Вы тут

Ці прапаноўвае прыдарожны сэрвіс беларускую кухню?


Дарогі — візітная картка краіны. Пры гэтым для таго, каб наша з вамі паездка была прыемнай, важная не толькі якасць дарожнага пакрыцця, але і шмат што іншае. Напрыклад: далёка да наступнай запраўкі і ці працуе яна сёння? Ці адкрыты прадуктовы магазін і ці ўладкаваны туалет на гэтай запраўцы? Ці ёсць там матэль і колькі каштуе начлег? Для таго каб нашы дарогі станавіліся больш прывабныя і зручныя для кіроўцаў і аўтатурыстаў, Міністэрства транспарту і камунікацый цяпер распрацоўвае генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу да 2025 года.


«Беларусы, вы што, развучыліся гатаваць?»

Тыповы беларускі аб'ект прыдарожнага сэрвісу часцей за ўсё ўяўляе сабой аўтазаправачную станцыю (АЗС) з невялікай крамай. І гэта менавіта тое, чаго чакае большасць аўтатурыстаў.

Нядаўна Мінтранс правёў апытанне і выявіў патрэбы кліентаў прыдарожнага сэрвісу. Як аказалася, асноўнае патрабаванне — гэта наяўнасць аўтазапраўкі (92 % апытаных). Далей у спісе пераваг ідуць санітарныя паслугі, харчаванне (52 %), пляцоўкі для адпачынку (31 %), паркоўка для аўто. Акрамя таго, аўтатурысты маюць патрэбу ў спадарожных паслугах, напрыклад наведванні крамы (30 %). А 4 % апытаных хацелі б, каб на аб'екце прыдарожнага сэрвісу была і гасцініца.

Дарэчы, яшчэ параўнальна нядаўна справы з прыдарожным сэрвісам ішлі даволі сумна. Памятаецца, гадоў пяць ці шэсць таму знаёмы масквіч расказваў, як з'ездзіў да нас на машыне.«Мы спадзяваліся, што хоць на галоўнай нацыянальнай трасе Беларусі ў прыдарожных кафэ зможам пакаштаваць якія-небудзь нацыянальныя беларускія стравы, каб было і смачна, і танна, і з пажаданнем «смачна есці». Дык вось: не, не і яшчэ раз не! — усклікаў знаёмы. — Ва ўсіх прыдарожных кафэ нам прапаноўвалі толькі разагрэць нешта незразумелае і абяцалі пасмажыць, мабыць, нацыянальную беларускую страву — шашлык. Беларусы, вы што, развучыліся гатаваць? Дзе варэнікі, дзе дранікі, дзе вашы супы? Мінскія каўбаскі мы ў выніку пакаштавалі ў кавярні на тэрыторыі Смаленскай вобласці»...

Аўтатурыст галасуе рублём

Цяпер, як сцвярджаюць спецыялісты, сітуацыя мяняецца. Беларускі рынак ужо досыць насычаны рознымі аб'ектамі прыдарожнага сэрвісу. Адлегласць паміж прыдарожнымі пунктамі харчавання — 30—60 кіламетраў. І там можна смачна і адносна нядорага паесці. Як паведамілі нам у аддзеле грамадскага харчавання Белкаапсаюза, больш за 20 % аб'ектаў на рэспубліканскіх трасах належыць спажывецкай кааперацыі. Кіроўцаў і аўтатурыстаў абслугоўвае 96 кааператыўных аб'ектаў грамадскага харчавання. Цяпер праводзіцца сур'ёзная работа як па ўстаноўцы сучаснага тэхналагічнага абсталявання, так і па папулярызацыі нацыянальнай кухні. Акрамя таго, у шэрагу аб'ектаў устаноўлены душавыя кабіны, арганізаваны пакоі адпачынку, гатэльныя нумары. А вясной і летам працуюць летнія пляцоўкі. Напрыклад, усе гэтыя паслугі даступныя ў кафэ «На скрыжаванні» Іўеўскага філіяла, кафэ «Мёд» Іванаўскага райспажыўтаварыства, кафэ «Ежа Кава» Докшыцкага райпа, «Гасцінны двор» Лідскага філіяла, рэстаране «Партызанскі бор» Лагойскага райпа і іншых.

Спецыялісты сцвярджаюць, што ва ўсіх аб'ектах прыдарожнага сэрвісу спажывецкай кааперацыі можна пакаштаваць «страву тыдня» па зніжанай цане. Са страў беларускай кухні, на іх думку, найбольш запатрабаваныя дранікі, фаршаваныя мясам або грыбамі, каўбаскі па-сялянску з грэцкай кашай, бульбяныя клёцкі, бульбяная бабка, піражкі з грыбамі і некаторыя іншыя. Не адстаюць ад Белкаапсаюза і прыватнікі.

І на магістральных, і на рэспубліканскіх дарогах выконваюцца рэкамендаваныя адлегласці для аб'ектаў сэрвісу аднаго віду. Так, сёння для АЗС гэта 42 км, для аб'ектаў грамадскага харчавання — 30 км.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення развіцця аўтадарог галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Мінтранса Сяргей Лявончык адзначае, што гаворка пра будаўніцтва новых прыдарожных аб'ектаў ужо не ідзе. У нас, паводле слоў спецыяліста, як у высокаразвітых краінах, на першы план цяпер выходзіць канкурэнцыя, у выніку якой выжывуць самыя моцныя. У гэтай сферы, па словах Сяргея Лявончыка, пачалі працаваць рынкавыя механізмы. А наведвальнік, як заўсёды, галасуе рублём. Ён заязджае ў тое месца, дзе яму камфортна і зручна, нядорага і смачна. Таму ў выніку канкурэнтнай барацьбы наш прыдарожны сэрвіс паступова ўдасканальвае свае паслугі.

— Мы пачыналі з такіх абавязковых патрабаванняў да прыдарожнага сэрвісу, як санітарныя збудаванні, пункты харчавання і стаянка для аўто, — кажа Сяргей Лявончык. — Прадпрымальнікі змаглі іх забяспечыць. Цяпер хочам, каб на аб'ектах былі бясплатны Wі-Fі, зніжкавыя праграмы, карты лаяльнасці. Каб санвузел быў не адзін, а некалькі. Каб былі забяспечаны ўмовы для адпачынку дзяцей у памяшканні і на вуліцы. Калі ёсць турыстычны патэнцыял, значыць, патрэбныя даведнікі, сувенірная прадукцыя... Гэтыя думкі ляжаць у аснове новай канцэпцыі, а далей будзем прыдумляць нейкія іншыя элементы.

У цэлым, як адзначае Сяргей Лявончык, у генеральнай схеме развіцця прыдарожнага сэрвісу прадугледжаны тры ўзроўні аб'ектаў. Да аб'ектаў першага ўзроўню належаць пляцоўкі для адпачынку з добраўпарадкаваным санітарным збудаваннем, да другога ўзроўню — тыя ж пляцоўкі адпачынку, але ўжо з пунктам харчавання. Аб'екты трэцяга ўзроўню, акрамя ўсяго гэтага, павінны мець таксама аўтазаправачную станцыю. Пры гэтым міністэрства не абмяжоўвае спіс зручнасцяў — кожны ўладальнік аб'екта можа пашыраць яго, дадаючы, напрыклад, гасцінічныя паслугі, тэхабслугоўванне.

На пачатак 2019 года на рэспубліканскіх дарогах функцыянавала 414 аўтазаправачных станцый, 159 газазаправачных пунктаў, 72 гасцініцы, 45 аўтамыек, 101 ахоўная стаянка, 586 пунктаў грамадскага харчавання, 74 пункты тэхнічнай дапамогі і СТА.

Ужо цяпер на некаторых аўтазаправачных станцыях кліентам прапануецца шырокі пералік паслуг, сярод якіх станцыі тэхнічнага абслугоўвання, шынамантаж і балансаванне колаў, аўтаматычная і ручная мыйкі аўтамабіляў, даліванне вадкасці ў бачок амывальніка, крамы і кавярні, гасцініцы, стаянкі для легкавых аўтамабіляў.

У Мінтрансе лічаць, што такіх аб'ектаў павінна рабіцца больш. «Мы бачым, што далейшае развіццё прыдарожнага сэрвісу будзе арыентавана менавіта на комплексныя аб'екты. Каб чалавек мог спыніцца ў дарозе, заправіць аўтамабіль, адпачыць, паесці», — адзначыў Сяргей Лявончык.

Каментарый у тэму

Кансультант аддзела метадалогіі кіравання арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Анастасія Ерахавец:

— За апошнія паўтара года ў сельскай мясцовасці адкрылася больш за 300 аб'ектаў гандлю. У нас дзейнічае Указ Прэзідэнта № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», якім прадугледжаны шэраг ільгот і прэферэнцый (для арэндадаўцаў гандлёвых аб'ектаў на сяле). Напрыклад, спецыяльны рэжым падаткаабкладання на перыяд з 1 студзеня 2018 года да 31 снежня 2022 года, льготы пры адчужэнні аб'ектаў нерухомай маёмасці ў сельскай мясцовасці і на тэрыторыі малых гарадскіх паселішчаў. У цяперашні час дзеянне ўказа распаўсюджваецца амаль на 19 тысяч населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкі, што складае 80 % сельскіх населеных пунктаў краіны. За перыяд дзеяння ўказа з'явілася 306 аб'ектаў рознічнага гандлю і 61 аб'ект грамадскага харчавання.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.