Вы тут

Маладая бібліятэкарка расказвае пра сакрэты працы


Уявіце, што вам васямнаццаць гадоў. Вы заканчваеце каледж, і наперадзе толькі невядомасць. У галаве процьма пытанняў. Куды размяркуюць? Як без сям'і, адной у чужым горадзе?

Усе гэтыя пытанні задавала сабе Ганна Гаручка мінулай вясной, калі атрымала дыплом бібліятэкара ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Дзяўчына павінна была знайсці для сябе месца адпрацоўкі. І тут вельмі своечасова прыйшла інфармацыя, што ў невялікі гарадок недалёка ад Мінска патрабуюцца работнікі. Аня тут жа патэлефанавала ў смалявіцкую Цэнтральную раённую бібліятэку. Дамовілася, і першага жніўня мінулага года ўжо выйшла на работу ў якасці маладога спецыяліста.


— Ганна, кожны дзень да цябе прыходзяць людзі, якія любяць чытаць. А ты сама як ставішся да гэтага занятку? У цябе ёсць любімая кніга?

— Любоў да чытання з'явілася ў восьмым класе. Мне пашанцавала, бо ў школе літаратуру выкладала вельмі добрая настаўніца. З ёй было цікава аналізаваць творы, даведвацца пра займальныя факты з біяграфіі аўтараў. Так, у мяне ёсць кніга, якая зачапіла асабліва моцна. Яе мне параіла сяброўка. Гэта раман «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робертса. Яна захапіла мяне тым, што ў ёй апісваецца жыццё самога аўтара.

— І ты вырашыла пайсці вучыцца на бібліятэкара?

— Зусім... не. У школе я захаплялася спортам. Мне прапанавалі ўступіць у жаночую футбольную каманду Магілёва. Я пагадзілася пераехаць з роднай вёскі Шаламы Слаўгарадскага раёна ў горад. А каледж мастацтваў абрала таму, што ён... знаходзіўся блізка да спартыўнага цэнтра, у якім я павінна была трэніравацца. Аднак з футболам не склалася. Я перастала хадзіць на трэніроўкі ўжо на першым курсе. А вось навучанне бібліятэчнай справе не кінула.

— Уступленне ў сапраўднае дарослае жыццё было хвалюючым для цябе?

— Спачатку мне было вельмі страшна. Іншы горад, так далёка ад дома. Баялася, што не спраўлюся з работай, не пасябрую з калегамі. Аднак калектыў трапіўся цудоўны. Працуем дружна, падмяняем адно аднаго, калі трэба. Да самастойнага жыцця прызвычаілася досыць хутка, бо яшчэ падчас вучобы ў Магілёве жыла ў інтэрнаце.

— А якім было першае ўражанне пра горад-спадарожнік сталіцы?

— Смалявічы мне адразу спадабаліся. Асабліва прырода тут прыгожая. Але што датычыцца месцаў для «выхаду ў людзі»... Выбрацца асабліва няма куды. Добра, што Мінск побач. Гэта кампенсуе недахоп забаўляльных месцаў для моладзі, крам адзення, касметыкі. Для мяне як для маладой дзяўчыны гэта вельмі важна. Але я ведаю, што ў нас будуецца гандлёвы цэнтр, у якім будзе ўсё неабходнае. Вельмі чакаю яго з'яўлення.

— Што наконт жылля? Маладым спецыялістам даецца інтэрнат?

— Так, жыву з дзяўчынай у пакоі ўдзвюх. Кошт, дарэчы, не вельмі вялікі — каля сарака рублёў. Інтэрнат задавальняе. У мяне патрабаванні сціплыя, дах ёсць — і выдатна. Я лічу, што ўсё залежыць ад цябе самога. Ты ахайны чалавек — і ў пакоі будзе чыста і прыгожа. А калі не, дык ніякія еўрарамонты не дапамогуць.

— Раскажы пра сваю работу. Што ўваходзіць у твае службовыя абавязкі?

— Працую я ў чытальнай зале. У асноўным праводжу дзень у аддзеле ПЦПІ (публічны цэнтр прававой інфармацыі). Сюды часта прыходзяць студэнты ў пошуках адпаведнай літаратуры, у асноўным тыя, хто вучыцца на юрыста. Таксама бываюць пенсіянеры, служачыя. Звяртаюцца па запыты ў «Эталон» — прававы партал.

Чытальная зала ў нас карыстаецца папулярнасцю, ёсць пастаянныя наведвальнікі. Я ніколі не думала, што змагу запомніць іх імёны, а тым больш асабістыя чытацкія нумары! Але калі чалавек прыходзіць часта, нават магу адгадаць, што ён возьме сёння.

Яшчэ я праводжу мерапрыемствы ў гімназіі, расказваю пра законы, правы дзіцяці. З навучэнцамі нашага аграрна-тэхнічнага ліцэя абмяркоўваем правапарушэнні. Звычайна ладжу віктарыны. Напрыклад: «Што бывае за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы?» Або абмяркоўваем законы іншых краін.

Ці бываюць у наведвальнікаў нейкія асаблівыя запыты?

— Аднойчы да нас прыходзіла жанчына, якой была патрэбна раённая газета «Край Смалявіцкі» за мінулае стагоддзе! Гэта было не так проста. Я ўпэўнена, што яна пісала нейкае краязнаўчае даследаванне.

З просьбай знайсці стары нумар якой-небудзь газеты звяртаюцца часта. Заўсёды цікава, навошта людзям выпускі такой даўніны. Я неяк спытала. Адказалі, што ў тым нумары быў надрукаваны артыкул аб прабабулі чытача.

— Ці збіраешся заставацца ў горадзе і ў бібліятэцы, калі пройдуць два гады адпрацоўкі?

— Загадваць не буду, розныя здараюцца абставіны. Сёлета я планую паступаць у Акадэмію МУС на юрыста. Калі ўсё складзецца, буду працаваць у гэтай галіне. А цяперашнім працоўным месцам я задаволеная.

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка І курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».