Вы тут

Калі чалавек становіцца кнігай. Што такое «Жывая Бібліятэка»?


Любы твор складаецца з пэўнай гісторыі: кароткай ці доўгай, сумнай ці вясёлай. Адна можа адгукнуцца ў сэрцах многіх, другая — не зачэпіць нікога. А вось аповеды ў «Жывой Бібліятэцы» заўсёды запамінаюцца «чытачам», бо «кніга» — сам чалавек з непаўторным жыццёвым досведам, сваім ладам жыцця...

У «Жывую Бібліятэку» можа прыйсці кожны. Выбраць сабе «твор» і слухаць яго, гутарыць, задаваць пытанні на працягу адведзенага часу. Чалавек-«кніга» можа прадстаўляць пэўную прафесію, рэлігію, нават сексуальную арыентацыю. Мэта незвычайнай бібліятэкі — узаемаразуменне паміж людзьмі рознага светапогляду, пазбаўленне ад стэрэатыпаў і навязанага іншымі меркавання.


Ка­ман­да «Жы­вой Біб­лі­я­тэ­кі».

Гісторыя ўзнікнення праекта

Фармат пад арыгінальнай назвай Human lіbrary ўзнік у Даніі ў 2000 годзе. Арганізатарам стала асацыяцыя Stop The Vіolence («Спынім гвалт»), якую стварылі падлеткі яшчэ ў 1993 годзе. На іх сябра накінуліся з нажом на вуліцы, ён цудам выжыў. І, пакуль той ляжаў ў бальніцы, таварышы сталі думаць, што менавіта яны могуць зрабіць, каб зменшыць узровень гвалту паміж людзьмі. А ў 2000 годзе іх запрасілі на музычны фестываль Roskіlde Festіval з просьбай правесці мерапрыемствы, якія дапамаглі б дасягнуць узаемаразумення паміж удзельнікамі. Так і прыдумалі «Жывую Бібліятэку». Ахвотныя маглі выбраць «кнігу» і размаўляць з ёй. Дзякуючы гэтаму на працягу некалькіх дзён паміж сабой кантактавалі сотні самых розных людзей, якія б наўрад ці сталі гутарыць у звычайных абставінах.

На плакаце з мерапрыемства быў надпіс «Не судзіце кнігу па вокладцы... асабліва калі гэта не кніга», які пазней стане дэвізам сусветнага руху. Пасля фестывалю фармат сталі прасоўваць, пашыраць і развіваць, і ў рэшце рэшт ён распаўсюдзіўся і прыжыўся больш чым у 75 краінах свету.

Калі і як рух прыйшоў у Беларусь?

У нас «Жывая Бібліятэка» ўпершыню запрацавала ў кастрычніку 2014 года ў Мінску. Тады мерапрыемства арганізавалі Марына Штрахава, Марыя Лукашук і Вольга Арцёмчык. Знаёмства з рухам адбылося выпадкова і нечакана, калі Марына, тады яшчэ студэнтка, паехала ў Польшчу на Study Tours. Яе зацікавіў і ўразіў фармат, які дазваляе вельмі проста расказваць пра дастаткова складаныя тэмы, дыскрымінацыю ў грамадстве. Пасля вяртання дадому дзяўчына распавяла пра праект усім сябрам, якія падзялілі яе захапленне. Аднак ідэя выспявала ў сэрцах яшчэ два гады: заміналі іншыя справы. У 2014-м дзяўчаты нарэшце напісалі дацкім арганізатарам, каб атрымаць дазвол на правядзенне «Жывых Бібліятэк» у Беларусі, выкарыстанне лагатыпа і іншых матэрыялаў. Датчане з радасцю згадзіліся.

На першым мерапрыемстве сабралася 50 чалавек. «Гэта не былі нашы знаёмыя, блізкія людзі: прыйшлі тыя, хто заўважыў аб'яву ў інтэрнэце, — кажа Марына. — І тады мы зразумелі, што ўсё робім правільна, трэба развівацца далей». Першымі «кнігамі» сталі невідушчая, беларускамоўны, вегетарыянцы, той, хто захапляецца посткросінгам, медыятар, занятая ў «сексе па тэлефоне» і іншыя. Потым была далейшая актыўная фаза: набор валанцёраў, распрацоўка канцэпцыі, пашырэнне геаграфіі.

Хто можа стаць «творам»?

Чалавек з унікальным досведам. Той, хто адрозніваецца ад іншых, хто можа зазнаць дыскрымінацыю, цкаванне, каго не разумеюць і баяцца. Хто належыць да сацыяльнай групы, у дачыненні да якой існуюць стэрэатыпы. Прадстаўнік спецыфічнай прафесіі, стылю жыцця, светапогляду. Той, хто чуе ў свой бок: «Сам(а) вінаваты(ая)!», «З такімі так і трэба!» Важна, каб «кніга» не баялася весці шчыры дыялог, была гатовая цалкам раскрыцца, гаварыць пра набалелае, даказваць, што быць іншым — нармальна.

Для таго каб стаць «кнігай», трэба запоўніць заяўку, у якой напісаць назву «твора» (пра што будзеце расказваць), коратка распавесці пра свой досвед, расказаць гісторыю, назваць прычыну, па якой узнікла жаданне стаць «кнігай», а таксама выбраць, з якой аўдыторыяй будзе зручней за ўсё працаваць (з групай 5—8 чалавек, 2—3 чалавекі, толькі з адным чытачом ці ў закрытым ад іншых памяшканні).

У планах — пашырэнне

Доўгі час «Жывая Бібліятэка» існавала як ініцыятыва. У ліпені 2017 года супольнасць атрымала рэгістрацыю ў Мінгарвыканкаме. Цяпер у яе восем арганізатараў і больш чым пятнаццаць валанцёраў. Туды людзі прыходзяць працаваць на шчырым энтузіязме, бо мэты супольнасці супадаюць з іх мэтамі.

За чатыры гады праведзена больш за сто «Жывых Бібліятэк», прынята больш за 5,5 тысячы чалавек.

Супольнасць пачала дзейнічаць яшчэ ў пяці гарадах: Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Гродне, Маладзечне. Кожны рэгіён працуе самастойна, мае сваіх арганізатараў і ўласныя «знаходкі».

Напрыклад, у адной з апошніх сталічных «Жывых Бібліятэк» «кнігамі» былі фрылансеры; нарказалежны ў рэмісіі; чалавек, які перажыў рак; мама мадэлі з сіндромам Даўна; бісексуалы; практыкуючы будыст і шмат іншых. Акрамя ўласна «Жывых Бібліятэк», арганізатары прыдумалі і іншыя праекты: «Шчырыя размовы», калі людзі таксама гутараць паміж сабой, але на адну выбраную тэму, «Сацыяльныя гульні»... У планах — яшчэ больш фарматаў, пашырэнне аўдыторыі, а таксама развіццё руху ў рэгіёнах.

Юлія АДАМОВІЧ

Загаловак у газеце: Кожны чалавек — ён як кніга...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».