іншымі аўтарамі).

Заслугай Алеся Яскевіча як біблеіста з’яўляецца абгрунтаванне тэорыі біблейскіх паралельных месцаў як ключа, выяўленне «страчаных», аднаўленне новых. Спецыялізацыя ў астранамічных ведах, у рэчышчы біблейскай астраноміі дазволіла выявіць пагрэшнасці біблейскіх перакладаў, нават выпадзенне кавалкаў біблейскага тэксту ў большасці прынятых Евангельскіх перакладаў многіх хрысціянскіх нацый.

Творчы багаж пісьменніка складаюць каля дзвюх дзясяткаў манаграфій і болей ад сотні (у тым ліку артыкулаў і рэцэнзій) журналісцкіх работ.

Сцяпан ЛАЎШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.