Вы тут

Лукашэнка прапаноўвае зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі


У пленарным пасяджэнні VІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ўзялі ўдзел кіраўнікі краін


Падчас свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў розных галінах, асабліва па лініі гуманітарнага супрацоўніцтва і рэгіянальных сувязяў, адзначыўшы агульнасць гісторыі народаў дзвюх краін. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць эфектыўнай маладзёжнай палітыкі і закрануў тэму інтэграцыі.

Сярод іншага Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абдумаць магчымасць падачы сумесных з Расіяй заявак на правядзенне буйных міжнародных спартыўных форумаў. Кіраўнік нашай дзяржавы нагадаў, што краіны ўжо прымалі самыя маштабныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы: леташні чэмпіянат свету па футболе ў Расіі і ІІ Еўрапейскія гульні, што нядаўна адбыліся ў Беларусі.

«Магчыма, нам варта падумаць пра правядзенне падобных спаборніцтваў у рамках адзінай заяўкі Беларусі і Расіі з фінансаваннем за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы. Гэта дазволіць стымуляваць развіццё турыстычнай галіны ў нашых краінах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін са свайго боку прапанаваў сумесна рыхтаваць атлетаў абедзвюх краін з выкарыстаннем спартыўнай інфраструктуры Беларусі і Расіі, у прыватнасці да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа і зімовых у Пекіне.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў таксама, што сувязі паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі складаліся дзесяцігоддзямі і шмат у чым вызначаны агульнасцю гісторыі і чалавечых лёсаў. Ён назваў 75-годдзе зняцця блакады Ленінграда і вызвалення Беларусі, што адзначаецца сёлета, і 75-годдзе Перамогі ў наступным годзе важнымі для яднання беларусаў і расіян, умацавання ідэалагічных асноў Саюзнай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу падкрэсліў, што нашы краіны ўзмацняюць палітычнае і эканамічнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, актыўна ўдзельнічаюць у дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюзу, фарміраванні адзіных рынкаў тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, цесна супрацоўнічаюць у іншых рэгіянальных арганізацыях.

Акрамя таго, Прэзідэнт Расіі паведаміў, што прапрацоўваецца магчымасць выдзялення дадатковых бюджэтных месцаў у расійскіх ВНУ для беларусаў. Па яго словах, цяпер у Расіі на бюджэтнай аснове вучыцца каля чатырох тысяч беларусаў. Для спрашчэння паступлення ў 2020 годзе плануецца праводзіць у Мінску Адзіны дзяржаўны экзамен.

Аляксандр Лукашэнка заявіў і аб наяўнасці прынцыповых дамоўленасцяў з Уладзімірам Пуціным па інтэграцыйнай тэматыцы.


Часу для вырашэння праблем — дастаткова

Аляксандр Лукашэнка прапануе да дваццацігоддзя Саюзнага дагавора ў снежні 2019 года зняць усе праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і Расіі. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу.

«Ніводнай праблемы, я так мяркую, мы не павінны вынесці за межы гэтага тэрміну. Гэта нас прыціскае. Што мы будзем казаць у 20-годдзе? Няма чаго будзе сказаць, калі мы не знімем ўсе пытанні, якія ёсць, і не падпішам праграму, як вызначыць стратэгію нашых сумесных дзеянняў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Яго расійскі калега адзначыў неабходнасць працягнуць дыскусіі, пачатыя яшчэ напярэдадні на нефармальнай сустрэчы, а таксама абмеркаваць пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.

«Мы з Аляксандрам Рыгоравічам вырашылі прааналізаваць усё, што зроблена ў рамках Саюзнага дагавора, што не зроблена, па якіх прычынах. І выпрацаваць прымальныя для нашых краін шляхі далейшага развіцця інтэграцыі», — паведаміў Уладзімір Пуцін.

Ён асабліва падкрэсліў, што Беларусь, безумоўна, — самы блізкі стратэгічны партнёр і саюзнік Расіі. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што часам вырашэнне нейкіх пытанняў затрымліваецца па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах, і проста размаўляць ужо недастаткова.

«Трэба прымаць рашэнне. Ад нас гэтага ўжо чакаюць не толькі журналісты, спецыялісты, але і звычайныя людзі. Гэта праўда. Таму момант характарызуецца тым, што трэба прымаць рашэнне», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Ён паведаміў, што канкрэтныя дзеянні вызначаныя, створана сумесная група на ўзроўні ўрадаў.

«Мы сёння маем праграму — гэта больш-менш стратэгічны дакумент. І мы сёння маем вялікі аб'ём цяперашніх праблем. Група і ўрады гэтыя праблемы бачаць. І праграму выпрацавалі, якая, па ўрадавых ацэнках, на 80—90 % узгоднена», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што без вырашэння канкрэтных пытанняў размаўляць пра стратэгію проста смешна, таму падтрымлівае прапанову ўрадаў адначасова вырашыць усе праблемы да 20-годдзя дагавора.

«Часу аж замнога», — перакананы Прэзідэнт Беларусі.

Двухбаковая сустрэча лідараў апярэдзіла іх удзел у пленарным пасяджэнні VІ Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Напярэдадні прэзідэнты мелі зносіны ў нефармальнай абстаноўцы — наведалі Валаамскі і Конеўскі мужчынскія манастыры, што месцяцца на астравах у Ладажскім возеры. За паездку па святых месцах Аляксандр Лукашэнка асобна падзякаваў Уладзіміру Пуціну.

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».