Вы тут

Камера з трыма сценамі


Камера з трыма сценамі

Ведаеце гэты стары жарт? Індзейцы ўцяклі з палону і расказваюць сваім сябрам падрабязнасці: «Злавілі яны нас, пасадзілі. Мы дзень сядзім, два сядзім. На трэці дзень Сакалінае Вока заўважыў, што ў камеры — тры сцяны».

Першая сустрэча важная. Мозг наш лянівы. Празмерна лянівы. Ён не жадае працаваць кожны раз, калі сустракаецца са з’явай ці з чалавекам. Ён стварае сабе нейкі канкрэтны малюнак і пры нагодзе дастае яго з шафкі як фотаздымак. Ніякага карэктавання. Ніякай рэдактуры. Я ведаю, што гэта за чалавек. Ха! Я бачу адну сцяну, я бачу другую, навошта мне глядзець яшчэ?

З першага па чацвёрты клас нас вучыла адна настаўніца, выкладала ў нас усё за выключэннем англійскай мовы і фізкультуры. Таму астатнія дзядзькі і цёткі, якія хадзілі па школе, апранутыя згодна з патрабаваннямі дзелавога стылю, былі для нас невядомыя. Сярод іх пазнавальным быў хіба што дырэктар, але ён рэдка соўкаўся па калідорах, ды і ўспрымаўся як нешта асобнае, а ніякі не настаўнік. Успрымаўся нечым большым, пагрозлівым, кіруючым. Узяць хоць бы тое, што ў яго быў свой кабінет з дываном. І гэтым дываном можна было пагражаць нам, вучням. Я нават туды трапляў, але ў ролі ахвяры, ды і я цяпер не пра дырэктара, а пра настаўніцу матэматыкі Тамару Іванаўну. Дайце толькі выдыхну і працягну.

Пушкін. Першыя сустрэчы з Пушкіным былі больш–менш прыемныя. Бо былі якраз каля адсутнай сцяны. Гэта казкі–казкі–казкі. Гэта лёгкія і простыя вершы. Але мозг не толькі лянівы, ён яшчэ і не любіць, калі яму штосьці навязваюць. Ён міжвольна дастае той самы малюнак і пачынае на ім крэмзаць. Вось таго чалавека ўсё хваляць, і хваляць, і хваляць, і сунуць мне ледзь не кожны дзень, як Купалу ці Коласа, як кіслую капусту, як тлусты боршч. Хопіць. Усё. Табу.

Гэта я зараз разважлівы і пазітыўны. Ну, мне так падаецца. А доўгі час я жыў літаральна на эмоцыях. Эмоцыі рухалі мной, гаварылі мной, маўчалі мной, а затым на пэўны час сыходзілі і пакідалі пустым і без нейкага сэнсу. Ці, мабыць, сэнс быў. Знайсці каго–небудзь жывога, сапраўднага, пасядзець і паразмаўляць ці проста пасядзець, запоўніць сябе жыццём гэтага чалавека. Добра, што жыў у агульніку і вакол пастаянна былі людзі, за якіх можна было трымацца. Так я ўпершыню трапіў да Ірышы. Зайшоў у пакой і з парога абвясціў свае мэты (успамінаць дзіўна і смешна). Яна адрэагавала спакойна, працягнула газету, прапанавала нейкі артыкул па псіхалогіі і больш не звяртала ўвагі. Я пасядзеў, пачытаў, мне не спадабалася. Я ж чакаў зусім іншага.

Першая сустрэча атрымалася сцяной да сцяны. Першая сустрэча. Выдыхаю і вяртаюся да Тамары Іванаўны. Я быў у класе трэцім, калі ледзь не наляцеў на яе ў школьным калідоры. Звычайна, я ў школе паводзіў сябе ціха і спакойна, вельмі рэдка можна было мяне прыцягнуць да перапынкавых нашэнняў–галашэнняў. У той дзень атрымалася. Я ледзь не наляцеў на незнаёмую настаўніцу. Усё было б нічога, калі б не яе позірк. Яна так паглядзела, што я ледзь не праваліўся праз падлогу ўніз, адкуль можна не вяртацца. Я ледзь пачуў, як яна спытала маё прозвішча, але выразна пачуў, як яна яго паўтарыла і дадала: «Вось ты які». А я быў зусім не такі, але растлумачыць нічога не мог. Мы пабачылі адно аднаго менавіта такімі. Я патрапіў у гэтую дзіўную камеру, спінай да сцяны, і не ведаў, як з яе збегчы.

Пушкін! Пушкін! Пушкін! Адчуйце сябе Маякоўскім. Такім сабе Маякоўскім–Разіным. Я адчуваў. Я не разумеў, навошта нам Пушкін і чаму ён. Няўжо нельга вывучаць штосьці больш… Больш якое? Больш класнае? Больш экспрэсіўнае? Напэўна, менавіта экспрэсіі не хапала ў Пушкіна. Не Пушкіну, а нам. Мне. Хацелася чытаць пра боль, радасць, жах, каханне, але каб з разрывам, каб з надломам, каб цябе ламала і ўздымала, пакуль ты чытаеш. Я зноў і зноў углядаўся ў гэтую сцяну і думаў: ну неяк жа людзі праходзяць праз цябе, немагчыма, каб яны ўсе хлусілі, немагчыма, каб Пушкін быў проста раздзьмутым міфам. Але сцяна заставалася сцяной.

Другая сустрэча з Ірышай была іншая. Былі канікулы, і большасць навучэнцаў (то–бок, жыхароў агульніка) раз’ехаліся. Пры гэтым сапраўдная большасць. Засталіся — можа, чалавек дзесяць. Калідоры, паверхі, будынак — усё ператварылася ў закінутасць, у пустэчу і адзіноту. Тую адзіноту, калі не хочаш нават размаўляць, бо пачне адказваць рэха. Я зноў зайшоў да яе. Яна хварэла. Схадзіў на кухню зрабіў гарбаткі. Пабегла размова. У размову ўлезла літаратура. Здаецца, гэта было тады ці пасля. Як вынік — сцены зрабіліся не такімі і безвыніковымі. Проста сцены. На якія можна абаперціся, калі што.

Мозг лянівы. А мы і не супраць. Нам так прасцей. Нам няма патрэбы яго трэніраваць, пінаць яго, як толькі вырашыў заснуць, і прымушаць лавіць кайф ад сваёй дзейнасці. Трава зялёная. Неба блакітнае. Другая сусветная вайна пачалася ў 1939 годзе. Калігула быў вар’ятам. Юда застаўся без прабачэння. Так? Ці не? Жыццё цячэ. Мы не статычныя. Таму і нашы ўспрыманні і ўражанні не маюць права быць статычнымі. Суткі за суткамі мы павінны хадзіць па клетках і абмацваць сцены. Хаця б праверыць іх наяўнасць. На выпускным мы дарылі кветкі ўсім нашым настаўнікам і настаўніцам. Колькасць была роўная, таму патрэбна было размеркавацца. Я з гатоўнасцю выбраў Тамару Іванаўну — мабыць, лепшую настаўніцу, якая ў мяне была.

Прачытаўшы лекцыі па замежнай літаратуры Набокава, я кінуўся прасіць аднаго чароўнага чалавека параіць мне што–небудзь такое пра паэзію. Яна параіла кніжку Гінзбург «О лирике». Цудоўная кніжка. Неверагодная. І так шмат пра Пушкіна. Пра тое, што Пушкін усё жыццё паклаў на прарыў, на стварэнне літаратуры (хочацца параўноўваць з нашым Багдановічам). Да яго літаратура была так далёка ад жыцця, як для нашых школьнікаў часам літаратура Пушкіна. Колькі ён біўся за сваё лепшае, колькі яму даводзілася пісаць, каб падтрымліваць сваё імя, і якая злосць, роспач і адзінота душылі яго ад таго, што ніхто не бачыў яго намаганняў. Хвалілі тое, што простае, звыклае. Хвалілі тое, што хоць аддалена падобна да графаманіі, хаўтуры, папсы. І цкавалі. Я па–новаму змог прачытаць верш Лермантава. Я не змагу па–старому чытаць творы Пушкіна. Бо я бачу іх адтуль. Я бачу фон. Я бачу, якое моцнае на гэтым фоне тое, што для нас так звыкла. Не было б гэтага «звыкла». Як няма цяпер гэтай сцяны паміж мной і вялікім пісьменнікам. Для таго, каб прыбраць яе, мне хапіла крыху больш за дваццаць год знаёмства.

А чым скончылася з Ірышай? Не скончылася і ніколі не скончыцца. Яна стала маім першым сапраўдным сябрам. Самым сапраўдным, самым сябрам. Чалавекам, побач з якім я ўпершыню зразумеў гэтае неверагоднае шчасце — быць шчаслівым. Чалавекам, побач з якім я ўпершыню адчуў узаемнасць шчырасці і поўны давер. Дайце мне кропку апоры… Я знайшоў гэтую кропку. І нават не хачу думаць пра магчымыя «інакш». Мы — назаўсёды. Хоць яна ўжо колькі гадоў у Турыне, а я — у Мінску. Адлегласць — гэта глупства. Адлегласць — гэта тая ж камера з трыма сценамі: дастаткова павярнуцца на 180 градусаў — і ніякіх сцен няма.

Калі я ўпершыню ўзяў у рукі «Маладосць»? Якія сцены сталі між намі пасля першай сустрэчы? Колькі часу спатрэбілася, каб адкінуць першае ўражанне і пачаць абмацваць гэтыя сцены? Напэўна, гэта тэма для іншага тэксту. Ці гутаркі. Але вынік вы ўжо ведаеце.

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».