Вы тут

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя


Хто даўно не быў у раёне брэсцкай набярэжнай уздоўж Мухаўца, яе дакладна не пазнае. Яна (вуліца называецца Набярэжная Францыска Скарыны. — Аўт.) не проста прыбралася да будучага юбілею горада, а літаральна перамянілася.


Цяпер гэта іншая гарадская прастора. У ёй можна заўважыць ноткі заходняга горада, адчуць адгалоскі асаблівага паху паўднёвых курортных гарадоў. У ёй няма шуму-тлуму пешаходнай Савецкай, перанасычанай малымі архітэктурнымі формамі і аб'ектамі грамадскага харчавання. Затое прысутнічаюць спакой, размеранасць і магчымасць сузірання, якія дае блізкасць вады. А старыя дрэвы, удала ўпісаныя ў новы ландшафт, пакідаюць адчуванне парку. Многія гараджане паспелі ацаніць набярэжную і рэгулярна прыходзяць сюды гуляць.

А між тым набярэжная гэта таксама аб'ект тысячагоддзя. Яе добраўпарадкаванне было ўключана ў план па падрыхтоўцы да святкавання юбілею.

За два гады на паляпшэнне ўчастка набярэжнай ад бульвара Шаўчэнкі да вуліцы Леніна накіравана шэсць мільёнаў рублёў. За гэты час рэкрэацыйная зона літаральна пераўтварылася. З'явіліся арыгінальныя лаўкі, новыя пешаходныя і роварныя дарожкі. Тут паставілі вулічныя трэнажоры для заняткаў фізкультурай. Абсталявалі дзіцячую гульнявую пляцоўку. Усталявалі спускі да вады і прычалы для маламерных суднаў. І гэта толькі частка пералічанага, павярхоўны зрэз. Галоўнае, што дадалася нейкая ўтульнасць як неад'емная частка вобраза набярэжнай.

Асабліва яна зайграла, калі вясной тут адкрылі арт-аб'ект — сонечны гадзіннік. Ён складаецца з 16 мініяцюр — славутасцяў абласнога цэнтра. Тут знайшлі сваё ўвасабленне музей «Бярэсце», Холмскія вароты і галоўны ўваход у крэпасць, храмы, вакзал і іншае. Па гэтым гадзінніку можна не толькі вызначаць час, але і вывучаць гісторыю горада, якая вяршыцца і ў год святкавання тысячагадовага юбілею.

Бо менавіта сёлета тут з'яўляецца шмат цікавых рэчаў, яны будуць існаваць і развівацца ў горадзе далей. Ну вось, напрыклад, на пачатку лета свае намаганні аб'ядналі грамадскія арганізацыі і пры падтрымцы адміністрацыі Ленінскага раёна ператварылі невялікі куток набярэжнай у квітнеючы сад у прамым сэнсе. У першую суботу чэрвеня тут быў пасаджаны сад бесперапыннага цвіцення. Клімат, як вядома, змяніўся ў бок пацяплення, таму спецыялісты палічылі магчымым вырошчваць у Брэсце нават тыя расліны, якія раней выглядалі для нас экзатычнымі, напрыклад, разоўнік карэявідны — рэдкі і прыгожы куст. Былі пасаджаны розныя дрэвы і кусты, у тым ліку саджанцы розных відаў дуба.

Не так далёка ад саду радуе малечу прыгожая і арыгінальная дзіцячая пляцоўка, дзе ў пагодныя дні яна адводзіць душу. Для прадстаўнікоў старэйшага пакалення ўстаноўлены лаўкі-крэслы, яны зробленыя з дошак, на іх прыемна прытуліцца спінай і зручна назіраць, як гуляюць дзеці і трэніруюцца дарослыя. Упрыгожвае набярэжную і новы будынак па пракаце катамаранаў ды лодак. Яго ўзвёў прадпрымальнік. Другі інвестар будуе новае кафэ, якое павінна запрацаваць да верасня.

Брастаўчане Ларыса і Сяргей Ахрэмукі прыходзяць на набярэжную фактычна кожны дзень. Вось як яны выказаліся, дапаўняючы адно аднаго: «Мы жывём побач, і ходзім сюды фактычна з таго моманту, як атрымалі кватэру па вуліцы Інтэрнацыянальнай. А цяпер, калі выйшлі на пенсію, гэтая мясціна стала кутком адпачынку, рэлаксу, прыемных успамінаў. Зараз набярэжная змяняецца на вачах. Сюды прыходзіць шмат людзей. Мамы і таты гуляюць з дзецьмі. Што асабліва прыемна, тут захоўваюцца спакой, размеранасць. Мы на Савецкую не пайшлі б, бо там шмат музыкі, яды і напояў, там свайго роду маладзёжная прастора. А тут месца для ўсіх — гэткія «Елісейскія палі», калі хочаце. Нам падабаецца тут гуляць, таму і прыходзім».

Гараджане іншымі словамі агучылі тое, аб чым гаварыў старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК падчас адкрыцця сонечнага гадзінніка. Мэр тады падкрэсліў, што развіццё вуліцы было вызначана ў якасці аднаго з трэндаў горада. У перспектыве па ёй можна будзе дайсці да гарадскога саду, выйсці ў цэнтр і накіравацца далей — у крэпасць. А намеснік старшыні гарвыканкама Мікалай ЯКУБОЎСКІ адзначыў, што мэтай добраўпарадкавання бачыцца набярэжная як зона круглагадовага адпачынку гараджан, такім чынам патокі адпачывальнікаў з вуліцы Савецкай будуць пераразмяркоўвацца сюды. Калі ж рачны порт канчаткова вынесуць за горад, набярэжная працягнецца да Брэсцкай крэпасці і, магчыма, будзе прадоўжана ў адваротным напрамку.

* * *

Брэст актыўна рыхтуецца да свайго юбілею. Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня. Як паведамілі ў гарвыканкаме, гэты час выбраны для зручнасці гараджан: скончацца канікулы, пройдзе пік адпускнога сезона. Напярэдадні святкаванняў, 5 верасня, адбудзецца ІІ Эканамічны форум гарадоў-пабрацімаў і партнёраў Брэста. Свой удзел пацвердзілі прадстаўнікі Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, чакаецца ўдзел бізнесменаў з Ізраіля, ЗША, Кітая.

Мерапрыемствы на любы густ прапануе святочная афіша. Міжнародны дзіцячы фестываль тэатраў і кніг «Кніжная шафа» пройдзе 6 верасня. Вечарам гэтага дня на плошчы Леніна адбудзецца гісторыка-музычная кампазіцыя, прысвечаная пачатку святкавання тысячагоддзя. А на некалькі гадзін раней афіцыйна адкрыюць новую экспазіцыю археалагічнага музея «Бярэсце». Таксама будзе ўрачыста ўведзены ў эксплуатацыю Заходні абыход. Гэта развязка дапаможа разгрузіць ад транспарту цэнтральныя магістралі горада і азначае новы ўзровень якасці жыцця абласнога цэнтра. Таму Заходні абыход можна лічыць галоўным аб'ектам тысячагоддзя.

Кульмінацыяй святкавання стане 7 верасня. У розных частках горада разгорнуцца тэматычныя пляцоўкі. На вуліцах Гогаля і Савецкай запрацуюць кірмашы народных майстроў. На пешаходнай Савецкай будзе панаваць атмасфера творчасці, можна паслухаць канцэрты, наведаць выстаўкі. У парку культуры і адпачынку запланавана свая канцэртная праграма. А вось у парку тысячагоддзя горада будзе закладзена капсула з пасланнем нашчадкам. А 16-й гадзіне пачнецца маляўнічы карнавал. Шэсце пройдзе па праспекце Машэрава і працягнецца па вуліцы Леніна. Галоўная канцэртная пляцоўка размесціцца на Вяслярным канале, дзе ў 20 гадзін пачнецца музычна-гістарычная кампазіцыя «Міленіум». Яна закончыцца феерверкам.

Гулянні ў гонар юбілею працягнуцца 8 верасня. Міжнародны парад аркестраў на вуліцы Леніна зменіць фестываль вулічных тэатраў. А на набярэжнай, якая падрыхтавалася да свята як след, пройдзе фестываль хмелю і соладу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...