Вы тут

Агонь той не згасае


Хоць другія Еўрапейскія гульні закончыліся, але застаюцца вялікім святам у нашай памяці і сэрцах


Святло “Полымя міру” прайшло па ўсёй Беларусі, гарэла ў Купальскую пару ў чары Нацыянальнага Алімпійскага стадыёна “Дынама” — і не знікла бясследна. Мы ж ведаем: пасля правядзення спаборніцтваў такога ўзроўню дзятва масава ідзе ў спартсекцыі: там пачатак шляхоў на алімпійскія п’едэсталы.

Помніцца, і мне перамогі мроілася, калі ў тры гады бацькі аддалі мяне на мастацкую гімнастыку. Пэўна, мамін досвед імі рухаў, і дарэчы ў жыцці ёй прыйшоўся. Гадоў шэсць я была ў дзіцячым спорце. Згадваю часам атмасферу спартзалы з яе велізарным зялёным дываном, на якім увесь час бегалі-разміналіся-расцягваліся ў шпагат “мастачкі”. Гэта быў асобны сусвет, асобная вялікая сям’я. Там свае правілы, нават, сказала б, “законы гравітацыі”. Чым далей крочыш па зялёным дыване, тым больш адчуваеш: тваё звычайнае жыццё засталося за вокнамі, яно цябе ўжо не кранае. Глядзіш на рухавых дзяўчынак, і ўнутры як нейкі маторчык заводзіцца. Ён дапамагае мне таксама перамагаць стомленасць, ляноту. Падштурхоўвае: яшчэ, ну яшчэ трошкі, ну яшчэ разік… Каб штораз вышэй ці даўжэй, ад іншых — не адстаць, а лепш і перагнаць.

Згадваючы трэніроўкі, першыя крокі ў спорце, магу сабе ўявіць, колькі адрэналіну кіпіць у маладой крыві, колькі эмоцый перапаўняе тых, хто выступае на такіх, як у Мінску, міжнародных спаборніцтвах! Там кожны — адзін супраць усіх (не кажу пра камандныя віды). І ў той жа час — такі ж самы, як сотні іншых, што жывуць вялікім жаданнем: перамагчы сябе, абставіны, супернікаў.

Як раней было — не будзе

Купальская пара, у якую Мінск, уся краіна жылі другімі Еўрапейскімі гульнямі (з 21 па 30 чэрвеня), неяк змяніла маю самасвядомасць. Як забыць высокі напал эмоцый, агонь барацьбы, а таксама атмасферу паўсюднай святочнасці, добразычлівасці? Але ж не толькі гэта… Мне ўдалося адчуць, як можна пераўзыходзіць сябе звычайную. Як кажуць у такіх выпадках: такой ужо не буду, як раней. І, пэўна ж, падобныя пачуцці перажываю не толькі я — усе, хто дакрануўся да Свята, да Агню самаўдасканалення.

Напярэдадні Гульняў я брала інтэрв’ю ў Васілісы Марзалюк. Яна — шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету, Еўропы па вольнай барацьбе. Чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў 2015-га, а цяпер і 2019 года. Гутарылі мы ў зале барацьбы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, у мінскім прыгарадзе.

Васіліса рыхтавалася ў поўную моц, хвіліны вольнай не мела, і я падстроілася пад яе графік. У той, знаёмай мне атмасферы спартзалы накацілі дзіцячыя ўспаміны. Згадала, як у час практыкавання ў мяне выскачыла з рукі булава ды так балюча трэснула па галаве! З усіх сіл я стрымлівала слёзы й працягвала выконваць элемент — бо гэта ж былі адкрытыя заняткі, на нас глядзяць бацькі, трэнер. Пачуццё адказнасці — ого, сіла! Яна стрымала, не дазволіла ні спыніцца, ні расплакацца, хаця мне ж і васьмі не было. Так, спорт усіх дысцыплінуе, і ўнутраны стрыжань, пэўна, мацнее ў нас ад вось такіх перамог над сабой.

Я спытала: ці памятае Васіліса першае сваё спаборніцтва. “Не, — адказала, — але памятаю пераломны момант. Нас у камандзе было 10, рыхтаваліся да спаборніцтваў. Трэнер казаў: “Ірына, ты павінна змагацца вось так і так… Святлана, ты — вось гэтак. Каця, Юля — малайцы, вы павінны перамагчы. Васіліса… Ну… табе мы ніякіх задач не ставім”. Мяне гэта закранула. Не памятаю дакладна, як змагалася ў той раз, але было вельмі цяжка. У канцы зусім паплыла, ледзь на нагах трымалася, але — перамагла, і на п’едэстале стаяла. Мне было важна даказаць трэнерам: я ж таксама нешта магу! З таго моманту ў мяне й пачалося сур’ёзнае спартыўнае жыццё”.

Васіліса прызналася мне, што не збірае ўсе свае ўзнагароды. Кожны год яна “абнульвае” перамогі, і пачынае з чыстага ліста. Калі “напіша” ўсе старонкі ў сваёй спартыўна-жыццёвай “кнізе”, што потым? “Калі пайду са спорту, займуся прадпрымальніцкай дзейнасцю. І яшчэ — грамадскай, звязанай з барацьбой. Так я змагу аддзячыць усім, хто паўплываў на маё паспяховае развіццё”.

Васіліса Марзалюк змагла ў Мінску заваяваць “золата”, як і наша Ірына Курачкіна. Чэмпіёнак з перамогай павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. На шляху да фіналу “мая Васіліса” расправілася з вельмі моцнымі суперніцамі (мы ўсёй сям’ёй трымалі за яе кулачкі!), а потым сышлася ў вырашальнай схватцы з немкай Фрэнсі Рыдль. І перамагла бліскуча: 9:0! У бліц-інтэрв’ю журналістам казала: “Я адчувала вялікую адказнасць, але ведала, што спраўлюся! Што б ні здарылася! Верыла, што не можа быць нейкіх форс-мажораў. Ішла па перамогу! Тым больш спаборніцтвы дома, на трыбунах — блізкія. Хацела іх парадаваць. Было хвалююча”.

Пазней стала вядома: Васіліса Марзалюк у праекце “Алімпійскі шлях”, які рэалізуе Прэзідэнцкі спартыўны клуб, падтрымала комплексную СДЮШАР Лагойска. Паколькі спартсменка ўзнялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару Еўрапейскіх гульняў у другі раз, то змагла зрабіць свой выбар, куды Прэзідэнцкі спартклуб пералічыць 15 тысяч рублёў. Грошы, вырашыла, пойдуць у яе родны Лагойск.

Сіла, што яднае

Праз Васілісу “ўлілася” ў гульнёвую плынь і я. З вялікай цікавасцю, хваляваннем сачыла за спаборніцтамі па вольнай барацьбе. Мы ўсёй сям’ёй чакалі выхаду “нашай Васілісы” на барцоўскі дыван. Пераскоквалі з аднаго тэлеканала на другі, не ведаючы: на якім яе будуць паказваць. Неяк трапілі на трансляцыю мужчынскай барацьбы, на дыване — прадстаўнікі Турцыі ды Украіны. Васьмігадовая дачка Яська разгубілася: яе родзічы жывуць у абедзвюх краінах. Пытае: “І за каго я павінна балець?” Сын, якому шэсць, таксама задумаўся — і прапанаваў: “Будзем балець за ўсіх!”. Так разам і спасцігалі мы, што хаця спорт і мае жорсткія правілы, але ў глыбінным сэнсе няма ў ім “чужых”, а тым больш “ворагаў”. Ён аб’ядноўвае людзей. Мы ж усе й спачуваем спартсменам, і скачам ад радасці ў моманты перамог. Тая сіла яднання, мусіць, дапамагае мацнейшым выйграваць. Пра тое й Васіліса Марзалюк казала журналістам пасля закрыцця Гульняў. Яна купіла білеты на спаборніцтвы ўсім родзічам і сябрам, што жывуць у замежжы. Каб адчуваць іх падтрымку, казала. І адчувала! І перамагла!

Пра пачуццё агульнай радасці сярод заўзятараў распавядала мне й сяброўка Наталля, якая трапіла на спаборніцтвы па веславанні, што праходзілі на Грабным канале ў Заслаўі. Бачыла такое “ў рэале” ўпершыню. Колькі было эмоцый, калі беларускі выйгралі залатыя медалі: Марына Літвінчук — на кароткай дыстанцыі (200 метраў), Вольга Худзенка — на 5000, і разам яны ўзялі золата на байдарцы-двойцы — на 500‑метроўцы! Наталля мне прызнавалася, што пасля ўбачанага “захварэла” Гульнямі, пайшла на “Дынама” — падтрымаць і нашых лёгкаатлетаў: “На самой справе, не важна, які гэта від спорту. Я бачу на свае вочы спартсмена і разумею, што ён прадстаўляе мяне! Бо я атаясамліваю яго з Беларуссю, маёй Радзімай. А значыць, мы — часткі адзінага цэлага. Такі ход думак, пачуццяў спараджае фантастычныя эмоцыі, асаблівы гонар за Бацькаўшчыну. І калі побач сядзіць чалавек, гучна пляскае ў далоні — то й я таксама. Не таму, што “так трэба” — гэтая хваля яднання проста захліствае цябе. Бачу: там крычаць немцы, крыху далей — шведы… Усім спартсменам у вырашальны момант патрэбныя нашы эмоцыі. А беларускім — канкрэтна мая падтрымка: бо мы ж адзіныя. Яны вяслуюць па хвалях супраць ветру — і я быццам задыхаюся… Аж не дыхаеш, узіраешся: ну што там?.. Апярэджвае? Адстае? Даплывае? Секунды ў скронях пульсуюць. У такія “моманты ісціны” адчуваецца нейкая саборнасць: усе хвалююцца. А калі аб’яўляюць пераможцаў, то ўскокваюць у адзіным запале: і той, хто купіў квіток за вялікія грошы, і той, хто яго проста выйграў. І ўсе разам крычаць: “Бе-ла-русь!”.

Я не бачыла тыя баталіі на свае вочы, але й з тэлеэкрана той энергетычны імпульс — адчувальны. І ці можа быць інакш! Як не перажываць за тых, хто змагаецца за нашу Беларусь! Не забыць, як наш Дзяржаўны сцяг зноў і зноў падымаўся ўверх, і гімн Беларусі гучаў шмат разоў. Наша краіна (выступаў 221 спартсмен) заняла другое месца ў выніковым агульным медальным заліку (на першым — Расія, на трэцім — Украіна), узяўшы 69 узнагарод. Мы — моцныя, калі разам!

Мінск — гасцінны гаспадар

Не толькі ў спарткомплексах Мінска, на стадыёне “Дынама” гучалі галасы заўзятараў, часам ад эмоцый пераходзячы на шэпат. Здарылася такое і з “асіплай ад шчасця” мамай чэмпіёнкі Вольгі Худзенкі: ад наплыву пачуццяў яна страціла голас. Бывалі ў заўзятараў і пераходы ад радасці да плачу: у СМІ на фотаздымках трапіў момант, як жонка самбіста, ураджэнца Жодзіна Івана Аніскевіча расплакалася, калі той перамог у схватцы з украінцам Дзмітрыем Еўдашэнкам, заваяваў бронзавы медаль.

Увогуле, “гудзеў” увесь Мінск, прыбраўшыся “ва ўсё святочнае” — як гасцінны гаспадар. Фан-зоны ў сталіцы забаўлялі гасцей і жыхароў Беларусі рознымі тэматычнымі імпрэзамі. На пляцоўцы ля Палаца спорту штодзень была прадстаўлена культурная праграма розных краін-удзельніц Еўрапейскіх гульняў. Музыка, спевы гучалі дзень і ноч. Па воднай гладзі мінскіх вадаёмаў павольна плавалі прыгожыя кветкавыя кампазіцыі з нацыянальным кларытам. Клумбы ля аўтадарог і цяпер яшчэ размаляваныя рознакаляровай мармуровай крошкай з сімволікай Гульняў — Папараць-кветкай. На агароджах уздоўж галоўных праспектаў — Незалежнасці ды Пераможцаў — нагадвалі пра падзею металічныя фігуркі, што сімвалізавалі спартсменаў-плаўцоў, весляроў, фігурыстаў… Пры ўездах у горад усіх вітаў трохметровы Лесік, трымаючы ў руцэ шыльду: “Сардэчна запрашаем”. А ўвечары паўсюль гарэла святочная ілюмінацыя, прыцягвалі ўвагу арт-аб’екты з алюмініевага пракату у выглядзе навагодніх шароў, падарункавых каробак, беларускіх жывёл і, вядома, эмблемы Гульняў.

Многія ганаровыя госці казалі: да маштабнай падзеі беларуская сталіца падрыхтавалася — як мае быць. Мы ўсе стараліся! І зразумела чаму. Бо мы, беларусы, — народ гасцінны. Прывеціць, з усім лепшым, з хлебам і соллю сустрэць госця — гэта ў нас, як кажуць, у крыві. Мне падаецца, маштабны спартыўны форум, які ўпершыню прайшоў у Беларусі, прыдаў і новы сэнс паняццю яднання. Мы яшчэ глыбей адчулі: неабавязкова “быць разам” — супраць кагосьці. Куды прыемней аб’ядноўвацца, як тое спрадвеку рабілі нашы продкі на Купалле, на Каляды, на Дажынкі ды іншыя святы — для радасці.

Аліса Гюнгер

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ, БЕЛТА, sb.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.