Вы тут

Сакрэты добрага адпачынку ад Дзмітрыя Кахно


Сонца, пляж, вандроўкі, лецішча... Лета кожны хоча правесці незабыўна. Якім яно было ў дзяцінстве ў папулярнага тэлевядучага, як ён любіць бавіць яго цяпер? Дзе і як адпачывае? Пра гэта суразмоўнік расказаў нам у невялікім інтэрв'ю.


— Вы нядаўна былі на Кіпры. Мяркуючы па фотаздымках у Іnstagram, даўно займаецеся віндсёрфінгам...

— Каля сямі гадоў. Шчыльна, напэўна, тры. Галоўныя ў маім жыцці віды спорту (пляжны валейбол, більярд і віндсёрфінг) паказалі бацькі яшчэ ў дзяцінстве. Валейболам я захапіўся, калі мама ўзяла мяне, паўтарагадовага, на трэніроўку, падавала мяч і разбіла мне нос. (Смяецца.) У більярд пачаў гуляць у дзевяць гадоў, калі ў бізнес-цэнтры побач з домам адкрылася адпаведная школа і мяне туды паклікалі бясплатна. З віндсёрфінгам — падобная гісторыя. Мой айчым быў адзін з нешматлікіх людзей у Беларусі, хто займаўся гэтым відам спорту яшчэ ў савецкія часы. Дошка называлася «Мустанг», велізарная, чырвоная, цяжэнная. Я памятаю, як мы адпачывалі на Нарачы: пачынаецца навальніца, людзі бягуць з возера. А айчым, штурхаючы двухколавую тачку, бяжыць з рыштункам да вады, каб паплаваць, уварочваючыся ад маланак і хваляў. І я таксама захацеў займацца віндсёрфінгам. Апошнім часам люблю гэтую неверагодную самоту на вадзе. Вельмі дапамагае пры маёй публічнай прафесіі. Дарэчы, віндсёрфінг вельмі цяжкі ў асваенні. Гадамі на дошцы трэба пакутаваць, каб развучыць нейкія элементарныя рэчы.

— Пра што вы думаеце, калі плывяце ў моры?

— Часам спяваю песні. Часцей за ўсё — Фрэнка Сінатру: «My way», «Fly me to the moon». А пра што думаю? У гэтым і плюс віндсёрфінга, што ты не паспяваеш думаць. Стаіш на дошцы, якая пад табой пастаянна круціцца, трымаеш у руках ветразь, што спрабуе вырвацца... І таму ўсё, чым ты заняты, — гэта пошукі гармоніі паміж вадой і ветрам. Віндсёрфінг — выдатная магчымасць для арганізма расслабіцца: усе свае рэсурсы мозг мабілізуе на занятак спортам.

Дарэчы, і ў Беларусі можна займацца віндсёрфінгам. Вецер дзьме на возеры Нарач, у Навалукомлі і на Мінскім моры — там у нас свая адносна невялікая супольнасць віндсёрфераў «Экстрым» і станцыя, дзе трэніруецца беларуская алімпійская зборная (там мы захоўваем свой рыштунак).

— Для вандровак выбіраеце толькі цёплыя краіны?

— У іх звычайна праходзіць мой зімовы адпачынак. Улетку падарожнічаю вельмі рэдка, таму што перакананы — гэта найлепшы час у Беларусі. Гэта ж проста кайф!

— А ў дзяцінстве летам што любілі рабіць?

— Канікулы былі класічныя — альбо дача, альбо піянерскі лагер. Уласна, дзякуючы апошняму адбылася мая трансфармацыя з інтраверта ў відавочнага экстраверта.

— І як, цікава, лагер паспрыяў гэтаму?

— Першы раз я не пазнаёміўся ні з адной дзяўчынай за ўсю змену. Думаў, чаму? Вырашыў, што дзяўчаты не звяртаюць увагу на ціхіх, сціплых і добрых хлопцаў. Трэба быць больш яркім, весёлым і смялейшым. Прайшоў год. Перад тым як ехаць зноў у лагер, я пайшоў у сэканд-хэнд, купіў велізарную майку амаль да калена і клятчастыя штаны-трубы. Тады гэта было вельмі модна. Карацей, на новую змену ў лагер я прыехаў вельмі круты. І ў першы ж вечар пазнаёміўся з дзяўчынай. Лагер — гэта выдатная школа сацыялізацыі. Першая дыскатэка там выглядае як? Дзеці разбітыя на дзве групы — дзяўчынак і хлопчыкаў. І ніхто ні з кім не танцуе павольны танец, хоць усе хочуць. Я, навучаны горкім вопытам мінулай змены, у першы ж вечар падышоў да самай прыгожай дзяўчынкі і запрасіў яе. А ўжо ў канцы дыскатэкі прапанаваў ёй сустракацца. І гэта спрацавала!

— У вас сын Платон, яму год і тры месяцы. Як ён бавіць летні час?

— Спіць уначы і два разы ўдзень. Выдатна сілкуецца і вучыцца ў гэтым свеце жыць. У спёку праводзіць час на лецішчы разам з Надзяй (жонкай. — Аўт.). Час ад часу яны прыязджаюць да мяне на пляжны валейбол на Мінскае мора, дзе я амаль кожны дзень. Там Платон жыве сапраўдным жыццём цудоўнага маленькага чалавека.

— Дык як добра правесці самую лепшую пару года, па версіі Дзмітрыя Кахно?

— Адправіцца на Мінскае мора і гуляць у пляжны валейбол або паспрабаваць нешта новае і экстрэмальнае, напрыклад той жа віндсёрфінг. Пракаціцца на скейце да работы і назад. І прыслухацца да парады нашага Прэзідэнта — завесці дзіця ў наступным годзе. (Смяецца.) Таму што дзеці — гэта шчасце.

Ганна ВАРОНКА, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Самы лепшы час у Беларусі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.