Вы тут

За волю, за шчасце і долю


75 гадоў таму савецкія войскі пры падтрымцы дзясяткаў тысяч партызанаў вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў


На трыбуне ў час ваеннага парада

Дзень Вызвалення і Дзень Незалежнасці Беларусі мы святкуем 3 ліпеня. Ведаем: у выніку бліскучай Беларускай аперацыі пры ўзаемадзеянні І і ІІІ Беларускіх франтоў і пры падтрымцы партызан 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень і стаў святам вызвалення ўсёй краіны.

Пагадзіцеся, між словамі вызваленне і незалежнасць ёсць сэнсавая повязь. Спрадвечнае жаданне беларусаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі, мець нацыянальную дзяржаву часта выпрабоўвалася на моц. Колькі ўсяго перацярпелі! Калі ўдумаешся, то бліжэй да сэрца ўспрымаеш простыя й глыбокія радкі Уладзіміра Карызны — яны гучаць у Дзяржаўным гімне: “Разам з братамі дружна вякамі/ Мы баранілі родны парог,/ У бітвах за волю, бітвах за долю/ Свой здабывалі сцяг перамог”. І было магутна, калі дзясяткі тысяч людзей ля стэлы “Мінск — горад-герой” спявалі гімн познім вечарам пасля ваеннага параду, масавай тэатралізаванай дзеі “Беларусь гераічная”! У тым вібравала моц усенароднага яднання.

Юбілей Вызвалення беларусы святкуюць годна, і святочныя імпрэзы — прадаўжаюцца, “вызваленчай хваляй” рухаюцца з Мінска на захад, да Брэста: шляхамі Перамогі. Мы аддаём даніну павагі подзвігу ветэранаў, схіляем галовы ў памяць пра тых, хто загінуў, вызваляючы свет ад нацызму. Выступаючы на ваенным парадзе ў гонар Дня незалежнасці, Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў: наша дзяржава мае намер выкарыстоўваць усе рэзервы для аднаўлення спакою ў рэгіёне. Нагадаў, што памяць пра тых, хто змагаўся ў гады вайны, — гэта частка нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. “Мы моцныя ў цяжкасцях. Менавіта ў выпрабаваннях найбольш ярка праяўляецца духоўная сіла беларусаў — сплаў мужнасці, смеласці, імкнення да справядлівасці й гатоўнасці аддаць жыццё, але не стаць на калені, не скарыцца”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па ўсёй краіне ўскладаюцца кветкі, вянкі да помнікаў, абеліскаў, людна ў месцах масавых пахаванняў ахвяраў вайны, на мемарыялах. Праводзяцца памятна-святочныя імпрэзы, ушаноўваюцца ветэраны. Маштабная ўсенародныя акцыя “Беларусь памятае!” — прадаўжаецца.

І з замежжа мы таксама атрымліваем віншаванні ад землякоў. А таксама весткі пра тое, што й па-за Бацькаўшчынай беларусы адзначалі свята. У прыватнасці, падобныя імпрэзы прайшлі дзякуючы актывістам дыяспары ў Іркуцкай вобласці (пра тое рыхтуем тэкст), у эстонскай Нарве (матэрыял у гэтым нумары). “Дзень Незалежнасці Беларусі — гэта сімвал нашага адзінства, і дзе б ні жылі — адчуваем сябе ў гэтыя святочныя дні разам з Бацькаўшчынай, — напісала ў рэдакцыю з Волгі Людміла Дзёміна, ураджэнка Бабруйска, кіраўніца Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Нёман” гарадской акругі Тальяці. — Важна зберагаць пераемнасць пакаленняў, паважаць традыцыі папярэднікаў — бо яны ж дапамагаюць нам зберагчы, прымножыць усё добрае й каштоўнае, што назбіралі, заваявалі ў змаганнях з ворагамі, абараняючы й вызваляючы родную зямлю нашы бацькі, дзяды, прадзеды”.

Спадарыня Людміла віншуе ўсіх беларусаў, чытачоў “Голасу Радзімы” з Днём Вызвалення, з Днём Незалежнасці. Жадае міру, шчасця, здароўя, дабрабыту, поспехаў у справах на карысць Бацькаўшчыны. Расказвае, што 2 ліпеня ў тальяцінскім філіяле Самарскага Дома дружбы народаў беларуская суполка правяла імпрэзу “Помні іх імёны”. “Яна прысвячалася 75‑годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — удакладняе. — Паказалі дакументальны фільм пра вызваленне Беларусі ў ваенныя гады, відэафільм пра яе цяперашняе жыццё. А потым выступілі народны ансамбль беларускай песні “Купалінка”, харэаграфічны ансамбль “Танцмейстер «Бегония»” і Алена Агібалава — выкладчыца Дзіцячай школы мастацтваў імя М. Балакірава”. На свята беларусы запрашалі ветэранаў. Сярод іх былі Аляксей Іванавіч Рыбакоў (у мінулым вязень Асвенцыма) і Генадзь Цімафеевіч Шаўрын (у вайну вязень канцлагера, што стварылі захопнікі на чыгуначнай станцыі “Лясная” пад Баранавічамі). Яны віншавалі тальяцінскі беларусаў, усіх у зале з Днём Вызвалення Беларусі, Днём Незалежнасці. Цёпла ўспаміналі-гаварылі пра Беларусь і беларусаў. Працавала выстава кніг, альбомаў, іншых друкаваных выданняў пра Беларусь. А канцэрт прайшоў на адным дыханні: “Дзеці-гледачы пад вясёлыя беларускія песні танцавалі, а дарослыя нам падпявалі”. Мастацка-патрыятычны праект “Помні іх імёны” прадоўжыцца да канца года. Імпрэзы яшчэ пройдуць восенню ў Культурным цэнтры “Автоград”, у 9‑й школе і 48‑й гімназіі горада.

Артысткі ансамбля “Купалінка” цяпер у новых строях

Яшчэ Людміла Дзёміна згадала ў допісе, што яе бабуля Кацярына Салановіч у вайну дапамагала партызанам. А на здымках бачна, што народны ансамбль беларускай песні “Купалінка” на гэты раз выступаў у новых касцюмах. “І касцюмы новыя, шыкоўныя, і песню мае артысткі новую спявалі: “Родная старонка”, — удакладніла зямлячка. — Я спявала “Два сыны”. Касцюмы шылі майстрыхі ў Мінску — па замове Мінкультуры й Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Гэта ручная праца!”. За тое, што цяпер гурт “нібы з карцінкі”, кіраўніца суполкі ўдзячна кіраўніцы РЦНК Вользе Антоненцы й супрацоўніцы Цэнтра Валянціне Грышкевіч, Міністру культуры Юрыю Бондару ды Васілю Чэрніку (дарадцу Пасла Беларусі ў Расіі). Васіль Мечыслававіч сам вёз касцюмы з Мінска ў Маскву, іх потым пераслалі ў Тальяці. Важнае звяно ў тым ланцужку — і кіраўнік аддзялення беларускага Пасольства ў Уфе Пётр Іванавіч Балтруковічу. “Мы ўвесну будзем пацвярджаць званне “Народны самадзейны калектыў”, і важна мець добры сцэнічны выгляд, — удакладніла Людміла. — Калі ўпершыню абаранялі званне, то я ўжо была ў такім касцюме: яго нам падарылі ў 2015 годзе Леанід Гуляка з Аляксандрам Сасновічам. (Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў ды кіраўнік аднаго з аддзелаў апарата Упаўнаважанага. — Рэд.) Верым, што званне — пацвердзім!”

Я б не засяроджваў на тых касцюмах увагі, ды, аказваецца, 13 жаночых строяў і кашулю-вышыванку для хлопца ў Тальяці з Бацькаўшчыны даслалі на пачатку чэрвеня. Беларусь зрабіла падарунак артыстам суполкі “Нёман” напярэдадні свята! І касцюмы — запатрабаваныя. Сказаў бы: працуюць на станоўчы імідж краіны. Людміла напісала, што марыць у 2020‑м з гуртом прыехаць у Мінск, паўдзельнічаць у чарговым Фэсце мастацтваў беларусаў свету. І ўжо рыхтуецца новы рэпертуар. А сама яна сэрцам — на Бацькаўшчыне. Як глядзела відэатрансляцыі з Купалля, фэсту “Александрыя запрашае сяброў”, то згадвала, як і яе “Купалінка” там гасцявала. Тое ж і з бабруйскім фэстам “Вянок дружбы”: “Ну проста сэрца маё спявае ад захаплення: як усё прыгожа й годна!”.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».