Вы тут

Сёння распачынаецца праект «Музычныя вечары ў Купалаўскім»


Наступны сезон стане для Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы святочным: калектыў будзе адзначаць стагоддзе з дня заснавання тэатра. Адзін з прымеркаваных да гэтай даты праектаў — «Музычныя вечары ў Купалаўскім» — распачынаецца ўжо сёння, 20 ліпеня.


Купалаўскі — адзіны драматычны тэатр краіны, што мае свой аркестр. Калектыў вырашыў гэта падкрэсліць і выкарыстаць для асаблівай ідэі — арганізацыі серыі канцэртаў, якія аб'ядналі б тэатральнае і музычнае мастацтва.

Сёння ў Каміннай зале тэатра аркестрам пад кіраўніцтвам Уладзіміра Кур'яна будуць выкананы творы са спектакляў «Паўлінка», «Ідылія», «Гаральд і Мод», «Тут і там», «Местачковае кабарэ» і іншых.

Да таго ж праграма сённяшняга вечара — мы помнім, што дырэктарам тэатра ўжо некалькі месяцаў з'яўляецца былы пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі і Манака Павел Латушка — пэўным чынам аб'яднае дзве краіны. Апроч канцэрта, тут адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Пётр Шумаў. Вяртанне дадому» — яна дэманструе работы беларускага фотамастака, які ў 1920-я шмат здымаў у Францыі.

У экспазіцыі можна будзе пазнаць Марка Шагала і Льва Бакста, Клода Манэ, Марыну Цвятаеву, Альберта Эйнштэйна ды іншых вядомых персон.

Сённяшні «пілотны» выпуск абяцае працягнуцца цэлым шэрагам канцэртаў у новым, сотым, сезоне, ну і, вядома ж, у будынку Купалаўскага адбудзецца шэраг іншых святочных падзей.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Ідылія» ў Каміннай зале

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.