Вы тут

У чым сутнасць талакі?


Гэты ліст-разважанне даслала нам чытачка з Мінска Зоя Іванаўна Каваленка: «Я нарадзілася ў вёсцы, там яшчэ і сёння жыве мая матуля. Згадваю, як у дзяцінстве хтосьці будаваў хату. Прыходзілі ўсе, як кажуць, і бліжнія, і далёкія, суседзі, сваякі, проста мужыкі, пра якіх казалі: «Сапраўдны майстра».

 А дарослыя паміж сабой казалі: «Талака, талака...» І вось ужо праз дзень—два стаяла хата, зразумела, яшчэ без вокнаў, дзвярэй, але стаяла. Пасля гэтага тут жа на двары ставілі сталы, лавы, накрывалі стол, частаваліся, пелі, танцавалі. Мы, дзеці, вельмі любілі гэты час, нам таксама перападала што-небудзь са стала. А галоўнае, што даволі дакладна адчуваеш сёння: у паветры лунаў дух свята, нейкай еднасці, радасці за людзей, якія будавалі хату.

Я атрымала ключы ад сваёй доўгачаканай кватэры ў адным з новых мікрараёнаў Мінска. Была на сёмым небе ад шчасця. Крыху абжыліся, вырашылі зрабіць улазіны. І першыя, да каго звярнулася з запрашэннем, былі суседзі па тамбуры. Але з трох кватэр да нас ніхто не пайшоў, маўляў, занятыя, свае планы на вечар і г. д. Муж кажа, скажы дзякуй, што яшчэ дзверы адчынілі. Што з намі сталася, чаму, як, калі?! Можа, раней людзі былі дабрэйшыя? Чаму мы забылі пра талаку сёння? Нашы дзеці ўжо не ведаюць, што гэта такое».


Чытаем такія лісты і самі камянеем ад роспачы і бездапаможнасці. Адной з найбольш характэрных рыс народнага менталітэту славян заўсёды была ўзаемадапамога, узаемападтрымка, спагада і павага. Найбольш характэрным прыкладам славянскай сялянскай талакі з'яўляецца будаўніцтва новага дома. Дружна, гуртам, «адзінай сям'ёй» за некалькі дзён узводзілі хату, а затым гэтаксама дружна святкавалі ўлазіны.

Вясной або восенню таксама ўключалі механізм сацыяльнай узаемадапамогі — талакой вывозілі гной на палі. Пасля работы рабілі агульнавясковае свята. Талакой нарыхтоўвалі дровы, выкопвалі бульбу. Адзін яскравы прыклад сумеснай калектыўнай дзейнасці — сельскагаспадарчыя работы: нарыхтоўка і саленне капусты. Недзе пасля Узвіжання пачыналі ссякаць капусту, ссякалі «арцелямі», пераходзячы па чарзе ад аднаго агарода да другога. У тых хатах, дзе секлі капусту, накрывалі стол з закускамі, варылі піва, рыхтавалі абед і вячэру. Для адзінокіх, састарэлых людзей, удоў ладзілі «помачы», так званую «Узвіжанскую капусную талаку».

Працу талакой узводзілі ў ступень святой работы. Гэта значыць, што ў адпаведнасці з абрадавымі рэгламентацыямі народнага календара ў святочны дзень працаваць на сваім падворку забаранялася, аднак калектыўная дапамога іншым, напрыклад удовам, сіротам, ухвалялася.

Прынцып талочнасці — саборнасці, сабранасці, еднасці, адначасовай прысутнасці ў адным месцы — і ўзаемаспачування найбольш выразна і яскрава праявіўся ў пахавальна-памінальных абрадах нашага народа. З чым гэта магло быць звязана? Відаць, усё ж не толькі з маральна-псіхалагічнай дамінантай драмы, што разгортвалася ў часе: гора яднае людзей, збліжае іх, паказвае, што дробныя бытавыя непаразуменні нішто ў параўнанні з напаткалай бядой. Калі ў аднаго з аўтараў у 1990 годзе памёр бацька, то аднавяскоўцы вёскі Згурск Чэрвеньскага раёна прыходзілі на жалобны абед з пляшкай гарэлкі, боханам хлеба і місай зерня, у сярэдзіне якой абавязкова ляжала курынае яйка. Прынесеную гарэлку ставілі на стол, каб падзяліць паміж удзельнікамі трызны, з яек смажылі яечню, хлеб таксама наразалі і неслі да стала. А затым на працягу наступнага тыдня гаспадыні прыходзілі па свой посуд.

Гэтаксама аднавяскоўцы «падстаўлялі рукі» і ішлі на дапамогу, калі трэба было ладзіць вяселле. Кіруючыся прынцыпам: «Сёння вяселле ў маёй хаце, а заўтра ў тваёй», — у дом зносілі лавы, сталы, посуд, ежу, напоі і г. д. Радзіну, якая прыехала здалёку, «разбіралі па хатах», то-бок запрашалі ў іншыя хаты для начлегу.

На другі дзень Каляд або на Шчодрую куццю калядоўшчыкі хадзілі па хатах і віншавалі ўсіх аднавяскоўцаў з навалеццем. Лічылася вялікім грахом не запрасіць пачэсны гурт у хату і не аддзячыць яму шчодрымі прысмакамі. У вёсцы Крыштафова Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў маі 2000 года мы былі ўдзельнікамі гэтых валачобных абходаў. Адна з удзельніц гурта прымала ад гаспадароў, якім спявалі велічальныя песні, святочныя дары: складвала ў вялікі кошык велікодныя фарбаваныя яйкі, цукеркі, печыва, іншы раз пляшку гарэлкі з каўбасой. Аднак кожны раз, вяртаючы гаспадыні талерку, імкнулася вяртаць яе не пустой, а з дзвюма цукеркамі, пры гэтым пастаянна прыгаворваючы: «Каб у нас было добра, і каб у вас не было пуста!»

Такім чынам, галоўны пастулат нашай старадаўняй талакі (чытай: узаемадапамогі) заключаўся ў захаванні закона сацыяльнай раўнавагі: мы дзелімся з вамі сваімі мірскімі дарамі, але пры гэтым хочам абавязкова захаваць сваю шчаслівую Долю.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.