Вы тут

Заставацца беларусамі


Чым жылі нашы суайчыннікі, якія з розных прычын апынуліся ў далёкім ці блізкім замежжы? Як выхоўвалі дзетак, каб тыя не забыліся на свае карані, на што трацілі грошы, як бавілі час пасля працоўнага дня, — на гэтыя ды іншыя пытанні адказвае літаратурна-дакументальная экспазіцыя «У сэрцы з Радзімай», прысвечаная літаратурнай спадчыне беларускіх эмігрантаў ХХ стагоддзя. Выстаўка, зладжаная ў межах праекта «Збіраем гісторыю беларускай літаратуры разам», працуе ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.


У цэнтры экспазіцыі — зялёная карта Беларусі, ад якой, нібы промні сонца, у розныя бакі разыходзяцца стужкі, упрыгожаныя арнаментам. На канцы кожнай з іх — маленькая саламяная птушачка, сімвал беларусаў, якія разляцеліся па ўсім свеце. На асобным стэндзе ўся колеравая гама — сцягі дзяржаў, дзе былі створаны беларускія дыяспары. Іх больш ад трыццаці, яны месцяцца амаль на ўсіх кантынентах.

Частка экспазіцыі прысвечана так званаму пакаленню DP — гэта беларускія эмігранты-інтэлектуалы, якія ў 1940-х гадах апынуліся ў лагерах displaced persons на германскай тэрыторыі (адкуль потым пераехалі ў многія іншыя краіны). Яны разумелі: у вялікім свеце беларусамі можна застацца толькі трымаючыся роднага слова, роднай культуры. Паэтычным сімвалам яны выбралі кветку шыпшыны, і ў гэтым — глыбокі сэнс. Дзікая расліна, яна не даецца ў рукі чужынцу, сустракаючы яго калючымі дзідамі, але цвіце пышна і прыгожа, а чырвонымі пладамі сведчыць аб сваёй неўміручасці. «Шыпшынай» называўся літаратурны альманах, які выдаваўся ў тыя гады (па сведчанні Лідзіі Савік выйшла ўсяго 10 нумароў). Адметна, што сродкі на выданне літаратары-эмігранты ні ў кога не прасілі — гэта былі грошы, якія яны зарабілі на будаўніцтве дарог ды іншых работах. Пад шклом вітрыны прадстаўлены аркуш з подпісамі аўтараў і сумамі ахвяраванняў на друкаванне часопіса. Скідваліся, хто колькі мог: нехта выдзеліў адзін долар, нехта — пяць. Выходзілі і газеты, дзе друкаваліся звесткі аб жыцці беларусаў у розных кутках свету. Былі і нелітаратурныя выданні, напрыклад, парады ад лекараў: як весці здаровы лад жыцця. Нямала было і буквароў, дзіцячых чытанак на роднай мове: каб у шматмоўным свеце дзеткі-беларусы атаясамлівалі сябе са сваёй Радзімай, хай сабе і не паспеўшы пакуль яе пабачыць...

— Мы прадставілі апошнія паступленні ў фонды музея: гэта выданні, перададзеныя таварыствам па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма» (яны адлюстроўваюць беларускаўкраінскія, беларуска-малдаўскія, беларуска-эстонскія сувязі, а таксама беларуска-канадскія ды іншыя). Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» перадала ў фонды кнігі з серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», прысвечаныя беларускай эміграцыі. Акцэнт зрабілі на друкаваных выданнях: як яны выходзілі за мяжой і што сабой уяўлялі (паштоўкі, дзіцячыя кніжкі, буквары, літаратурныя альманахі), — распавяла куратар выстаўкі Святлана Кажамяка.

Каб моладзь у эмігранцкім асяродку не згубілася ў свеце, шмат выдавалася паштовак са здымкамі знакамітых беларусаў, напрыклад, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча.

Друкаваныя выданні беларусаў замежжа 1940—1950-х

Нам, беларусам, трэба адкрываць для сябе іншых беларусаў — тых, якія з’ехалі і былі забыты, — перакананы кансультанты, якія спрычыніліся да адкрыцця выстаўкі, — Наталля Гардзіенка і Адам Мальдзіс.

Адкрыццё выстаўкі было прымеркавана да V пасяджэння Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа. Вынікам ранейшых пасяджэнняў стала прыняцце Закона аб беларусах замежжа. У музея свае надзеі на выстаўку. Годам раней дырэктар установы Міхаіл Рыбакоў ініцыіраваў праект па збіранні і вяртанні на Беларусь каштоўнасцей з гісторыі беларускай літаратуры. Нягледзячы на адносна невялікі прамежак часу, праект паспеў прынесці плён: у фонды музея пачалі паступаць выданні, асабістыя рэчы пісьменнікаў, творы мастацтва ад арганізацый і прыватных асоб.

Абраз Божай Маці, вернуты на Радзіму.

Нядаўна Святлана Яськова, актывістка беларускай дыяспары ў Іспаніі, дырэктар Кансультатыўна-моўнага цэнтра «Лінгваландыя», перадала ў музей каштоўны абраз Божай Маці з немаўляткам Ісусам на руках. Невялікага памеру (аклад крыху пацямнеў ад часу), датуецца прыблізна ХІХ стагоддзем, яўна ручной работы. Яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай беларуская сям’я бежанцаў, якая апынулася ў Іспаніі, мела яго з сабой як найвялікшую каштоўнасць. Нашчадкі ж зразумелі, што абраз жадае вярнуцца, таму і вырашылі падарыць яго музею з добрым пажаданнем: няхай Божая Маці засцерагае беларусаў на Радзіме!

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».