Вы тут

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?


Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла Зошчанкі «Каза». Дробны службовец Забежкін на брамцы аднаго з дамоў убачыў аб'яву аб здачы пакою для адзінокага мужчыны, маўляў, жаночаму полу не трывожыцца. Забежкін зазірнуў за брамку, а там — каза. «Каза, далібог, каза стаіць. Дай бог, каб каза ейная была... каза! Бо так, пры такім намёку, і жаніцца можна», — расхваляваўся герой, выпнуў грудзі і ўвайшоў у двор.


Савецкая рэчаіснасць непазбежна прывяла да здрабнення каштоўнасцяў. Інтарэсы, запросы і крытэрыі ацэнкі чалавека сталі крыўдна спрошчаныя і тое, што было нічым, калі з сумнай іроніяй перайначыць словы з «Інтэрнацыянала», стала ўсім. Звычайныя рэчы паўсюдна набылі статус непахіснай каштоўнасці.

Падобнае ж бязрыб'е і прыкладна такія ж з'явы мы вымушаны назіраць у беларускай культуры, у прыватнасці ў кіно. Успомнім рэзананс, які летась выклікала першае за доўгі час вылучэнне фільма ад Беларусі на суісканне прэміі «Оскар».

Карціна «Хрусталь» Дар'і Жук вартая больш спакойнага стаўлення, але кантэкст, якім яна суправаджалася, то-бок рэдкія рэфлексіі пра беларускія 90-я, Гран-пры міжнародных кінафестываляў і гісторыя з аднаўленнем оскараўскага камітэта, публіку, у тым ліку мяне, падкупіла і прымусіла з нецярпеннем чакаць прэм'еры. Трыумф у беларускім бокс-офісе («Хрусталь» доўга трымаў пазіцыю аднаго з лідараў пракату) быў абумоўлены кантэкстам у большай ступені, чым мастацкімі якасцямі твора.

На гэтым нашым «бязрыб'і» адны і тыя ж рэжысёры, нават без асаблівых дасягненняў, пераносяцца з рэйтынга ў рэйтынг; аўтары «аднаго фільма», і тое трэцяраднага, адкрываюць кінашколы і вучаць дзяцей; адны і тыя ж прафесіяналы пераходзяць з адной пляцоўкі на другую, каб паразважаць пра сучаснае беларускае кіно, і раз за разам месяць адны і тыя ж тэзісы.

Тут рэжысёрам, каб набыць нейкую вагу, атрымаць права голасу і абцяжарыцца надзеямі заступнікаў айчыннага кінематографа, дастаткова зняць складную кароткаметражку. І нават няскладныя прэтэнзіі на мастацтва лёгка трапляюць на вялікі экран праз спецпаказы і ў праграмы лакальных кінафестываляў. Загалоўкі пра баевікі, знятыя за тысячу долараў, гераізуюць іх аўтараў, і звычайныя работы, што тая каза, раптам прыцягваюць абнадзееныя позіркі кінасуполкі і становяцца каштоўнасцямі.

Што сімптомы, што хвароба не здзіўляюць: стан беларускага кіно ў нашай кінасферы з'яўляецца самай частай тэмай для дыскусій.

* * *

«А Оскараў у нас усё няма», — чую засмучанае ў Міністэрстве культуры, ледзь не адзінай структуры, якая сёння здольна палепшыць умовы для натуральнага развіцця кіно. Інстытуцыя бядуе, што прафінансаваныя ёй фільмы не атрымліваюць прэмію Амерыканскай кінаакадэміі, Нацыянальная кінастудыя скардзіцца, што ёй не прыносяць вартых сцэнарыяў, сцэнарны крызіс быццам дапаўняецца адсутнасцю моцных рэжысёраў. Адказнасць як бы перакладваецца на неталенавітых аўтараў, якія не прыйшлі, не напісалі, не знялі, ну проста няздольная да кіно нацыя і ўсё.

Калі Лінда Нохлін у сваім артыкуле «Чаму не было знакамітых мастачак?» распісала аб'ектыўныя прычыны панавання ў гісторыі мастацтва мужчынскіх імёнаў, у заядлых спрачальнікаў не засталося аргументаў на карысць «неталенавітай» жаночай прыроды. Бо няма такога, каб мужчыны былі здольныя да выяўленчага мастацтва, а жанчыны толькі ў якасці выключэння: ёсць умовы, якія складваюцца для першых і не спрыяюць другім, як, згодна з параўнаннем Лінды Нохлін, яны не спрыяюць літоўцам станавіцца вялікімі джазавымі музыкантамі, а эскімосам — вялікімі тэнісістамі.

У пытанні, чаму ў сучасным беларускім кіно няма вялікіх рэжысёраў, таксама варта наракаць не на пасрэднасць беларуса, а на наваколле, што яе падтрымлівае, — «грунтоўнасць» адукацыі, даступнасць дзяржаўнай сістэмы падтрымкі, існаванне індустрыі, у якой можна развівацца.

У 2011 годзе Аляксандр Сакураў згадзіўся стварыць у Кабардзіна-Балкарскім універсітэце рэжысёрскую майстэрню. Як толькі ён з'явіўся ў Нальчыку, горад загучаў на кінафестывалях у Сочы, Лакарна і Канах. У апошнім ужо два разы ўдзельнічаў студэнт майстэрні Кантэмір Балагаў з «Цеснатой» і адзначанай прызам за найлепшую рэжысуру «Дылдай». Наўрад ці гэта супадзенне: Аляксандр Сакураў даказаў, што калі ў горадзе няма выбітных аўтараў — нават са спрашчэннем тэхналогіі вытворчасці кіно, якое часта згадваецца як нейкая панацэя, хоць на тэлефон здымай, — гэта праблема не жыхароў, а самога горада.

Пра якасць беларускай кінаадукацыі не выказаўся толькі лянівы: на кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Акадэміі мастацтваў нязначная колькасць выкладчыкаў, да якіх варта ісці вучыцца, а майстроў узроўню Аляксандра Сакурава (без асаблівай ідэалізацыі Аляксандра Сакурава) — ніводнага.

* * *

Ну і што — Сяргея Эйзенштэйна, калі яшчэ не было ніякай кінаадукацыі, манціраваць навучылі 28 тамоў Заля. Вернер Херцаг, Райнер Фасбіндар і ўсімі любімы Квенцін Таранціна не вучыліся на рэжысёраў. Тым больш атрымаць адукацыю можна за мяжой, і мы маем даволі прыкладаў беларусаў, што па веды з'ехалі ў іншыя краіны.

Але што тых, хто з адукацыяй, і тых, хто без, чакае? «Адкрыты конкурс на вытворчасць фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказу Міністэрства культуры» — адзіная магчымасць атрымаць грошы з бюджэту.

У красавіку ён быў абвешчаны для дакументальнага кіно і ўключыў у сябе дзесяць так званых лотаў, напрыклад, такі: «фільм пра людзей сучаснасці, што паўплывалі на грамадскае ўсведамленне ў вобласці міфалагічнага пераасэнсавання гістарычнага кантэксту малых населеных пунктаў Беларусі». Альбо такі: «Фільм аб прывабнасці Беларусі для жыцця, творчасці, самарэалізацыі. Аб адкрытых магчымасцях для ўвасаблення асабістых ідэй грамадска карыснай працай». Нарэшце, такі: «Фільм аб дасягненнях Беларусі ў дызайне. Аб удзеле беларускіх дызайнераў у рашэнні нацыянальных сацыяльна-тэхнічных праблем функцыянавання вытворчасці, спажывання, існавання людзей у прадметным асяроддзі шляхам рацыянальнай пабудовы яе візуальных і функцыянальных якасцяў».

Паспрабуй упішыся хоць у адну з названых тэм, калі, канешне, пасля прачытання ў цябе застанецца жаданне здымаць на заказ міністэрства. Ну а нават калі застанецца і ты ўпішашся, пераможцам, як у гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, будзе «Беларусьфільм». (Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што ў нядаўнім конкурсе на стварэнне фільма для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі з праектам «Жывадзёры» перамагла «Першая кінавідэакампанія».)

Афіцыйныя структуры даўно дэманструюць сваю перавагу Нацыянальнай кінастудыі, таму «Беларусьфільм» з'яўляецца ледзь не адзінай магчымасцю зняць кіно з параўнальна добрым бюджэтам, але для маладых аўтараў ён азначае рамкі, абмежаванні і бюракратыю. Гэтаму замкнёнаму колу няма перспектывы расчапіцца.

Спрачацца з існуючай сістэмай фінансавання — што «ісці па пустыні». Таму маладыя рэжысёры здымаюць кліпы і рэкламу, кароткі метр за свае грошы, дакументальныя фільмы гадамі, альбо на тэлефон, альбо дзякуючы замежным прадзюсарам і так далей. Неабходнасць увесь час спрабаваць прасунуцца ў ледзь прыадчыненыя дзверы робіць сферу кіно малаперспектыўнай і маргіналізаванай. «Залежныя» супрацьстаяць «незалежным», хоць на справе ні адзін з лагераў сітуацыю карэнным чынам пакуль не перамяніў.

* * *

Але ёсць жа, ёсць жа, скажаце вы, таленавітыя аўтары — яны спрабуюць, прабіваюцца, дабіваюцца. Сапраўды, ёсць. Тых, хто знайшоў свой спосаб кароткага ці працяглага існавання ў беларускай кінасферы, — адзінкі, але што з асноўнай часткай творцаў?

Знаёмы рэжысёр, на мой погляд, шматабяцальны, папрасіў пракаментаваць яго новую карціну. Як і меркавалася, я растлумачыла, што мне падаецца недарэчным, а ў канцы дадала прыміральнае «а ў цэлым усё добра». Да ўвагі быў прыняты толькі вось гэты завяршальны выраз.

Я не хачу экстрапаляваць такое блакаванне крытыкі на ўсю сферу, але ўключаю яго ў сістэму асабістых характарыстык, што замінаюць мастацтву развівацца. Адной з прычын нізкай якасці айчыннага кіно з'яўляецца ўзровень культуры ўвогуле. А сюды ўваходзяць адукаванасць, адкрытасць, талерантнасць, цікаўнасць і энергічнасць. Усё спараджае сабе падобнае, адпаведна фільмы становяцца лакмусавай паперкай, што дэманструе краіну.

Эстэтызаваныя кіношныя драмы, лірыка і сантыменты, а таксама тэмы, пад якія атрымалася знайсці грошы, займаюць экран, між тым уласна беларускія інтарэсы застаюцца ўбаку. Мы відавочна маем патрэбу ў тым, каб адрэфлексаваць, напрыклад, XX стагоддзе, але ні грамадства, ні кінематаграфісты не праяўляюць да гэтага асаблівай цікаўнасці. А калі паглядзець, на чым замыкаюцца інтарэсы большасці з тых, хто хоча быць датычным да прыгожага слова «кіно», становіцца зразумела, што і здольнасці няма таксама.

Тое татальнае здрабненне каштоўнасцяў, пра якое казалася напачатку, з'яўляецца характарам і беларускага кіно, і прычына гэтага палягае на ўсіх нашых двухстах тысячах квадратных кіламетраў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: «А ў цэлым усё добра...»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.