Вы тут

У сталіцы паказваюць праект «Alta Moda ZOYA»


Адметнасць сучаснай моды: у ёй ёсць папулярныя брэнды і высокія ўзоры. Сёлета гэта можна перанесці на выяўленчае мастацтва — і дапаможа нам Зоя Луцэвіч.


У ліпені ў Мінску яна неверагодна запатрабаваная. З аднаго боку, ёсць папулярны праект на плошчы Якуба Коласа, дзе можна адчуць асаблівасць стылю мастачкі. Хоць і праз рэпрадукцыі, праект працуе на далучэнне да мастацтва людзей, якія могуць адкрыць для сябе айчынных творцаў. Але знаўцы, гурманы, для якіх мастацтва — і адметны аўтарскі погляд на рэчаіснасць, і крыніца натхнення ў жыцці, — ідуць у гэтыя дні глядзець арыгінальныя творы Зоі Луцэвіч у Мемарыяльны музей-майстэрню Заіра Азгура. Праект Alta Moda ZOYA ажыццявілі ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў ART-MІNSK, прымеркаванага да Еўрапейскіх гульняў. Ён і сапраўды нагадвае гульню з гледачом: найперш тым, што ўпісаны ў прастору. І як!..

Нібыта адбываецца паказ твораў высокай моды — у аўтарскіх работах адсылкі да гісторыі мастацтва, якая вылілася фарбамі на палотны і склалася ў яскравую мазаіку. Сем мазаічных канструкцый размясціліся ў музеі, нібыта на подыуме, — менавіта яны дэманструюць багацце (нават стракатасць) ідэй у свеце (ці ў дадзеным выпадку ў прасторы), дзе дамінуе ў закансерваваным выглядзе адна ідэя, вядомая з савецкага часу. А вядомыя і вялікія, нават у літаральным сэнсе, людзі і правадыры той эпохі стаяць у выглядзе скульптур абапал залы і пазіраюць на гэтую разнастайнасць. Атрымалася вельмі канцэптуальна, і не толькі па сутнасці самога творчага праекта Зоі Луцэвіч, які мог бы дэманстравацца ў любым галерэйным памяшканні, але, магчыма, не атрымалася б такой гульні ідэй і эпох. А гэта важна, калі мы гаворым пра моду.

Модная гульня Зоі вяртае да пачатку мінулага стагоддзя, да мастакоў-канструктывістаў, можна ўгледзець у ёй і прыкметы інсітнага мастацтва, і зварот да пэчворку, экспрэсіянісцкія матывы, стылістыку сюррэалістычных і канцэптуальных твораў. Высокая мода мінулага стагоддзя гэта актыўна абыгрывала, і Зоя Луцэвіч нагадвае пра гэта. Але нават кіруючыся прынцыпамі постмадэрнізму, не варта забывацца пра тое, што за кожнай работай стаіць сама мастачка. А работ тут насамрэч вельмі шмат, бо сем квадратаў падзелены на сегменты памерам 25х25 сантыметраў, што аб'ядноўваюцца ў гарманічную сістэму. Усяго 102 жывапісныя работы, якія, на маю думку, немагчыма назваць проста «модулямі», бо кожны твор у прынцыпе самадастатковы, але разам яны паказваюць палітру таго, што і як існуе паралельна ў рэальнасці. Сем базавых квадратаў можна параўнаць і з сямю дызайнерскімі калекцыямі, дзе за кожным сегменцікам — асобны вобраз, які пранікае ў свядомасць і не адпускае. Чым?

Захапленнем жыццём. Шчырым захапленнем аўтара самім працэсам творчасці — адчуваеш яе радасць ад таго, што зроблена. І ад таго, што гэта можа ўзрадаваць і даць настрой яшчэ некаму. Зоя сур'ёзная, парадаксальная і ўдумлівая адначасова. З магутным прафесійным грунтам — дачка мастакоў Святланы Катковай і Алега Луцэвіча, хрэсніца Зоі Літвінавай. Але яна ішла да свайго мастацтва мэтанакіравана і насуперак традыцыям, выстаўлялася ў многіх краінах Еўропы і ЗША. Яна не была моднай мастачкай на радзіме, магчыма таму, што яшчэ не быў яе час. Але эпохі мяняюцца. У тым ліку ў модзе, расстаўляюць па месцах: сапраўдныя імёны застаюцца ў гісторыі, а жыццесцвярджальныя ідэі перамагаюць шэрасць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Мода на імя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.