Вы тут

Гісторыя пра тое, як партызаны пайшлі па соль, а выратавалі дзевяць чалавек


Гэты аповед даслаў нам у рэдакцыю наш даўні чытач з Вялікай Бераставіцы Міхаіл Маскальчук. Ён запісаны са слоў яго бацькі, Васіля Маскальчука, які ваяваў у атрадзе 130-й Петрыкаўскай партызанскай брыгады. Дзейнічала яна на тэрыторыі тагачаснай Палескай вобласці, якая ўключала ў сябе частку сучасных Міншчыны і Гомельшчыны.


Васіль Маскальчук  разам з унучкай  Людмілай.  Верасень  2017 года.

Азіраючыся на падзеі тых часоў, мы ведаем, што партызаны праводзілі шмат аперацый па знішчэнні нямецкіх гарнізонаў, падрыве стратэгічных камунікацый, эшалонаў ворага, якія ішлі на фронт. Але не менш важнай задачай быў пошук харчавання. У тым ліку — і для мірных жыхароў, якія хаваліся ў лесе ад карнікаў у сямейных лагерах.

...У той час лясныя байцы і мірныя жыхары пакутавалі ад недахопу солі. А дастаць яе было вельмі цяжка. І гэта добра разумелі фашысты і паліцаі.

І вось у канцы жніўня 1943 года выклікае мяне і майго сябра-аднавяскоўца Мікалая Чарткова камандзір атрада Рыгор Кравец. У камандзірскай зямлянцы за сталом сядзяць камандзір атрада, начальнік штаба Платон Астапчук, камісар Аляксандр Макейчык і наш камандзір узвода Сумбат Арзуманян.

«Сядайце, хлопцы», — паказаў начальнік штаба на дзве дубовыя калодкі, якія служылі імправізаванымі крэсламі.

«Чаму мы выклікалі менавіта вас? — прамовіў ён. — Справа ў тым, што ў нас у атрадзе і ў найбліжэйшым сямейным лагеры амаль скончылася соль. Пакутуюць і нашы байцы, і мірныя жыхары, асабліва дзеці. Становішча склалася катастрафічнае... Нашы разведчыкі высветлілі, што ў пасёлку Сосны, там, дзе была гаспадарка «10 год БССР», каля вузкакалейкі на вуліцы засталася нявыкарыстаная калійная соль, якую якраз прывезлі напярэдадні вайны. Канешне, гэта не выйсце, але за няйменнем лепшага трэба здабыць яе».

(Будаўніцтва гэтай вузкакалейкі апеў у паэме «Над ракой Арэсай» Янка Купала, які прыязджаў у пачатку 30-х гадоў на будоўлю.)

«Напярэдадні мы пасылалі падводу з двума нашымі байцамі па гэтую соль, але аперацыя не ўдалася. Байцы нашага атрада на вузкай лясной дарозе сутыкнуліся з абозам з немцамі і паліцаямі. Распачаўся хуткацечны бой, адзін наш баец загінуў. Другі здолеў адарвацца ад карнікаў і прыйшоў у атрад. Згубілі добрага каня. Але, галоўнае, мы страцілі дасведчанага байца... Таму мы тут падумалі разам з кіраўніцтвам атрада і вырашылі цалкам змяніць план па здабычы солі, — задуменна вымавіў камандзір атрада, устаючы з-за стала. — Тыдзень таму выведка нашай брыгады разам з байцамі зладзіла на дарозе Любань — пасёлак Сосны засаду. Удалося захапіць штабную машыну з аховай на матацыклах. Былі захоплены важныя дакументы. А галоўнае — мы ўзялі ў палон важную птушку, оберштурмфюрара СС. У яго знайшоўся ўнікальны дакумент з гербавай пячаткай, падпісаны самім рэйхсфюрарам СС Гімлерам.

У ім значылася наступнае: «Прад'яўнік гэтага дакумента мае права ездзіць па ўсіх дарогах рэйха, а таксама ў забароненыя і ахоўныя зоны. У цывільнай форме або ў ваеннай, з любым пасажырам або без яго. А таксама мае права праверкі дакументаў ва ўсіх асоб, у тым ліку гестапа, СД, паліцыі бяспекі, СС, ахоўнай паліцыі. Дадзенай асобе ўсе абавязаны аказваць усялякае садзейнічанне і дапамогу па яе патрабаванні. Дзейнічае пры наяўнасці фотаздымка».

«Я думаю, хлопцы, вы здагадваецеся, да чаго мы вядзем гэтую размову, — прамовіў Рыгор Кравец, уважліва паглядзеўшы на мяне з Мікалаем. — Па-першае, вы абодва з вёскі Камуна, а гэта за сем кіламетраў ад пасёлка Сосны. Вы добра ведаеце гэтыя месцы, у тым ліку і вузкакалейку, якая ідзе і праз вашу вёску. А таксама тутэйшы лес і падыходы да населеных пунктаў. У пасёлку Сосны і ў бліжэйшай вёсцы Кузьмічы хапае немцаў і паліцаяў, і соль не так проста ўзяць. Ёсць толькі адзін шанц, і яго трэба выкарыстоўваць!»

«Мы ведаем з камандзірам, што Мікалай нядрэнна размаўляе па-нямецку, — уступіў у размову начальнік штаба Платон Астапчук. — Дык вось, на час аперацыі, Мікалай, табе давядзецца стаць немцам, оберштурмфюрарам СС. Гэта вельмі небяспечна, але іншага выйсця ў нас проста няма!»

«Нашы партызанскія ўмельцы ўклеяць твой фотаздымак замест нямецкага ў пасведчанне. Думаю, да раніцы справяцца», — прагаварыў камісар атрада Аляксандр Макейчык.

«А цяпер папрашу слухаць мяне ўважліва! — прамовіў камандзір. — Заўтра з раніцы камандзір узвода Сумбат Арзуманян з разведчыкамі праводзяць вас за апошняе баявое ахоўванне. Там Мікалай пераапранецца ў нямецкую форму оберштурмфюрара СС, Васіль — у форму старшага паліцэйскага. І далей пойдзеце самі. Па нашых звестках, на гэты час і ў пасёлку Сосны, і ў вёсцы Кузьмічы ў асноўным паліцаі. Немцаў мала. Усё, хлопцы, трэба рабіць хутка і аператыўна, каб немцы не паспелі праверыць дакументы оберштурмфюрара больш дасканала. У СД і гестапа працуюць не прафаны, а вельмі дасведчаныя кадры. Ну а падводу з канём здабудзеце на месцы. Будзеце дзейнічаць па абстаноўцы. Удачы вам, сынкі, — дадаў камандзір, абняўшы нас. — І яшчэ: у сутычкі з немцамі і паліцаямі пастарайцеся не ўступаць, хіба толькі ў экстранным выпадку!»

Камандзір узвода  Сумбат Арзуманян.  (Здымак зроблены  ў партызанскім атрадзе падчас вайны.)

Як толькі развіднела, мы ўжо мы былі за апошнім баявым ахоўваннем.

«Хутка пераапранацца!» — загадаў начальнік выведкі Сцяпан, дастаючы з рэчавага мяшка акуратна выгладжаную нямецкую і паліцэйскую форму.

Мікалай хутка апрануў форму оберштурмфюрара СС. Сцяпан падаў яму дакументы, яшчэ раз дбайна праверыў іх, працягнуў парабэлум з дзвюма запаснымі абоймамі, замацаваў на мундзіры жалезны крыж.

Я апрануўся ў чорную паліцэйскую форму. На грудзі павесіў нямецкі аўтамат MP40. Камандзір узвода падаў мне яшчэ нямецкую вінтоўку Mauser і цяжкі штык-нож да яе.

«Ну, здаецца, усё, — прамовіў Сцяпан. — І глядзіце ўважліва, каб вас не пазналі мясцовыя паліцаі, бо вы родам з тых мясцін... Нашы хлопцы будуць увечары чакаць вас на гэтай дарозе. Калі спытаюць пароль, адкажаце: «Ленінград». Пароль будзе дзейнічаць тры дні».

Асцярожна, на досвітку, зайшлі мы ў пасёлак з паўночнага боку. Пастукалі тройчы ў акно крайняй хаты. На падваконні з левага боку ў блакітным гаршку стаяў сталетнік.

«Усё добра, расліна на месцы, можна заходзіць», — прамовіў Мікалай, папраўляючы эсэсаўскую фуражку.

Адчыніўшы нам дзверы, маладая дзяўчына падалася назад, не пазнаўшы Мікалая і мяне. Але супакоілася і запаліла свечку. Гэта была наша сувязная Настасся. Мікалай коратка расказаў пра будучую аперацыю.

«Немцаў у пасёлку няшмат. Яны сядзяць у асноўным у дзотах на ўскраіне пасёлка. Астатнія разам з паліцаямі знаходзяцца ў будынку былой бальніцы. Усе паліцаі ў асноўным з вёскі Кузьмічы, яны не павінны вас пазнаць. І яшчэ. Па даносе паліцая сёння на могілках будуць расстрэльваць тры сям'і, якія нібыта дапамагалі партызанам. Трэба неяк іх выратаваць! — са слязамі на вачах папрасіла нас Насця. — Гэта будзе а восьмай раніцы».

«Трэба тэрмінова дужы конь з трывалым возам, — прамовіў Мікалай. — І неадкладна!»

«А вунь праз вуліцу паліцай жыве са сваёй каханкай, у яго дужы жарабец, і больш за тое, воз на гумавых колах!» — хутка прамовіла дзяўчына, з надзеяй гледзячы на нас.

«Хутка ідзём да яго, Вася!» — дастаючы парабэлум з кабуры, прамовіў Мікалай.

...І вось ён, узвёўшы затвор парабэлума, грукае нагой у зачыненыя дзверы. Сонны паліцай у трусах, трымаючы ў адной руцэ вінтоўку, адчыняе засаўку. Заходзім у хату. На ложку, падабраўшы пад сябе коўдру, сядзіць каханка, спалохана гледзячы на нямецкага афіцэра...

«Шнэль, шнэль, хутка ўставаць! — крычыць Мікалай. — Наўкол пасёлка бандыты, а яны песцяцца ў ложку. Хутка запрагай каня, паедзеш з намі, шнэль, рус швайн!» — крычаў Мікалай, падганяючы паліцая.

Праз 10 хвілін мы ўжо пад'язджалі да могілак. Там убачылі страшную карціну. Паліцаі і некалькі немцаў пад стогадовай сасной пілі гарэлку, на даматканым ручніку ляжала закуска. А каля дрэва стаяў кулямёт з запраўленай стужкай, побач ляжалі вінтоўкі. Тры маладыя жанчыны са сваімі дзецьмі капалі сабе магілу. Паліцаі, рагочучы, падганялі іх...

Мікалай дастаў парабэлум і стрэліў у паветра. Паліцаі, убачыўшы нямецкага оберштурмфюрара СС, ускочылі, пахапалі зброю, выцягнуліся.

«Што тут адбываецца, адказваць неадкладна?!» — крыкнуў па-нямецку Мікалай.

«Будзем бандытаў расстрэльваць», — адказаў старшы паліцай.

«Я не бачу тут ніякіх бандытаў. Тут жанчыны і дзеці. Усе бандыты ў лесе, якіх вы ловіце да гэтага часу і не можаце злавіць... Вось гадзіну таму на нас напала па дарозе банда, мы ледзь адбіліся, згубілі ахову, машыну давялося кінуць... А вы тут у пасёлку акапаліся, загарадзіліся дзотамі і займаецеся п'янствам і жанчынамі, а не ловіце бандытаў. Вас усіх трэба павесіць за невыкананне загаду рэйхсфюрара СС. Усе маладыя і здаровыя, мусяць працаваць на дабро вялікай Германіі, бандытаў павінны знішчаць. А вы ўсё робіце наадварот, расстрэльваеце дзяцей і жанчын, а дакладваеце ў Берлін, што знішчаеце партызан. Карацей, зараз вы бераце рыдлёўкі і ламы і ідзяце са мной. Жанчыны з дзецьмі таксама ідуць з намі. Усю зброю скласці ў воз. Можа, вы ўсе правакатары, падасланыя партызанамі. Яшчэ трэба з вамі разабрацца!» — крычыць Мікалай, размахваючы пісталетам і падганяючы паліцаяў.

Я на ўсякі выпадак узвёў затвор аўтамата, падрыхтаваў запасныя ражкі, непрыкметна ўставіў запалы ў гранаты.

Праз пятнаццаць хвілін мы ўжо былі каля вузкакалейкі на паўднёвым баку пасёлка. Каля закінутага склада, сярод высокай травы бачылася горка чырвонага ўгнаення.

«Усе ідзём сюды», — звярнуўся Мікалай да паліцаяў, трымаючы на баявым узводзе парабэлум.

«Тэрмінова ўсё ўгнаенне да апошняй пясчынкі загрузіць у гэты воз! Вы ведаеце, лайдакі, што бандыты ў лясах выкарыстоўваюць угнаенне замест солі, а вы ў гэтым ім дапамагаеце. Ужо даўно трэба было прыбраць яго ў склад і выставіць ахову, а вы замест гэтага займаецеся рабаўніцтвам, п'янствам і жанчынамі. Я заўтра асабіста пазваню рэйхсфюрару СС у Берлін і далажу яму, чым вы тут займаецеся. Дарэчы, я маю на гэта поўнае права...»

Мікалай падазваў нямецкага яфрэйтара, дастаў з кішэні пасведчанне, падпісанае Гімлерам, і загадаў чытаць услых.

«Я думаю, цяпер да мяне і майго памочніка, які, дарэчы, сёння выратаваў мяне ад бандытаў, больш ніякіх пытанняў не будзе?» — прамовіў Мікалай, хаваючы парабэлум у кабуру.

Праз гадзіну воз быў загружаны.

«Усім разабраць сваю зброю і адпраўляцца ў пасёлак. Праз тры дні я зноў прыеду сюды. Усе вы будзеце правераны на адданасць Германіі службай СД і гестапа! — крычаў Мікалай. — Усе палонныя пойдуць з намі на зборны пункт, а затым будуць адпраўлены на працу ў Германію. Угнаенне адвозім пад надзейную ахову ў склад».

Чорны жарабец крануў з месца цяжкі воз. Жанчыны, падлеткі і дзяўчынкі пайшлі з намі. Праз хвілін дзесяць выехалі на дарогу Сосны — Буда. Раптам на пыльнай дарозе з боку вёскі Буда паказаўся нямецкі грузавік, поўны ўзброеных эсэсаўцаў. Рэзка затармазіўшы, спыніўся каля нас. З кабіны выйшаў нямецкі обер-лейтэнант і запатрабаваў дакументы. З кузава на нас пагрозліва глядзелі чорныя зрэнкі дулаў аўтаматаў.

Мікалай паказаў обер-лейтэнанту сваё пасведчанне, той толькі казырнуў і пажадаў дарогі без партызан.

Праз дзве гадзіны, не сустрэўшы больш нікога на дарозе, не лічачы двух п'яных паліцаяў, якія везлі звязанае парася, мы ўжо паварочвалі ў такі доўгачаканы, родны, выратавальны лес... Праўда, парася Мікалай, паказаўшы сваё пасведчанне, канфіскаваў на карысць Германіі.

Яшчэ праз гадзіну мы даехалі да апошняга баявога ахоўвання нашай партызанскай зоны. Ужо цямнела. Раптам з густога ельніку пачуўся голас камандзіра разведкі Сцяпана:

«Назавіце ваш пароль».

«Свае. Наш пароль — Ленінград».

«Што за людзі з вамі?» — спытаў Сцяпан.

«Нашы людзі, выратаваныя ад расстрэлу», — адказалі мы.

«Добра. Хутка пераапранацца і сыходзім на базу!» — прамовіў Сцяпан.

...Мікалай Чарткоў па-геройску загінуў восенню 1943 года. Знаходзячыся ў разведцы, Мікалай і яго баявы таварыш нарваліся на засаду ў вёсцы Вялікія Сялюцічы Петрыкаўскага раёна. Сябры прынялі няроўны бой. Абодва былі цяжка паранены і захоплены ў палон. Таварыша Мікалая замучылі на месцы. Мікалая даставілі на станцыю Капцэвічы. Яго падверглі нечалавечым катаванням. Хлопца замучылі да смерці, так ад яго нічога і не дабіўшыся.

Доўга мы нічога не ведалі пра яго. Але ўвесну 1944 года ўзялі ў палон немца, які прысутнічаў пры допыце Мікалая. Ён нам усё і расказаў пра апошнія хвіліны жыцця героя...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».