Вы тут

Прэзідэнт правёў селектарную нараду па ўборачнай кампаніі


«З палёў мы павінны ўзяць 9,5 мільёнаў тон»

Аляксандр Лукашэнка правёў селектарную нараду з кіраўнікамі абласцей па пытаннях уборкі ўраджаю. Прэзідэнт не стаў утойваць, што ў тэхналагічным плане ўборачная кампанія будзе няпростай: большасць пасеваў — высакарослая, з добрай шчыльнасцю, але асцярогу выклікае «яруснасць» паспявання.

Уборка зерневых культур сёлета пачалася на дзесяць дзён пазней,чым звычайна. Таму Прэзідэнт запатрабаваў завяршыць яе ў тэрмін не больш за два тыдні — гэта пераважна, а за дваццаць дзён — і канчаткова.

Прыярытэтам Аляксандр Лукашэнка назваў уборку зерневых, але наказаў паралельна паклапаціцца пра нарыхтоўку травяністых кармоў: другі ўкос шмалетніх траў і масавую сяўбу пажніўных культур. Адначасова неабходна ўбраць лён.

«Самы жорсткі кантроль па льне і сур’ёзны кантроль па рапсе. Рапс — высокадаходная культура, вельмі рэнтабельная ўжо пры ўраджайнасці 15 ц/га. Вы сёння маеце азімага рапсу 20 цэнтнераў», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што такі звышнапружаны графік работ у гарачую пару бывае рэдка. Разлікі на ўраджай неблагія, валавы збор па ўсіх культурах прагназуецца вышэй за леташні. Ад усіх працаўнікоў Прэзідэнт патрабуе максімальнай аддачы, каб усё, што ёсць на палетках, у выніку аказалася ў засеках. Трэба задзейнічаць усе наяўныя рэзервы.

«З палёў мы павінны ўзяць 9,5 мільёнаў тон — і рапс, і кукурузу на зерне, і каласавыя, і грэчку, і проса, — усё. Ніжэй за дзевяць нельга. Кукурузы — два мільёны, зерневых — сем з паловай, рапсу — больш за 900 тысяч тон», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, залог поспеху — дакладная арганізацыя працы, высокая працоўная і тэхналагічная дысцыпліна. Аднак кантрольныя органы па-ранейшаму выяўляюць шмат недахопаў, недапрацовак — тое, што Прэзідэнт назваў «адкрытым галавацяпствам», — а часцяком і прыпіскі. І гэта кіраўніка дзяржавы насцярожвае — як і недахоп механізатараў, непадрыхтаваныя тэхніка і зернесушыльныя комплексы, складанасці з палівам: запасы на складах сельскагаспадарчых арганізацый і райаграсервісаў забяспечваюць працу на палях толькі на чатыры дні.

Адказнасць за паліва Аляксандр Лукашэнка ўсклаў на ўрад краіны. Якое рэальнае становішча з уборкай на месцах? Чаму не забяспечаная падрыхтоўка тэхнікі і зернесушыльнай гаспадаркі? І адкуль дэфіцыт паліва, калі ўсе рашэнні па ім прынятыя? На гэтыя пытанні Прэзідэнт запатрабаваў адказ у старшынь абласных выканаўчых камітэтаў падчас рэспубліканскай селектарнай нарады, адзначыўшы, што яму патрэбная аб’ектыўная інфармацыя.


На Брэстчыне ўбралі амаль палову ўраджаю

Далажыў Прэзідэнту старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс.

У Брэсцкай вобласці ўборка ідзе запланаванымі тэмпамі, на ўзроўні мінулага года. На сённяшні ранак убрана 43 % плошчаў пры ўраджайнасці 35,8 цэнтнераў з гектара, што больш за леташні ўзровень на восем цэнтнераў.

Як адзначыў губернатар, дажджы замінаюць, але ўборка працягваецца штодня. Палівам гаспадаркі забяспечаныя на тыдзень, астатняе плануюць набываць за кошт выручкі.

«Азімы рапс убралі цалкам на плошчы 50,7 тысячы гектараў, валавы збор склаў 25 тысяч тон і павялічыўся на 25 % у параўнанні з мінулым годам. Ураджайнасць атрымалі 24,8 цэнтнеры з гектара», — паведаміў Анатоль Ліс. Ён дадаў, што паўднёвыя раёны вобласці, якія здолелі ўбраць ужо 60-70 % хлебу, дапамогуць паўночным. На Брэстчыне вырвана больш за 80 % лёну, пачата перапрацоўка трасты.

«У цэлым праблем не бачу. Кадрамі забяспечаныя, тэхніка працуе. Набылі 26 камбайнаў — хацелася бы 70-80 набываць, канешне, бо 23 % камбайнаў у нас старэйшыя за 10 гадоў. Лічу, справімся з уборкай у намечаныя тэрміны. Нам неабходна два тыдні для завяршэння работы», — праінфармаваў Прэзідэнта губеранатар.

Аляксандр Лукашэнка наказаў звярнуць сур’ёзную ўвагу на якасць уборкі.

«Мы ўвесь час кажам: плошчы, працэнты... Паглядзіце, што робіцца пасля ўборкі. Страты вазьміце на кантроль — сёння можна адрэгуляваць камбайны і не дапусціць страт. Каля паўмільёна тон пакідаем на палях, а гэта добры аб’ём», — папрасіў кіраўнік дзяржавы губернатараў, асабліва цэнтральных і паўднёвых рэгіёнаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра запас кармоў, якога павінна хапіць на паўтара-два гады. Паколькі летась шмат кармоў расходвалі, трэба аб’ёмы папоўніць.

«Хто паўкосна падкарміў карбамідам, селітрай, азотнымі ўгнаеннямі, атрымаюць добры трэці ўкос. Наперадзе яшчэ два месяцы — сена не паспее, а сенаж будзе. А наракаць на надвор’е нельга, наша ратаванне, што прайшлі дажджы», — адзначыў Прэзідэнт.


Гомельшчына скончыць жніво за два тыдні

Першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей праінфармаваў, што аграрыі Гомельскай вобласці ўбралі больш за 30% плошчаў пасеваў і атрымалі 237 тысяч тон зерня. Ва ўборачнай кампаніі ўдзельнічаюць 1160 камбайнаў. Для забеспячэння патрэбнасці ў кадрах дадаткова прыцягнута 633 механізатары з іншых арганізацый. Сельскія гаспадаркі палівам забяспечаныя.

На Гомельшчыне ўраджайнасць убранага рапсу склала 10,7 цэнтнераў з гектара — паказчык, які не задаволіў кіраўніка краіны.

«Дзесяць цэнтнераў рапсу — гэта страты. Не расце рапс — не вырошчвайце яго. Дакладней, сёння ў Гомельскай вобласці няма стратных культур, якія вырошчваюцца. Ёсць парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны і падбору адпаведных глебаў. Трэба думаць, як будзеце дзейнічаць заўтра. Адзіны ратунак папаўнення зерневага балансу — кукуруза. Не атрымаеце бялку — не будзеце ведаць, чым карміць свінняў і птушку», — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

«Дождж — інвестыцыя, каб раслі дадатковыя крыніцы траў. Вядзем работу па севе паўкосных траў», — праінфармаваў пра нарыхтоўку травяністых кармоў Генадзь Салавей. Ён паведаміў, што ў вобласці вырвана 53% плошчаў лёну.

«Па зерню бачым, што за два тыдні справімся. Змянілі структуру пасяўных плошчаў: дзе бачылі праблемы з яравымі зерневымі, павялічылі сяўбу кукурузы больш чым на 15%. Такім чынам, за кошт гэтай культуры можам атрымаць новыя крыніцы зерня. Усё робім, каб захаваць ураджай», — растлумачыў Генадзь Салавей.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за структуру пасяўных плошчаў Гомельшчыны па большай частцы адказвае былы губенатар, віцэ-прэм’ер Уладзімір Дворнік. А наконт надвор’я зноў нагадаў: клімат змяніўся, асабліва на Брэстчыне і Гомельшчыне. Новая сітуацыя патрабуе планавання, што, дзе і як сеяць.


Гродзеншчына: лён добры, па зерню адстаюць

Як паведаміў Уладзімір Краўцоў, усе гаспадаркі вобласці распачалі ўборку: убрана каля 22% плошчаў зерневых і зернебабовых. Лічба выклікала крытыку з боку Аляксандра Лукашэнкі.

«Правальваеце па тэмпах. Гродна ніколі так у хвасце не плялося, як зараз: нават Гомельскай вобласці па тэмпах саступаеце. 20% — не вашы тэмпы. Калі ў вас там вырашчаны шалёны ўраджай —  яго трэба сабраць», — хуткасць уборачнай кампаніі на Гродзеншчыне насцярожыла кіраўніка краіны, бо, ўпэўнены ён, там ёсць усё, каб у час і якасна, без страт убраць ураджай.

Уладзімір Краўцоў паведаміў, што зерня і кукурузы гродзенцы плануюць сабраць 1600 тысяч тон. На палях такія аб’ёмы ёсць, убраць іх можна. І яны дазволяць нармальна прайсці асенне-зімовы перыяд у жывёлагадоўлі.

«У вас на палях 1900, ну, калі 1850 атрымаеце, — малайцы», — не згадзіўся з кіраўніком вобласці Прэзідэнт.

На Гродзеншчыне практычна ўбралі рапс, сабраўшы 157 тысяч тон (у паўтара разы больш за леташні вынік) з ураджайнасцю каля 30 цэнтнераў з гектару.

Аграрыі вобласці вырасцілі неблагі лён і вырвалі ўжо каля 65%, частка ўжо выпрацоўваецца на заводах. Заданні па лёне плануюць выканаць — вырабіць сем тысяч тон якаснага льнавалакна.

«Убралі палову траў другога ўкосу, работы працягваюцца, але без урону для ўборкі зерневых — па 2-2,5 тысячы гектараў штодзень», — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Увогуле на Гродзеншчыне плануюць выйсці на 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву скаціны, што дазволіць забяспечыць аб’ём малака, на які разлічваюць у вобласці.

Тэхнікай, спецыялістамі, палівам, пацай зернесушыльных комплексаў аграрыі забяспечаныя, праблемы аператыўна вырашаюцца ў адмысловым штабе.

На просьбу губернатара аб крэдыце на набыццё тэхнікі Аляксандр Лукашэнка адказаў, што прапанаваная «нармальная схема» будзе ўсяляк падтрымана і прыклад будзе перанесены на іншыя вобласці. Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на захаванасць тэхнікі.

«Фермеры бяруць 10-гадовыя камбайны і яшчэ дзесяць год іх эксплуатуюць — захоўваюць сваё. Міліцыя ўвагу, канешне, зверне, але хацелася б, каб вы былі завадатарам гэтага кантролю. Будзе добрая захоўваемасць, будзе і падтрымка. Але крэдытаванне, зразумела, зваротнае. Што, будзем ва ўрачоў, настаўнікаў і пенсіянераў забіраць?», — падкрэсліў кіраўнік краіны. Да таго, загадаў адпаведным ведамстваў прадумаць, як лён, які ўрадзіўся на Гродзеншчыне добрым, аддаваць на Аршанскі камбінат.


Міншчына: на першым плане хуткасць

«Усе раёны Міншчыны прыступілі да ўборкі, — даклаў кіраўніку дзяжавы старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка. — Належыць убраць 505 тысяч гектараў зерневых і зернебабовых культур, што на 35 гектараў больш, чым летась. Убрана 18%, намалочана 308 тысяч тон, ураджайнасць 34 цэнтнера з гектара».

Цэнтральны рэгіён практычна закончыў уборку рапсу, валавы аб’ём якога чакаецца 185 тысяч тон, што на 75 тысяч тон больш, чым летась. Ва ўборцы зерневых будуць удзельнічаць 2000 адзінак зернеўборачных камбайнаў, 560 зернесушыльных комплексаў, каля 2000 машын. «Гэтая тэхніка нам дазволіць завяршыць уборку зерневых за 20 пагодлівых дзён, — запэўніў губернатар. — Для пастаяннай гатоўнасці маецца рэзерв запасных частак. Улічваючы спецыфіку вобласці мы ўжо сёння плануем перакідку камбайнаў па суседніх раёнах з тым, каб пазбегнуць доўгіх перагонаў».

На палях Міншчыны ў бліжэйшыя тры тыдні будзе працаваць больш за 8 тысяч механізатараў, у тым ліку жыхары сталіцы.

У вобласці распачата ўборка льна. Першыя вынікі паказваюць больш высокую яго якасць, чым у мінулым годзе. 46 межгаспадарчых атрадаў працягваюць нарыхтоўку кармоў. Адначасова гаспадаркі рыхтуюцца да азімага севу: уносяць угнаенні, узворваюць палі. Пад азімыя будзе вылучана каля 40% раллі. Зерневыя будуць пасеяны на плошчы звыш 370 тысяч гектараў, што складзе каля 70% ад зерневага кліну. На набыццё мінеральных угнаенняў вобласць плануе накіраваць каля 42 мільёнаў рублёў (аб’ём унясення на 25% вышэй за леташні). Палівам вобласць забяспечаная.

Анатоль Ісачанка звярнуўся да Прэзідэнта з просьбай разгледзець пытанне адносна запазычанасці гаспадарак за паліва. «Нам засталося каля 8 мільёнаў, каб пагасіць, мы гэтыя грошы аддадзім, але, з улікам падаражання паліва нам гэты крэдыт абыходзіцца пад 20% гадавых. Канешне, гэта сума вялікая, у прыватнасці, па Мінскай вобалсці — 5 мільёнаў 600 тысяч нам дадаткова трэба знайсць сродкаў, каб разлічыцца па таварным крэдыце», — патлумачыў губерантар. 

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што прэм’ер-міністр неадкладна прыступіць да вырашэння пытанняў з палівам. «Трэба дапамагчы, значыць трэба», — сказаў ён.

Пры гэтым ён звярнуў увагу кіраўніка вобалсці на тое, што на Міншчыне самыя вялікія аб’ёмы ўборкі. «Таму тут пытанне якасці не здымаецца, але патрэбна яшчэ і хуткасць, — сказаў ён. — І для гэтага у вас усё ёсць».

І калі якасць льна ў Цэнтральным і іншых рэгіёнах добрая, то трэба кампенсаваць страты Брэстскай вобласці. Задача — нарыхтаваць больш за 50 тысяч тон льна, каб забяспечыць перапрацоўваючыя прадпрыемствы краіны.


На Віцебшчыне вырошчваюць цуда-жыта

Пра працу віцебскіх аграрыяў на селектарнай нарадзе таксама расказаў старшыня аблвыканкама.

Як далажыў Прэзідэнту губернатар Віцебшчыны Мікалай Шарстнёў, 354 тысячы гектараў маюць убраць сельскія гаспадаркі вобласці — на 54 тысячы больш, чым летась. Сёння ў паўночным рэгіёне ўбрана 5% плошчаў, атрымана ўраджайнасць 30,1 цэнтнеры з гектару.

«Праблемных пытанняў няма, усе вырашальныя. Але ў жніўні паўстане праблема забеспячэння палівам, калі значна павялічыцца аб’ём работ», — па вопыце прадказаў губернатар.

На сённяшні ранак на Віцебшчыне засталося ўбраць пяць тысяч гектараў азімага рапсу. Ураджайнасць зернебабовых сёлета павялічылася на 4,5 цэнтнеры, але засталася ўсё ж нізкай — 14,5 цэнтнера з гектара. Між тым, на асобных палетках, дзе дакладна вытрымана тэхналогія, аграрыі атрымліваюць і 30 цэнтнераў.

«Вырвана 26% лёну, становішча па гэтай культуры вельмі адрозніваецца па асобных раёнах вобласці. У цэлым спадзяемся, што валакна будзе больш, чым летась», — адзначыў Мікалай Шарстнёў.

Нарыхтоўку кармоў на Віцебшчыне не спыняюць, створаныя 39 атрадаў, якія працуюць не першы год і не адцягваюцца на іншыя віды работ. Асноўнай задачай на жнівень кіраўнік вобласці бачыць узворванне каля 15-20 тысяч гектараў зямлі, што дазволіць атрымаць дадатковую прадукцыю раслінаводства.

У Віцебскай вобласці пяты год працуюць з гібрыдным жытам, плошча пасеву якой селёта павялічылі да 10 тысяч гектараў.

«Дае найцудоўнейшы ўраджай, і ў гэтым годзе ўраджайнасць каля 70-80 цэнтнераў з гектара — нават каля сярэдне вытрымаць тэхналогію», — падкрэсліў губернатар.

Аляксандр Лукашэнка паручыў зацікаўленым наведаць Віцебскую вобласць і пазнаёміцца з культурай, якая яго проста ўразіла.

«Як гэта гібрыднае жыта пераносіць наш клімат! Нідзе не палягло ў спёку. Давайце там, дзе людзі лянуюцца працаваць, пераарэм і будзем вырошчваць зерневыя. Жыта можам прадаць. На яго люты попыт на рынку! 70 цэнтнераў ураджайнасць — маліцца трэба», — даручыў павялічыць плошчы цуда-культуры Прэзідэнт.

«Па хлебе сёлета пытанняў няма, людзі будуць забяспечаныя, але і рэзерв хацелася б мець 200, 300, мо, і паўмільёна тон зерня. Трэба яго аднавіць. А дзяржзаказ — гэта жалезабетонна, нікога не трэба ўгаворваць. Ну што такое мільён тон? Я ўпэўнены, што сяляне сёлета будуць гатовыя прадаць і больш, галоўнае, каб мы маглі ў іх купіць гэты хлеб», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У Магілёўскай вобласці патрабуецца карэнная змена структуры пасяўных плошчаў 

Усе раёны Магілёўскай вобалсці таксама прыступілі да ўборкі. На 15 працэнтах плошчы хлеб ужо абмалочаны, далажыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Зернеўборачны парк гатовы выканаць задачу своечасова. «Што датычыцца валавога намалоту хлеба, мы чакаем 1 мільён 150 тысяч тон, на 25 працэнтаў вышэй за ўзровень мінулага года, — сказаў ён. — У асноўным хлеб на 30-40 працэнтаў убраны на лёгкіх землях: Слаўгарадскі, Асіповіцкі, Глускі раёны. Ураджайнасць 26 цэнтнераў з гектара. Мы чакаем, што атрымаем больш хлеба са Шклоўскага, Мсціслаўскага, Горацкага, Магілёўскага раёнаў».

Губернатар прызнаўся, што ў Магілёўскай вобласці патрабуецца карэнная змена структуры пасяўных плошчаў. У раёнах, якія размешчаны на лёгкіх землях, у структуры зерневых не менш за 70 працэнтаў павінны займаць азімыя культуры, лічыць ён. Для гэтага кіраўніцтва вобласці вядзе актыўны пошук насення, ачышчае зямлю ад пустазелля, прымае меры для забеспячэння гаспадарак мінеральнымі ўгнаеннямі, вывазу арганічных угнаенняў. Плошчы азімых зерневых, а таксама азімага рапсу і свірэпіцы ў рэгіёне будуць пашыраны.

Прыдняпроўскі край адначасова нарыхтоўвае кармы, аб’ём, што чакаецца, — 30 цэнтнераў кармавых адзінак. «Стаўлю задачу не захоўваць сенаж і сілас у буртах і курганах, — рапартаваў Леанід Заяц. — Завяршаем будаўніцтва сянажных траншэй, актыўна нарыхтоўваем у стрэйч-плёнку»

Вобласць сёлета падвоіла пасевы кукурузы на зерне і чакае валавы ўраджай больш за 200 тысяч тон, частка якога будзе апрацоўвацца для корма птушкі і свінняў, астатняя маса будзе плюшчыцца і закладвацца ў рукавы на захоўванне для забеспячэння жывёлагадоўлі. 

Магілёўшчына вырасціла неблагі ўраджай льна — чакаецца ўраджайнасць льнотрасты больш за 38 цэнтнераў з гектара, што дасць у выніку 32 тысячы тон якаснай льнотрасты і каля 1,5 тысячы тон насення.

«Я рады, што вы тыя дамоўленасці, якія ў нас былі дасягнутыя, вытрымліваеце, — пракаментаваў даклад кіраўніка вобласці Аляксандр Лукашэнка. — Гэта кажа пра тое, што вы ўсё ж такі даб’ецеся пералому ў Магілёўскай вобалсці і, магчыма, станеце там гістарычнай асобай... Прыемна, што вы разумееце, што там трэба рабіць». 

Прэзідэнт паставіў у прыклад работу з кадрамі ў рэгіёне. «Проста трэба знайсці людзей, якія ўмеюць працаваць, добра ім заплаціць, і спатрэбіцца ўдвая менш механізатараў, — сказаў ён. — Гэтыя людзі будуць працаваць суткамі і дадуць вынік. У нас людзі на сяле не развучыліся працаваць». 

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў губерантару пра эксперыментальныя палі ў Гомельскай вобласці, якія былі закладзены, калі Леанід Заяц быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. «Паглядзіце гэтыя палі і зрабіце вынікі, — загадаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзе і як можна вырошчваць зерневыя пры правільнай тэхналогіі». 

Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць яму і пра новыя культуры, якія трэба ўкараняць у сувязі са зменай клімату. «Нельга працаваць традыцыйна, як 20-30 гадоў таму», — падкрэсліў ён.

Мінск: рапс прыбраны амаль напалову

Старшыня Мінскага гарвыканкама Анатоль Сівак паведаміў, што ўсе прадпрыемствы прыступілі да ўборкі ўраджаю. Рапс убралі амаль напалову — 47% плошчаў, атрымаўшы ўраджайнасць 22,4 цэнтнеры з гектара. Абмалацілі 16% плошчаў зерневых, сабраўшы 31,2 цэнтнеры з гектару.

«Зробім так, што сельская гаспадарка, за якую адказваем, будзе з добрым вынікам, прынамсі па тэрмінах і па якасці. Важная падтрымка Мінскай вобласці — гэта 187 адзінак тэхнікі і 160 механізатараў. Камбінат хлебапрадуктаў пачаў закупаць дзяржзаказ — ужо пастаўлена 14 тысяч тон зерня з розных абласцей; рыхтуемся да закупак іншай прадукцыі», — праінфармаваў Анатоль Сівак.

Ён нагадаў, што прасіў урад павялічыць дзяржзаказ. Прэзідэнт просьбу падтрымаў.

«Радавацца трэба, што горад гатовы закупіць у два разы практычна больш хлеба. Трэба гэта зрабіць. Гэта 31 гаспадарка павінна забяспечыць 100-120 тысяч тон, да 160-170 дапаставіць урад. Правільны курс», — зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка.


План па зерню, які пастаўлены перад сельскай гаспадаркай, павінен быць выкананы

«Жалезабетонна. Планы — 8672 тысяч тон зерневых і зернебабовых. Не сем ці сем з паловай! Рапсу 766,3 тысячы тон, льновалакна — 52,6 тон, цукровых буракоў каля пяці мільёнаў сёлета атрымаць, кукурузы на зерне 1717 тысяч тон — не паўтара мільёны. А два мільёны — тое, да чаго вы павінны імкнуцца, гэта будзе ваш подзвіг. Бульбы 1100 тысяч тон і агародніны каля 600 тысяч тон. Вось вашы планы па земляробстве, калі ласка, выканайце іх», — звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт.

Ён перасцярог ад празмернага кантролю не там, дзе трэба: справа гаспадарак, колькі камбайнў прыцягнута да ўборкі ўраджаю. Сачыць трэба за выкананнем асноўных паказчыкаў: дзяржзаказам, нарыхтоўкай, якасцю.

«А мы ходзім за імі па пятах і расказвам, калі сеяць, як сеяць, калі ўбіраць, якой тэхнікай... Давайце арыентавацца на асноўныя моманты. Выкананне плану — закон», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на травяністыя кармы: за зіму «з’елі» ўсе запасы неўрадлівага мінулага году не толькі зерня, але і сенажу. Сёлета гэты рэзерв трэба паполніць, каб у кожнай гаспадарцы быў запас на паўтара-два гады.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў пра жорсткае запытанне за сянажныя траншэі, калі тыя не будуць уведзеныя ў працу.

«Якасць кармоў у курганах мы не атрымаем, патрэбныя траншэі. План ёсць, але сёлета ён, здаецца, выконваецца працэнтаў на 10-15», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Па паліве і угнаеннях ён даў наказ падтрымліваць гаспадаркі як толькі магчыма, як і па зернеўборачнай тэхніцы.

«Але з умовай, што трыманне нармальнае. Мабілізуйце міліцыю і камітэт дзяржкантролю. Дзе сапраўды трэба, дапаможам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна ён спыніўся на выкарыстанні новых тэхналогій у сельскай гаспадарцы.

«Палімерная плёнка і рулонны прэс — выратаванне не толькі пры нарыхтоўцы травяністых кармоў, гэта выратаванне для гультаёў. Траву скасіў, скруціў у плёнку, унёс кансервант. Паляжыць гэты рулон на полі, калі не можаш своечасова звезці. Але гэта ўжо кармы, і добрыя. Усе рулонныя прэсы павінны быць задзейнічаны на поўную магутнасць», - упэўнены кіраўнік дзяржавы, тым больш, што вытворчасць палімернай плёнкі ў рэспубліцы засвоеная.

Пытаннем № 1 Аляксандр Лукашэнка назваў тэхналогію нарыхтоўкі і захавання кукурузнага зерня.

«Мы ведаем, як гэта рабіць: паліэтыленавыя рукавы. Плюшчыце кукурузу і закладаеце ў рукавы. Рукавы вырабляем у краіне, плюшчылкі маем, дэфіцыту няма. У рукавы ці адмысловыя траншэі. Будзе танней, чым сушыць. Але птушкам патрэбная сухое зерне», — даў наказ Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што гэты год павінны стаць пераломным для сельскай гаспадаркі. Але без дысцыпліны нічога зрабіць не ўдасца, таму з п’яніцамі і гультаямі разбірацца будуць самым жорсткім спосабам. Асаблівую ўвагу кіраўнік краіны надаў захаванню высокаэфектыўнай энерганасычанай тэхнікі, якая каштуе велізарных грошаў.

Але ўсё, што абмяркоўвалася сёння на селектарнай нарадзе, не павінна засланяць падрыхтоўку да асенніх палявых работы: надвор’е дазваляе своечасова пасеяць азімыя і вырасціць ураджай.

«Трэба дапамагчы кіраўнікам. Гаворкі, што рынак усё адрэгулюе, свабода, што хачу — тое і вярну, яны нас прывядуць не туды. Мы гэта ўжо адчулі ў нашым жыцці», — падвёў вынік нарады Прэзідэнт.

Варвара Марозава

Вольга Мядзведзева

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.