Вы тут

Хутка пачнецца збор ураджаю цыбулі і часнаку


Першай заканчвае летні сезон цыбуля рэпчатая. Ужо з пачатку жніўня цыбулю паліваць не трэба нават пры сухім надвор'і. Пры спрыяльных умовах яна цалкам фарміруецца да сярэдзіны жніўня.


Убіраць раней не варта, бо цыбуля не паспее сфарміраваць верхнія ахоўныя лускавінкі, а шыйка (асабліва пры дажджлівым надвор'і) усё яшчэ застаецца тоўстай і адкрытай для ўзбуджальнікаў гнілі. Але і спазняцца з уборкай нельга, інакш шалупіна парэпаецца, а гэта моцна адаб'ецца на захавальнасці цыбулі зімой. Калі час уборкі падышоў, а цыбуля яшчэ стаіць на градцы зялёная, шыйка у цыбуліны тоўстая, а сама яна без шалупіння, то за тыдзень да ўборкі, у канцы першай дэкады жніўня, можна паскорыць выспяванне цыбулін, падразаючы вострай лапаткай частку каранёў на глыбіні 5-6 см ніжэй донца цыбуліны або асцярожна прыўздымаючы віламі цыбуліны разам з земляным камяком, каб злёгку надарваць карані. Гэты прыём адразу выкліча спыненне росту цыбуліны, зялёныя пёры пачнуць сохнуць, а праз 4-5 дзён пасля такой «аперацыі» цыбуліна набудзе ўласцівую сорту афарбоўку. Вось гэтае падсыханне і частковае паляганне лісця цыбулі і з'яўляюцца сігналамі да пачатку ўборкі. Убіраць цыбулю трэба толькі ў сухое надвор'е. Пасля ўборкі яе добра прасушваюць. Чым лепш цыбуля прасохне, тым менш будзе хварэць на шыйкавае загніванне падчас захоўвання.

У сярэдзіне жніўня час убіраць і часнок. З яго уборкай пазніцца нельга, бо галоўкі могуць рассыпацца і часнок стане непрыдатны для захоўвання. Таму калі лісты часнаку пачнуць жоўкнуць, а сцёблы, якія не даюць стрэлак, палягуць, часночыны выкопваюць і падсушваюць 4-5 дзён, лепш на сонцы і скразняку, да поўнага ўсыхання лісця. Пасля прасушкі лісты абразаюць, пакідаючы шыйку даўжынёй 4-5 см, сартуюць і ўкладваюць на захоўванне. У хатніх умовах часнок часта сплятаюць у косы.

Уборку насеннага часнаку (бульбачак) неабходна пачынаць, калі парэпаецца плёнка, якая ахінае паветраныя цыбулінкі. Пры затрымцы з уборкай бульбачкі разрываюць гэту плёнку і рассыпаюцца. Зрэзаныя суквецці звязваюць у снопікі і падвешваюць у сухім цёплым памяшканні на 1-1,5 месяца для даспявання. Затым снопікі абмалочваюць, паветраныя цыбулінкі старанна сартуюць па велічыні і захоўваюць да пасеву.

У сярэдзіне жніўня пачынае жоўкнуць, а затым зусім палягае лісце ў часнаку, які вырас з пасаджаных ранняй вясной бульбачак. Такія расліны падкопваюцца, сеянку асцярожна выбіраюць з зямлі, прасушваюць, чысцяць ад лісця і каранёў і ў канцы верасня зноў саджаюць на падрыхтаваныя градкі. Можна і не выкопваць сеянку з зямлі, а прарэдзіць на 6-8 сантыметраў. Пасля адмірання лісця такі часнок уступае ў перыяд супакою, а на наступны год дасць буйную часночыну.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.