Вы тут

Беларусаў абурылі цэны на лекі ў аптэках «Белфармацыі»


У нашай краіне шмат людзей пажылога ўзросту, на долю якіх выпалі вельмі цяжкія выпрабаванні. Тыя, каму цяпер каля 80 і болей, пазналі ўсе жахі вайны, не мелі дзяцінства, змалку і вельмі шмат працавалі. Дык адкуль тады быць здароўю?


Каб падтрымліваць яго, хоць бы тое, што засталося, нам даводзіцца звяртацца да медыкаў, купляць шмат лекаў. І пры гэтым пастаянна сутыкацца з тым, што цэны на іх у розных аптэках розныя. А найбольш абурае (думаем, не толькі нас — многіх людзей Беларусі), што за медпрэпараты і айчыннай, і нават замежнай вытворчасці даражэй даводзіцца плаціць у аптэках унітарнага прадпрыемства «Белфармацыя». Таблеткі «Тамсулазін», напрыклад, там каштуюць больш за 17 рублёў (а ў камерцыйнай аптэцы — каля 12 рублёў), уколы «Хай-флекс» адпаведна — больш за 72 рублі (за адзін) і 64 рублі і г. д. Можна прыводзіць многа прыкладаў, розніца ў 10, 20 і больш працэнтаў — гэта, згадзіцеся, вельмі істотна. А між тым «Белфармацыя» з'яўляецца дзяржаўнай арганізацыяй, якая, здавалася, больш, чым іншыя (у тым ліку прыватныя кампаніі), павінна клапаціцца пра здароўе людзей.

Са сродкаў масавай інфармацыі мы ведаем, што цяпер па гэтым пытанні прымаецца шмат розных рашэнняў, праводзіцца многа мерапрыемстваў, але пакуль да лепшага мала што мяняецца. А таму пенсіянеры — ветэраны працы, мусіць, не хутка яшчэ ўздыхнуць з палёгкай.

Вельмі спадзяёмся, што адказныя за ўзнятае пытанне прачытаюць гэты ліст на старонках газеты і нешта вырашаць на нашу карысць.

Сужэнцы Карповічы, падпісчыкі «Звязды» з больш чым 50-гадовым стажам, г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?