Вы тут

Якім чынам праходзіць адбор байцоў у будаўнічы атрад «Эўрыка»


Па выніках работы ў працоўным семестры за мінулы год найлепшым будаўнічым атрадам краіны стала «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза В. І. Яронькі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. І гэта чацвёрты раз! А шчыравалі хлопцы на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы. Якім чынам праходзіць адбор байцоў у атрад і якія прафесіі найбольш запатрабаваныя? Пра гэта мы даведаліся ў капітана «Эўрыкі» Івана САЎЧАНКІ.


— Наш атрад паедзе сёлета ў Астравец шосты раз. Падчас набору ахвотных увага аддаецца многім паказчыкам: узросту, паспяховасці навучання, здароўю, наяўнасці будаўнічай спецыяльнасці і нават жыццёвай пазіцыі. Самымі запатрабаванымі з'яўляюцца бетоншчыкі, маляры, геадэзісты, арматуршчыкі, муляры. Работа бывае цяжкая, таму на будоўлю не бяруць дзяўчат, хоць у расійскіх атрадах яны сустракаюцца.

Іван расказвае, што працоўны дзень можа доўжыцца або восем гадзін, або дванаццаць. У атрадзе фіксаваная колькасць чалавек — не больш за дваццаць. Трапляюць на будоўлю не ўсе ахвотныя: летась конкурс складаў пяць чалавек на месца.

— Радуе, што звычайна байцы прыходзяць у атрад падрыхтаваныя да работы. Увогуле ў нашым універсітэце знаходзіцца ў складзе студатрада лічыцца прэстыжным, таму многія хочуць сюды патрапіць. Да таго ж гэта дадатковыя грошы, а для некаторых студэнтаў — першыя самастойна заробленыя ў жыцці, — кажа Іван.

Акрамя работы, у байцоў ёсць і вольны час, які заўсёды праходзіць актыўна. Правядзенне мерапрыемстваў, спартыўныя гульні, напісанне песень, вершаў і многае іншае — тыповыя заняткі хлопцаў увечары. У «Эўрыкі» ёсць свой сцяг, сімвал і асаблівая традыцыя — прысвячэнне ў байцы будаўнічага атрада.

— Работа для нас пачынаецца ў пачатку ліпеня, доўжыцца да канца жніўня. Звычайна мы прачынаемся а палове шостай раніцы, а сёмай гадзіне ўжо на месцы. Дарэчы, працуем не толькі на АЭС, а і ў самім горадзе: узводзім бальніцу, жылыя дамы, — працягвае суразмоўнік.

Іван дадае, што не ўсе аказваюцца гатовыя да спёкі і вялікіх аб'ёмаў работы. У такія моманты і патрэбен камандзір побач, каб падтрымаць словам і дапамагчы дзеяннем. Але ёсць і прыемны бонус — гэта час, праведзены разам.

— Ніхто не ходзіць з сумным тварам, не зайздросціць калегам і не канкурыруе, — кажа ён. — Усе роўныя, бо сабраліся дзеля адной справы. Пасля працоўнага семестра часта сустракаемся ў вольны час і на розных мерапрыемствах.

— На рабоце ў Астраўцы летась я быў упершыню, — кажа выпускнік інжынерна-будаўнічага факультэта ПДУ Дзмітрый ШЧАРБЯНОК. — Для мяне гэта карысны досвед, бо ён па маёй спецыяльнасці. Каб у далейшым стаць добрым кіраўніком, трэба прайсці ўсе ступені развіцця па кар'ернай лесвіцы.

Студэнт трэцяга курса таго ж факультэта Павел МАШКАЛА пра магчымасць уступіць у атрад даведаўся ад суседзяў па інтэрнаце. Яны запэўнілі хлопца, што гэты вопыт будзе вельмі карысны. Зрэшты, матывацыя стымулявала Паўла на працоўныя подзвігі і ў папярэднім годзе.

— Спачатку было цяжка прызвычаіцца да ранніх пад'ёмаў, але праз тыдзень мы прачыналіся ўжо раней за гадзіннік. Уражанне ад летняга заезду засталося прыемнае, хачу і надалей працаваць у будатрадзе, — упэўнены хлопец.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: «Эўрыка»: прэстыжна, карысна, цікава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.