Вы тут

Чаму турызм стаў самым хуткім «кашальком»?


Чарнобыльская зона адчужэння з украінскага боку ўсё больш прыцягвае аматараў вострых адчуванняў з усяго свету. І калі раней гэта былі адзінкавыя наведвальнікі, то пасля выхаду серыяла «Чарнобыль» вытворчасці тэлеканала HBO (па рэйтынгах ён абагнаў нават «Гульню тронаў») Прыпяць ужо зусім не выглядае бязлюдным месцам. У горад і нават да рэактараў колішняй атамнай электрастанцыі возяць цэлыя экскурсіі. «Сярод ахвотных у асноўным замежнікі. Больш за ўсё амерыканцаў. На другім месцы — грамадзяне Вялікабрытаніі, за імі — уся астатняя Еўропа», — падзяліўся з газетай Metro экскурсавод Антон Юхіменка. Па хэштэгах #ExclusіonZone, #Prіpyat і #ChernobylZone ў сацыяльных сетках можна знайсці дзясяткі тысяч фатаграфій наведвальнікаў Зоны.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на цырымоніі ўводу ў эксплуатацыю новага саркафага над разбураным рэактарам № 4 ЧАЭС заявіў пра намер ператварыць зону адчужэння ў «турыстычны магніт». І нездарма: Reuters паведамляе, што летась тут пабывала каля 70 тысяч замежнікаў. У маі, калі выйшаў «Чарнобыль», турыстаў пабольшала амаль на трэць у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. А колькасць браніраванняў на чэрвень, ліпень і жнівень вырасла ўжо прыкладна на 40 працэнтаў. Па звестках The Sun, замежнікі аддаюць за экскурсіі ад 250 долараў. Як і колькі зарабляюць на «валацугах» у глабальным маштабе?

Астранамічная сума

ЗША займаюць першае месца ў свеце па ўзроўні даходаў ад турызму. Па гэтым паказчыку краіна лідзіруе сёмы год запар паводле справаздачы Report on World Tourіsm Economy Trends, апублікаванай Сусветнай федэрацыяй турыстычных гарадоў (WTCF аб'ядноўвае на сённяшні дзень 128 гарадоў у 62 краінах і рэгіёнах свету) і Цэнтрам даследаванняў турызму Акадэміі грамадскіх навук КНР. ЗША, Кітай, Японія, Германія і Вялікабрытанія сталі галоўнымі гульцамі індустрыі турызму — у сукупнасці яны фарміруюць 47 працэнтаў сусветнага ВУП падарожжаў. Агульныя гадавыя даходы ад турызму ацэньваюцца ў астранамічную суму — на ўзроўні 5,6 трыльёна долараў.

Як заўважылі аналітыкі WTCF, адпаведны паказчык перагнаў па тэмпах росту сусветны ВУП. Сярод фактараў, якія спрыялі развіццю гэтай станоўчай тэндэнцыі, — паляпшэнне стану сусветнай эканомікі, удасканальванне турыстычнай інфраструктуры, павелічэнне ўкладанняў краін у галіновы маркетынг і візавыя паслабленні, адзначыў кіраўнік цэнтра турыстычных даследаванняў пры Акадэміі грамадскіх навук Кітая Сун Жуй.

Сусветная турысцкая арганізацыя (СТА) апублікавала чарговы рэйтынг краін з самай высокай наведвальнасцю летась. На першым радку, як і ў мінулыя гады, апынулася Францыя. У краіну за год прыехала 93,2 мільёна турыстаў. У параўнанні з 2017 годам прырост турпатоку склаў 7,3 працэнты. На другім месцы — Іспанія з яе 82,8 мільёна турыстаў, на трэцім — ЗША, якую наведалі 82,2 мільёна чалавек. У топ-10 таксама ўвайшлі: Кітай (62,9 мільёна), Італія (62,1 мільёна), Турцыя (45,8 мільёна), Мексіка (41,4 мільёна), Германія (38,9 мільёна), Тайланд (38,3 мільёна) і Вялікабрытанія (35,1 мільёна). У сусветным маштабе бясспрэчны лідар — Таджыкістан, дзе турпаток летась павялічыўся на рэкордныя 190 (!) працэнтаў. Таксама сярод самых хуткарослых апынуліся Эквадор (прырост склаў 51 працэнт), Егіпет (36,8), Тувалу (35,5) і Уганда (31,9).

Агульная колькасць турыстаў у свеце летась склала звыш 1,4 мільярда чалавек (для параўнання: у 2004-м — 766 мільёнаў) — на 5,6 працэнта больш, чым год таму. У цэлым сусветны сектар падарожжаў і турызму забяспечыў 10,4 працэнта сусветнага ВУП (параўнальна з нафтай!). Сусветны савет па турызме і падарожжах (WTTC) у сваім штогадовым дакладзе адзначыў станоўчы ўплыў турызму на сусветную эканоміку і занятасць у 185 краінах і 25 рэгіёнах.

Даследаванне паказвае, што на гэты сектар прыпала 319 мільёнаў працоўных месцаў — 10 працэнтаў ад агульнай занятасці ў 2018 годзе. З падарожжамі прама ці ўскосна звязаныя сотні тысяч вялікіх і маленькіх кампаній, якія забяспечваюць турыстаў усімі відамі транспарту, жыллём (гатэлямі, гасцініцамі, хостэламі), ежай (рэстараны, кафэ, стрытфуды), доступам да выбітнасцяў і музеяў, сувенірнай прадукцыяй.

Большая частка выдаткаў падарожнікаў прыпадала на рынак вольнага часу, які склаў 78,5 працэнта ад агульнага аб'ёму ў параўнанні з 21,5 працэнта на выдаткі бізнесу. На сектар прыходзілася 6,5 працэнта ад агульнага аб'ёму сусветнага экспарту і 27,2 працэнта ад экспарту паслуг. Унутраны турызм склаў 71,2 працэнта ўсіх выдаткаў індустрыі ў 2018 годзе і прадэманстраваў самы моцны рост у краінах, якія развіваюцца. Працягваюцца павелічэнне долі прадстаўнікоў сярэдняга класа і ўстойлівы рост глабальных спажывецкіх выдаткаў, што зноў дазволіла сектару падарожжаў і турызму расці з вялікай хуткасцю. Інтэнсіўная канкурэнцыя паміж авіякампаніямі прыводзіць да цэнавай вайны, якая на руку падарожнікам, бо квіткі робяцца таннейшыя, а палёты нават на далёкія адлегласці — даступныя.

Дабрацца да Мікранезіі

Еўропа па-ранейшаму застаецца адным з самых папулярных турыстычных напрамкаў у свеце. На яе долю прыпадае звыш паловы ўсіх даходаў ад турызму.

У 1989—1997 гадах колькасць турыстаў, якія прыбылі ў Стары Свет, павялічылася да 350 мільёнаў чалавек, а грашовыя паступленні ад міжнароднага турызму ўзраслі ў два разы. Аднак доля Еўропы ў сусветным турызме паступова падае. Даследаванні нацыянальнай прыналежнасці людзей, якія вандруюць па кантыненце, паказваюць, што 90 працэнтаў еўрапейскіх турыстаў — гэта жыхары саміх краін Старога Свету. Немцы складаюць 19 працэнтаў ад агульнай колькасці падарожнікаў, брытанцы — 10, французы — 7, датчане — 6 працэнтаў.

Турыстычныя патокі ў асноўным накіраваны ў цэнтры адпачынку Заходняй і Паўднёвай Еўропы (Францыя, Іспанія, Італія). Такая канцэнтрацыя — вынік звычкі да летняга пляжнага адпачынку. Вялікабрытанія вядомая адукацыйным турызмам, а Паўночная Еўропа (Скандынавія і Ірландыя) спецыялізуюцца на экалагічных маршрутах.

Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён знаходзіцца на другім месцы ў свеце па ўзроўні развіцця турызму, тут адпаведны сектар інтэнсіўна развіваецца. Масавае наведванне адпачывальнікамі гэтых мясцін пачалося ў 80-х гадах XX стагоддзя. Асноўныя гульцы — гэта індустрыяльныя краіны — актыўныя экспарцёры тавараў: Малайзія, Сінгапур, Паўднёвая Карэя, Тайланд, Інданезія, Індыя, Пакістан, Тайвань. Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён прыцягвае турыстаў сваёй унікальнай прыродай, а новыя індустрыяльныя краіны — бізнес-турамі. Забаўляльны турызм развіты ў Японіі, Паўднёвай Карэі і на Тайвані. Японская індустрыя адпачынку займае другое месца ў свеце пасля ЗША.

Добра развіты турызм у Аўстраліі і Новай Зеландыі, у Меланезіі і Мікранезіі. Адпачынак на астравах Ціхага акіяна выйграе дзякуючы адноснай блізкасці аўстралійскага рынку і мае добры імідж у Еўропе. У Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне сярэднія выдаткі аднаго турыста перавышаюць сярэднесусветны ўзровень, хоць у некаторых краінах, такіх, напрыклад, як Манголія, траты адпачывальнікаў даволі невысокія.

Амерыка з'яўляецца трэцім у свеце глабальным рэгіёнам па колькасці замежных турыстаў. Палова міжнародных прыбыццяў у рэгіён прыпадае на ЗША і Канаду, прычым еўрапейцы займаюць сярод турыстаў першае месца. Гэтыя краіны — велізарны ўнутраны турыстычны рынак і высокаразвітая інфраструктура з шырокай гасцінічнай сеткай і транспартнай індустрыяй. Дастаткова сказаць, што чатыры з дзесяці самых папулярных музеяў свету знаходзяцца на тэрыторыі ЗША. Гаворка ідзе пра музей Метрапалітэн у Нью-Ёрку, музей Геці ў Лос-Анджэлесе, музей Інстытута мастацтваў у Чыкага і Вашынгтонскую Нацыянальную галерэю.

Другое месца займаюць Карыбскія астравы, якія прымаюць больш чым 12 мільёнаў турыстаў штогод, у той час як у Паўднёвай Амерыцы турыстычныя патокі адносна слабыя. Асноўныя віды адпачынку — пляжны, спартыўны, экскурсійны, таксама актыўна развіваецца бізнес-турызм. Даходы гэтага сектара дасягаюць 10—20 працэнтаў агульных паступленняў ад экспарту. Такі высокі ўзровень з'яўляецца вынікам канкурэнтаздольнасці рэгіёна і спецыялізацыі некаторых раёнаў на прыёме гасцей.

Рухавік для Афрыкі

Турызм становіцца найважнейшым рухавіком эканамічнага развіцця афрыканскага кантынента. Паводле звестак WTTC, тут дзякуючы гэтай індустрыі ў бліжэйшыя дзесяць гадоў будзе створана 32,9 мільёна рабочых месцаў.

Усе дзяржавы Чорнага кантынента змогуць атрымаць эканамічныя выгады ад турызму. Напрыклад, у 2018 годзе турысты выдаткавалі ў Афрыцы каля $58,5 млрд (70 працэнтаў у сектары турызму і адпачынку, а астатняе — у сферы дзелавога турызму). Летась агульныя выдаткі склалі амаль 10 працэнтаў валютных паступленняў на кантынент. Гэтая станоўчая тэндэнцыя, у сваю чаргу, спрыяла стварэнню новых рабочых месцаў. Рост міжнароднага турызму ў Афрыцы стрымліваўся высокімі цэнамі мясцовага турпрадукту. Аднак рэгіён своечасова пераключыўся на недарагі масавы, пераважна пляжны турызм, асабліва на поўначы кантынента на ўзбярэжжы Міжземнага мора.

Самым буйным рынкам для краін рэгіёна з'яўляюцца самі афрыканскія краіны, якія даюць да паловы ўсіх турыстаў. На кантыненце таксама шмат падарожнікаў з Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі. Гэта тлумачыцца тым, што не так даўно еўрапейскія краіны былі метраполіямі афрыканскіх калоній.

Найбольш папулярныя месцы адпачынку турыстаў размешчаны на поўначы: Туніс, Егіпет, Марока, а таксама на ўсходзе: Кенія, Танзанія, Сейшэльскія астравы, Маўрыкій, Зімбабвэ. Некаторыя з іх спецыялізуюцца на элітным пляжным турызме і развіваюць высакакласную гасцінічную індустрыю, атрымліваючы з кожнага адпачывальніка да 900 долараў.

Папулярным турысцкім цэнтрам з'яўляецца Паўднёваафрыканская рэспубліка, якая ўзначальвае спіс краін кантынента па міжнародным прыбыцці і адпаведных паступленнях ад прыёму замежнікаў. ПАР мае развітую транспартную і гасцінічную інфраструктуру, а таксама становіцца моднай краінай для падарожнікаў. Аднак Афрыка ў цэлым адстае ў міжнародным турызме, таму што многія краіны рэгіёна эканамічна не развітыя і не маюць палітычнай стабільнасці. У многіх частках кантынента дасюль працягваюцца ваенныя канфлікты, эпідэміі.

Бангкок і Прыпяць

Што датычыцца прывабнасці для замежнікаў у сусветным маштабе асобных гарадоў, то тут бясспрэчны лідар — Бангкок, які летась наведала амаль 22 мільёны турыстаў. Другое месца ў сусветным топ-10 заняў Лондан з 20,4 мільёна гасцей. Парыж прыняў каля 18 мільёнаў...

Ва ўкраінскай Прыпяці свае прыхільнікі. У 2002 годзе спецыяльная камісія ААН выпусціла даклад, які прызнаваў вялікую частку тэрыторыі вакол ЧАЭС бяспечнай як мінімум для кароткачасовых наведванняў. Турысты з'явіліся практычна адразу ж. У 2004-м іх налічылі ўсяго 870 чалавек, праз два гады — пяць тысяч, а сёлета Украіна прагназуе 125 тысяч наведвальнікаў зоны адчужэння. Такі стабільны і ўражлівы рост турпатоку тлумачыцца зусім не зніжэннем небяспекі радыеактыўнага заражэння і ўжо дакладна не стараннямі ўкраінскага ўрада. Папулярызавала гэтае месца масавая культура. Спачатку, у 2007 годзе, Прыпяць стала легендай сярод аматараў постапакаліптычнага фальклору, дзякуючы камп'ютарнай гульні «S. T. A. L. K. E. R. Цені Чарнобыля» (распрацаванай, дарэчы, украінскай студыяй). Шутар разышоўся на паўтара мільёна толькі легальных копій па ўсім свеце. Давяршыў справу серыял «Чарнобыль».

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Трыльёны на «валацугах»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.

Жыллё

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Падобныя звароты ад фізічных асоб — не рэдкасць.

Грамадства

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

Якую шкоду могуць прынесці бяскрыўдныя цацкі?

У сённяшнім быце немагчыма абысціся без хімічных прадуктаў.

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.