Вы тут

Нашы байцы адправіліся на Армейскія міжнародныя гульні


Міністр абароны ўручыў Дзяржаўны сцяг удзельнікам Армейскіх міжнародных гульняў — 2019.


Беларускія байцы прайшлі ўвесь курс падрыхтоўкі, найлепшыя з найлепшых са складу Узброеных Сіл гатовыя ўступіць у вучэбны бой. Гэта адзначыў міністр абароны Андрэй РАЎКОЎ на цырымоніі ўручэння сцяга Беларусі.

«За плячыма — складаная праца, пот, мазалі. На завяршальнай стадыі вам неабходна паказаць, чаму ж вы навучыліся, што вы можаце. Вы будзеце прадстаўляць не толькі Узброеныя Сілы, але і Рэспубліку Беларусь. У кожнага з вас на левым рукаве — дзяржаўны сцяг нашай краіны. Зразумела, на вас будуць глядзець, вас будуць пазнаваць, па вашых выніках будуць меркаваць, што вы сабой уяўляеце», — звярнуўся да камандаў Андрэй Раўкоў.

Ён упэўнены, што ўзровень падрыхтоўкі дазваляе разлічваць на высокія месцы на кожным конкурсе.

«Задача адна: сціснуць волю, нервы, эмоцыі і ўнутранае трапятанне ў кулак, у энергію, якая, выліўшыся, дасць вынік. Гэта вельмі складана, я гэта разумею, ведаю па сабе, таму шчыра жадаю вам здолець перамагчы гэтыя эмоцыі і без страху і сумненняў ісці да намечанай мэты», — даў наказ байцам міністр абароны.

Кіраўнік абароннага ведамства адзначыў, што балельшчыкаў у камандаў — цэлая краіна, бо ўся Беларусь будзе з хваляваннем сачыць за выкананнем гэтай вучэбна-баявой задачы. Андрэй Раўкоў уручыў сцяг Беларусі, які будзе суправаджаць байцоў на працягу ўсіх спаборніцтваў, капітану каманды.

Армейскія міжнародныя гульні пройдуць з 3 да 17 жніўня на тэрыторыі дзесяці дзяржаў. Два конкурсы пройдуць у Беларусі — «Снайперскі рубеж» і «Палярная зорка».

«Конкурс сярод падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння «Палярная зорка» праводзіцца на АрМГ упершыню, пройдзе ён ў Брэсце. Усяго мы ўдзельнічаем у 18 конкурсах на тэрыторыі сямі краін. Па зразумелых прычынах не ўдзельнічаем у спаборніцтвах горных падраздзяленняў ці экіпажаў марскіх караблёў», — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл, кіраўнік беларускай дэлегацыі Андрэй НЕКРАШЭВІЧ.

У V Армейскіх міжнародных гульнях будуць удзельнічаць 32 краіны.

«Што пераможам, сумненняў няма. Традыцыйна мы спаборнічаем на ўзроўні ўзброеных сіл Расіі, Кітая, Індыі, Ірана з іх мільённымі арміямі і мільярднымі бюджэтамі. Летась практычна ва ўсіх конкурсах мы займалі прызавыя месцы, а ў некаторых — і першыя, як у «Снайперскім рубяжы», — разважае Андрэй Некрашэвіч.

Начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі выказаў упэўненасць, што Армейскія міжнародныя гульні — у першую чаргу праверка прафесійнага майстэрства вайскоўцаў, іх высокага маральнага духу, які дапаможа заняць высокія месцы. Сам факт удзелу ў АрМГ сведчыць, што ты — прафесіянал.

«Жорсткі адбор, сам працэс якога вымушае ўдасканаліць падрыхтоўку вайскоўцаў — у шыхт становяцца толькі найлепшыя. Нездарма АрМГ параўноўваюць з Алімпіядай. Дзякуючы ўдзелу ў іх мы ўздымаем прэстыж не толькі Узброеных Сіл, але і краіны цалкам. Нават дзяржавы, якія раней толькі здагадваліся пра існаванне Беларусі, цяпер, паверце, з велізарнай павагай ставяцца да нас, вывучаюць наш досвед», — расказаў Андрэй Некрашэвіч.

Галоўнай задачай нашых байцоў ён лічыць дэманстрацыю майстэрства.

«Каб усе ведалі і бачылі, што з пазіцыі сілы з намі лепш не размаўляць», — падвёў вынік генерал.

Каманда з Беларусі будзе спаборнічаць з іншымі ўдзельнікамі «Танкавага біятлона — 2019» на танках Т-72Б3, якія ўжо ў хуткім часе адправяцца на палігон «Алабіна». «Этап падрыхтоўкі да спаборніцтваў у нас пачаўся з 13 мая і цяпер ужо завяршыўся. За гэты час нашы хлопцы паказалі свае навыкі на вельмі добрым узроўні. Мы аналізавалі свой і чужы досвед мінулых гадоў і вучыліся на ім. Зараз каманда цалкам гатовая і, як заўсёды, настроена толькі на перамогу», — адзначыў старшы прапаршчык, капітан каманды, камандзір танка Сяргей Міхно.

Спаборніцтвы праводзяцца па маршруце з натуральнымі і штучнымі перашкодамі, баявымі дарожкамі, участкамі для стральбы і будуць складацца з наступных этапаў: індывідуальная гонка, паўфінал і фінал этапу «Эстафета».

Ва ўсіх папярэдніх спаборніцтвах па танкавым біятлоне першае месца даставалася Расіі, на другім месцы пабывалі Кітай, Казахстан і Арменія. Беларусь двойчы брала «бронзу».

Танкавы біятлон — гэта прыкладныя спаборніцтвы паміж танкавымі экіпажамі ў мастацтве кіравання танкам і дакладнасці стральбы з асноўнай і дадатковай зброі. Першы танкавы біятлон адбыўся ў 2014 годзе.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.